Латвія ўпершыню ўзначаліць Савет Бяспекі ААН
- 1.11.2026, 17:21
Рыга надасць увагу вайне РФ супраць Украіны.
Латвія з 1 лістапада ўпершыню ў гісторыі прыступіць да выканання абавязкаў старшынства ў Савеце Бяспекі ААН тэрмінам на адзін месяц, паведаміла прэс-служба МЗС краіны.
На працягу гэтага месяца Рыга будзе старшыняваць на ўсіх афіцыйных і неафіцыйных пасяджэннях Савета Бяспекі.
«Старшынства ў Савеце Бяспекі — гэта момант, калі краіна найбольш заўважная ў Савеце Бяспекі ААН. Уклад Латвіі ў працу Савета Бяспекі ААН заўсёды быў паслядоўны і мэтанакіраваны, але мы, вядома, максімальна эфектыўна скарыстаемся гэтым старшынствам, адстойваючы інтарэсы і каштоўнасці Латвіі, павышаючы пазнавальнасць краіны і дэманструючы адказную пазіцыю», — заявіла пасол Латвіі пры ААН Саніта Павлута-Дэсландэс.
Яна адзначыла, што Латвія «прыкладае ўсе намаганні», каб вайна РФ ва Украіне заставалася адным з прыярытэтных пытанняў парадку дня Савета Бяспекі. «Галоўнай задачай Латвіі ў Савеце Бяспекі ААН з’яўляецца ўмацаванне бяспекі Латвіі, у тым ліку праз аказанне падтрымкі Украіне», — дадала пасол.