27 красавiка 2024, Субота, 7:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NEWSru.com: Перад «капітуляцыяй» Масква двойчы прынізіла Лукашэнку

48

Перад уступленнем у сілу дамовы аб Мытным саюзе расейскае ТБ нанесла беларускаму дыктатару падвойны ўдар.

У эфір тэлеканала НТВ выйшаў фільм «Хросны бацька» з абвінавачваннямі ў адрас беларускага лідэра - ён ужо трапіў у Сетку. Адначасова з выкрыццём «апошняга дыктатара Эўропы» выступіў дзяржаўны тэлеканал Russia Today, перадае NEWSru.com.

Беларуская дэлегацыя, якая прыбыла ў Астану, абураная падобнай абразай, піша «Хартыя'97». Незадаволенасць выказалі і ў беларускай амбасадзе ў Маскве. У той жа час афіцыйны Менск не спяшаецца сварыцца з Масквой з-за фільма, аўтары якога фактычна абвінавацілі Лукашэнку ў арганізацыі забойстваў сваіх палітычных праціўнікаў.

У прыватнасці, у фільме НТВ гаворыцца аб загадкавай смерці віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Беларусі Генадзя Карпенкі, выкраданнях і забойствах былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, віцэ-спікера Вярхоўнага Савета, былога кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара, журналіста Дзмітрыя Завадскага, бізнэсмена і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага. Журналісты ўключылі ў рэпартаж архіўныя інтэрв'ю з выкрадзенымі апазіцыянерамі і іх сваякамі і наўпрост абвінавачваюць ва ўсім гэтым улады краіны.

Акрамя таго, расказваецца пра тое, што Расея аддавала мільярды на падтрымку рэжыму Лукашэнкі. Прыводзяцца таксама выказванні беларускага кіраўніка аб тым, што ён хваліць Гітлера і збіраецца арыентавацца на Нямеччыну 1930-х гадоў у плане дзяржаўнага ладу. У самой Беларусі фільм не быў паказаны, затое яго ўжо выклалі ў Сетку.

Мноства пытанняў узнікае нават не па змесце фільма, а з нагоды выбару часу для яго паказу. Беларуская дэлегацыя ўспрыняла гэта як наўмысны ціск. «Некаторыя расейскія тэлеканалы, якія толькі намінальна з'яўляюцца незалежнымі, але на самой справе ўсім вядома, як і кім яны кіруюцца, фактычна вылілі цэбары бруду на кіраўніка дзяржавы і Беларусь у спробе аказаць беспрэцэдэнтны інфармацыйны ціск», - заявіла крыніца ў дэлегацыі агенцтву БелТА.

Беларускія чыноўнікі і дыпламаты не сумняюцца, што за гэтым фільмам стаіць вышэйшае кіраўніцтва Расеі. «Чорны піяр і хлусня ў дачыненні да Беларусі выглядаюць цалкам арганізавана. Гэта тым больш дзіўна, улічваючы тое, што нас запрашаюць быць саюзнікамі і партнёрамі ў Мытным саюзе», - падкрэсліла крыніца.

На думку беларускага боку, гэты крок вельмі непрадуманы з боку расейскай улады, так як рэжысёры ставяць у нязручнае становішча, у першую чаргу, свайго прэзідэнта Дзмітрыя Мядзведзева. У амбасадзе Беларусі ў Маскве выказалі надзею, што гэты фільм не адлюстроўвае афіцыйнай пазіцыі Расеі, сказаў прэс-аташэ Віталь Сліўка ў інтэрв'ю радыёстанцыі «Эхо Москвы».

«Высоўваць такія здзеклівыя абвінавачванні ў адрас кіраўніка дзяржавы - недапушчальна і злачынна. Гэта домыслы, якія не маюць пад сабой глебы, і набор каментароў, якія з кантэксту выкінулі. Сумна, што гэта было паказана ў прайм-тайм на федэральнай канале», - падкрэсліў Сліўка.

Russia Today раптам узгадаў пра «апошняга дыктатара Эўропы»

Зрэшты, варта адзначыць, што ўвесь свой гнеў прадстаўнікі Беларусі вылівалі ў адрас НТВ, хаця гэты канал быў не адзіным, хто абрынуўся з крытыкай на кіраўніка суседняй сяброўскай дзяржавы. Тэлесюжэт пад назвай «Апошні дыктатар Эўропы» выйшаў напярэдадні на тэлеканале Russia Today.

У ім таксама выкрываюць усе грахі Лукашэнкі, на якія ўвесь гэты час Расея чамусьці заплюшчвала вочы. Адным з лейтматываў абедзвюх ролікаў з'яўляецца тое, што беларускі лідэр нібыта здрадзіў свайму бліжэйшаму саюзніку і партнёру.

«Да апошняга часу адносіны паміж Масквой і Менскам былі сяброўскімі. Аднак складваецца ўражанне, што ў галаве Лукашэнкі нешта пераклініла... І цяпер яго былыя саюзнікі - нумар адзін у спісе яго галоўных ворагаў», - гаворыцца ў сюжэце. У віну ставіцца «флірт з Захадам» і агрэсія ў бок Расеі.

«Чорная пляма» для Лукашэнкі

Між тым расейская грамадскасць была здзіўленая паказаным на НТВ фільмам ніколькі не менш беларускай. СМІ ў РФ выказваюць свае здагадкі адносна прычын з'яўлення падобных тэлерэпартажаў. Бадай, галоўным з'яўляецца меркаванне, што такі «чорны піяр» звязаны з будучымі выбарамі прэзідэнта Беларусі і з'яўляецца свайго роду намёкам на тое, што Расея, якая ўвесь гэты час падтрымлівала Лукашэнку, больш гэтага рабіць не будзе.

«Ці то мытны саюз, які быццам збіраліся падпісаць, ужо не патрэбны? Ці то разлік на скандал у Астане - бацька наўрад ці змаўчыць. Па адкрытых каналах у Беларусі кіно, вядома, не паказалі, але ёсць і міжнародная грамадскасць. Ці гэта залп - прыстрэлка перад будучымі ў суседняй краіне выбарамі?», - піша Ганна Качкаева ў сваім блогу на радыё «Свабода».

З такім меркаваннем выступіў журналіст Павал Шарамет у інтэрв'ю «Беларускаму партызану», назваўшы гэты фільм «чорнай плямай» ад расейскіх уладаў Лукашэнку: «Ведаючы сістэму прыняцця рашэння на расейскіх тэлеканалах, я абсалютна ўпэўнены, што гэта была чорная пляма Аляксандру Лукашэнку. Фільм НТВ, вядома, не столькі журналісцкі, а прапагандысцкі прадукт, але зроблены ён быў гэтак, нібы хтосьці хацеў растаптаць Лукашэнку. Толькі жадання аўтараў для гэтага відавочна было б недастаткова».

Пры гэтым, у цэлым, гледачы фільма сыходзяцца на думцы, што аўтары сабралі ўсе вядомыя факты пра ціск у Беларусі, скампанавалі іх у адзін відэарад і абвінавацілі Лукашэнку ледзь ці не ва ўсіх смяротных грахах, не прапусціўшы і яго асабістае жыццё. «Я адчуў шок. Мяне цяжка западозрыць ў любові да Лукашэнкі, але тое, што я ўбачыў, перасягнула ўсе мае чаканні ад фільма. Аўтары не пакінулі ад рэпутацыі беларускага прэзідэнта каменя на камені», - заявіў Павал Шарамет, аўтар двух дакументальных фільмаў пра зніклых у Беларусі людзей «Дзікае паляванне» і «Дзікае паляванне. Працяг».

Лукашэнка, што застаўся без казыроў, мусіў падпісаць дамову аб Мытным саюзе

Нагадаем, што ў пятніцу Кодэкс Мытнага саюза паміж трыма краінамі ўступіў у сілу. Першы віцэ-прэм'ер РФ Ігар Шувалаў заявіў, што адзіная эканамічная прастора павінна запрацаваць з 1 студзеня 2012 года. Мытныя пошліны на нафту і нафтапрадукты будуць знятыя для Беларусі пасля падпісання і ратыфікацыі Менскам усяго пакета дакументаў аб стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы.

«У яго не засталося ніякіх казыроў на руках, гульня стала прадказальна набліжацца да канца», - заявіў кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка. Падтрымка Расеі ў дачыненні да адмены пошлін на нафту з'яўляецца асноўнай мэтай Лукашэнкі перад будучымі выбарамі, бо «для яго на гэтым будуецца эканамічны і сацыяльны дабрабыт», падкрэсліў беларускі палітолаг, дэкан факультэта паліталогіі Эўрапейскага гуманітарнага універсітэта Віктар Марціновіч.

Між тым Расея, мяркуючы па ўсім, таксама не збіраецца спыняцца на дасягнутым і наступ на Лукашэнку пачынаецца яшчэ і ў харчовай прамысловасці, адзначае «Свабодная прэса». Рассельгаснагляд вырашыў правяраць беларускае мяса на наяўнасць у ім радыёактыўных элементаў. Упершыню за 15 гадоў ведамства атрымала інфармацыю пра тое, што жывёла пасецца на тэрыторыях, забруджаных выбухам на Чарнобыльскай АЭС. На думку экспертаў, эфект ад гэтага кроку можа быць параўнаны з наступствамі «малочнай вайны» 2009 года.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках