Расея і Беларусь не могуць падзяліць сумніўную ўласнасць
2- 14.02.2012, 15:21
Расея і Беларусь да гэтага часу не могуць урэгуляваць пытанні, якія тычацца уласнасці саюзнай дзяржавы.
Аб гэтым заявіў старшыня Падліковай палаты Расеі Сяргей Сцяпашын на сумесным паседжанні калегіі Падліковай палаты і Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі ў аўторак у Менску, перадае РІА Новости.
«Гэтая праца так і не завершаная. Да гэтага часу нарматыўна не ўрэгуляваныя пытанні ўліку, ацэнкі і кіравання актывамі саюзнай дзяржавы, не вызначаны орган кіравання ўласнасцю саюзнай дзяржавы», - сказаў Сцяпашын.
У сваю чаргу намеснік дзяржсакратара СД Альберт Сцяпанаў, які прысутнічаў на паседжанні калегіі, заявіў, што дадзеная праблема мае месца па віне расейскіх чыноўнікаў.
«Напрыклад, спадар Шаталаў (Сяргей Шаталаў - намеснік кіраўніка Мінфіна РФ) і іншыя асобы ставяць пад сумнеў уласна саюзную дзяржаву, яе суб'ектнасць. Гэта пацвярджаецца дакументальнымі фактамі, і мы накіравалі пра гэта ліст кіраўніку расейскага ўрада, Пуціну», - заявіў Сцяпанаў.
Ён таксама паведаміў, што саюзныя чыноўнікі звярталіся да прэм'ера РБ Міхаіла Мясніковіча з просьбай вывучыць магчымасць стварэння спецыяльнага органа па ўліку уласнасці саюзнай дзяржавы.