24 красавiка 2024, Серада, 14:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Масавая акцыя ў цэнтры Менска: беларусы супраць фальшывых "выбараў"

172
Масавая акцыя ў цэнтры Менска: беларусы супраць фальшывых "выбараў"

Былы палітвязень Мікалай Статкевіч зладзіў сустрэчу з выбарцамі на плошчы Свабоды.

Экс-кандыдат у прэзідэнты запрасіў на акцыю і Аляксандра Лукашэнку, папярэдне пералічыўшы пяць вострых пытанняў, адказы на якія беларусы хацелі б атрымаць ад яго.

Паводле звестак журналістаў, у акцыі ўзялі ўдзел больш за тысячу чалавек.

Сайт charter97.org вёў анлайн-трансляцыю з мерапрыемства.

18:50 Арганізатары акцыі абвясцілі аб яе завяршэнні і заклікалі прыходзіць на наступныя мітынгі. Людзі не спяшаюцца разыходзіцца з плошчы, маюць стасункі паміж сабой. І журналісты, і ўдзельнікі мітынгу адзначаюць, што сёння на акцыю прыйшло нашмат больш людзей чым на аналагічныя мерапрыемствы, якія праходзілі ў верасні раней.

18:45 Каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Максім Вінярскі таксама заклікаў да байкоту "выбараў". Паводле ягоных слоў, дыктатар сам байкатуе большую частку беларускага народа і ягоныя інтарэсы.

18:40 Арганізатары пікету паведамілі пра найбліжэйшыя акцыі апазіцыі: 4 кастрычніка адбудзецца мітынг супраць стварэння на тэрыторыі Беларусі расейскай авіябазы, а 10 кастрычніка - чарговая сустрэча з выбарцамі. Абодва мерапрыемствы пачнуцца на плошчы Свабоды а 17:00.

18:39 На адным з удзельнікаў акцыі - саколка з надпісам "Лукашэнка, вярні тое, што скраў". З гэтым лозунгам Мікалай Статкевіч ішоў на выбары ў 2010 годзе. У многіх удзельнікаў у руках або на вопратцы налепкі "Байкот".

18:36 На плошчы Свабоды - больш за тысячу чалавек. Многія людзі далучыліся да акцыі, калі ўбачылі, што яе ўдзельнікаў не затрымліваюць.

18:35 Адзін з прысутных трымае ў руках самаробны плакат з надпісам "Лукашэнку - пад трыбунал".

18:32 Супрацоўнік міліцыі паспрабаваў перашкодзіць выступу палітыкаў. У адказ людзі сталі скандаваць "Ганьба".

18:28 Лідар АГП Анатоль Лябедзька заклікаў прысутных быць назіральнікамі на "выбарах" і фіксаваць рэальную яўку, паведамляе "Радыё Свабода".

18:25 Многія прысутныя скандуюць "Плошча" у адказ на пытанне, што рабіць 11 кастрычніка. Са сцэны прызываюць у гэты дзень "з'ездзіць да цешчы, на рыбалку, ці ў лес за грыбамі".

18:25 На плошчы раздзімаюцца сцягі грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" і Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

18:19 Лідар АГП распавёў, чаго баяцца беларускія ўлады. "Мы бачым слабое месца кіраўніка. Упершыню з'явіліся агітацыйныя пікеты Лукашэнкі. Мы атрымалі інфармацыю аб тым, што сябры выбарчых камісій ходзяць па кватэрах і ўгаворваюць людзей прыйсці на "выбары". Мы бачым, што яны баяцца, што людзі будуць ігнараваць іх, - сказаў Анатоль Лябедзька. - Для ўладаў сёння самае важнае - каб мы прыйшлі на ўчасткі. Таму ігнараванне "выбараў" - самы моцны інструмент супраць рэжыму".

18:15 Уладзімір Някляеў заявіў аб небяспецы расейскай вайсковай базы для суверэнітэту Беларусі. "Лукашэнка загадзя ў Маскве здаў нашу краіну", - сказаў палітык.

18:11 Супрацоўнікі міліцыі складаюць пратакол на Мікалая Статкевіча, абвінавачваючы яго ў правядзенні "несанкцыянаванага мерапрыемства".

18:09 На плошчы Свабоды - каля 500 чалавек.

18:04 Мікалай Статкевіч нагадаў удзельнікам акцыі пра тое, для чаго яны сабраліся. "Чакаем Лукашэнку, каб ён адказаў на нашы пытанні", - сказаў палітык.

18:02 Прысутныя разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі, скандуюць "Жыве Беларусь", "Лукашэнку - за краты".

18:00 На плошчы Свабоды прысутнічае каля 100 актывістаў апазіцыі. Сярод іх - былыя кандыдаты ў прэзідэнты Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў, адзін з сустаршыняў аргкамітэта ў стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Максім Вінярскі, лідар прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў.

Аб сустрэчы выбаршчыкаў, якая рыхтуецца, прысвечанай 21 годзе кіравання Аляксандра Лукашэнкі, Статкевіч абвясціў на сумесным з Уладзімірам Някляевым і Анатолем Лябедзькам пікеце 10 верасня ля менскага ГУМа. На гэта мерапрыемства былы палітвязень запрасіў і самога прэзідэнта. Палітык сфармаваў пяць пытанняў, якія ён хацеў бы задаць Лукашэнку.

Сутнасць першага: ці збіраецца Лукашэнка ўтрымліваць уладу "да сваёй смерці"? Другога: ці з'яўляецца выкраданне вядомых палітыкаў прычынай, праз якую дыктатар імкнецца "любым коштам заставацца пры ўладзе, каб не несці адказнасць за тое, што адбылося". Трэцяе пытанне тычыцца таго, ці гатовы Лукашэнка ахвяраваць дзяржаўнасцю Беларусі дзеля ўтрымання ўлады. Чацвёрты - пра пагаршэнне ўзроўню жыцця, развіцця грамадства і дзяржавы за перыяд ягонага праўлення. Пяты - пра наўмысную русіфікацыю беларусаў і забарону нацыянальных сымбаляў.

Напісаць каментар 172

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках