6 траўня 2024, панядзелак, 5:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Лукашэнку пара звальваць

120
Мікалай Статкевіч: Лукашэнку пара звальваць
ФОТА: EPA

Рэжым у Беларусі — поўны банкрут.

Адзін з лідараў беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч распавёў charter97.org аб падрыхтоўцы акцыі пратэсту апазіцыі ў дзень 20-годдзя антыканстытуцыйнага перавароту ў Беларусі.

- На днях вы з Уладзімірам Някляевым апавясцілі Менгарвыканкам аб правядзенні акцыі. Менавіта апавясцілі, а не папрасілі дазволу. Якой была рэакцыя чыноўнікаў?

- Рэакцыю іх я не мог бачыць з аднае прычыны. Мы палічылі, што асабісты кантакт будзе занадта вялікім гонарам для людзей, якія пастаўленыя незаконнай уладай. У выканкаме ёсць спецыяльная паштовая скрыня і мы кінулі туды апавяшчэнне. Маглі б па пошце адправіць, але вырашылі што нават марку на іх расходаваць - занадта вялікі гонар.

Мы з Уладзімірам Някляевым выканалі пастанову Рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу, якая была прынятая яшчэ ў верасні і пацверджана ў кастрычніку. Мы скарысталіся нашымі канстытуцыйнымі правамі, таму што ў Беларусі няма легітымнага парламента і легітымнага заканадаўства. Мы павінны карыстацца канстытуцыйнымі нормамі, якія без змяненняў дайшлі да нас з 1996 года, а таксама практыкай нашага еўрапейскага рэгіёну. Там звычайна за пяць дзён папярэджваюць пра намер правесці акцыю.

- Чаму ў сённяшніх умовах важна выйсці на гэтую акцыю?

- Справа ў тым, што 20 гадоў таму Лукашэнка цалкам захапіў і ўзяў пад кантроль усю ўладу. У нармальных краінах улада дзеліцца: выканаўчая ў аднаго інстытута, заканадаўчая - у парламента, судовая - у незалежнай судовай сістэмы.

Гэты чалавек груба парушыў прысягу. Змена ўлады законным спосабам у Беларусі стала немагчымай. Гуляць з Лукашэнкам у «выбары» - значыць, гуляць у яго гульню. Ён кантралюе выбарчы працэс і ніколі не «намалюе» працэнт меншы, чым яму патрэбны.

Фактычна, усе дзяржаўныя органы сталі органамі аднаго чалавека. Гэта не беларуская міліцыя - гэта міліцыя Лукашэнкі, гэта КДБ Лукашэнкі, чыноўнікі Лукашэнкі. Ён падстаўляе людзей, якія думаюць, што служаць дзяржаве. У іх нават званні такія: не палкоўнік міліцыі, а палкоўнік міліцыі Лукашэнкі. Вось у такую сітуацыю ён паставіў дзяржаву.

Да чаго гэта прывяло - мы гэта бачым цяпер. Ён даволі доўгі час гандляваў кавалачкамі нашага суверэнітэту. Хацеў увесь суверэнітэт аддаць, але ў 1999 годзе мы яго спынілі. Тады ён кавалкамі непрыкметна пачаў прадаваць. За кошт гэтага карміў сваіх чыноўнікаў, сілавыя структуры. Але цяпер гэтая схема ўжо не працуе. Наша эканоміка ўжо падышла да мяжы, пры якой канкурэнтаздольнасць на ўсіх рынках немагчымая. Беларусь бяднее, беларусы з'язджаюць за мяжу, пагаджаюцца на любую працу, каб хоць неяк выжыць. Да гэтага нас давёў адзін чалавек, які зрабіў сваю ўладу нязменнай.

Мы нічога не зробім з гэтым, калі не выйдзем на пратэст. Улады і далей будуць лічыць, што з намі так можна. Давядуць беларусаў да сапраўднага голаду. Гэтая ўлада паважае толькі сілу, а калі даеш ім адпор - пачынаюць спыняцца. Калі не бачаць адпору - працягваюць адбіраць больш і больш.

Калі беларусы хочуць выжыць як нацыя, Лукашэнку трэба спыніць. І першы крок да гэтага – паказаць, што нас яго праўленне «дастала», што мы хочам нармальнай дзяржавы, нармальнай сістэмы ўлады і магчымасці гэтую ўладу мяняць.

А ўсё астатняе, што ён паказвае цяпер Захад, яго так званыя «выбары» - гэта для дурняў. Або для людзей подлых і нізкіх, якія робяць выгляд, што тут магчымыя нейкія «мірныя перамены» ў рамках рэжыму Лукашэнкі, што адбудзецца «цуд» і ён так арганізуе свае «выбары», што яго раптам пераабяруць. Разумны чалавек у такое не паверыць. А тыя, хто кажа пра гэта ў Беларусі і на Захадзе – гэта проста альбо блазны і клоуны, альбо правакатары. Апошнім часам у іх пайшла мода хадзіць «парачкамі».

Не варта звяртаць увагі на такіх людзей. Вядома, было б прасцей, калі б якім-небудзь чынам ціха-мірна, на выбарах або неяк інакш, мы змянілі сітуацыю ў Беларусі. Але рэальнасць такая: калі адзін чалавек захапіў усю ўладу ў краіне, ён не дазволіць сябе «перавыбраць» ніколі. І тыя, хто ўцягвае нас у гэтую гульню – свядома ці несвядома працуюць на рэжым.

Гэта няпросты шлях: сабраць мужнасць у кулак і пайсці на Плошчу. Але без гэтага не будзе ніякіх пераменаў у Беларусі.

24 лістапада а 18.00 на плошчы Свабоды ў Менску пройдзе мірная акцыя з патрабаваннем вярнуць уладу народу. Я не думаю, што ўлады пойдуць на нейкія брутальныя крокі: у Лукашэнкі банальна няма грошай. Гэта эканамічная і палітычная мадэль збанкрутавала, і ён вымушаны жабраваць па ўсім свеце. Таму ўлады, сціснуўшы зубы, будуць проста назіраць за нашым пратэстам. Баяцца іх не варта, ды і баяцца ўжо няма чаго: калі паглядзець, што нас чакае наперадзе, то выснова адна – трэба выходзіць на пратэст.

Беларусам трэба пазбавіцца ад страху і сказаць Лукашэнку: «Годзе! Вярні нам тое, што скраў: вярні нам дэмакратыю, вярні нам нармальную ўладу, таму што ты даўно яе зганьбіў і «перасядзеў». Пара, як гаворыцца, табе звальваць».

Напісаць каментар 120

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках