23 красавiка 2024, aўторак, 15:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Лідзе ўсталююць помнік князю Гедыміну

10
У Лідзе ўсталююць помнік князю Гедыміну

Трохтонны бронзавы помнік вялікаму князю літоўскаму ўсталююць каля сцен Лідскага замка ў верасні.

У Лідзе ля сцен старажытнага замка ўсталююць трохтонны бронзавы помнік заснавальніку горада - вялікаму князю Гедыміну. Адкрыццё помніка плануецца ў верасні і будзе прысвечанае 75-годдзю Гарадзенскай вобласці, паведамляе grodnonews.by.

- Гэта будзе статуя на высокім пастаменце, князь горада ў вобразе вершніка на кані, і ўсталююць яе на скрыжаванні вуліц Грунвальдскай і Замкавай, каля паўночнай сцяны Лідскага замка, - распавядае намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Пранюк. - Праект рэалізуецца выключна за кошт пазабюджэтных, бязвыплатных (спонсарскіх) ахвяраванняў грамадзян і арганізацый, у тым ліку заробленых лідчанамі на суботніках.

2 кастрычніка 2017 года пастановай Лідскага раённага выканаўчага камітэта быў аб'яўлены конкурс на стварэнне помніка «Заснавальнік замка - князь Гедымін».

Эскізныя праекты помніка прайшлі велізарны конкурс. 8 лютага 2018 года прафесійнае журы з удзелам вядучых скульптараў, архітэктараў і гісторыкаў, а таксама прадстаўнікоў Міністэрства культуры і ўладаў Ліды абрала пераможцу: сумесны праект таленавітых сталічных скульптараў Сяргея Аганава і Вольгі Нячай у супрацоўніцтве з архітэктарам Сяргеем Багласавым. У ліпені эскіз помніка прайшоў узгадненне.

- На апошнім пасяджэнні мастацкай рады аўтары помніка прэзентавалі рабочую мадэль помніка ў маштабе 1:4, якая была прынятая аднагалосна, - распавядае Наталля Леўшунова, начальніца аддзела культуры Лідскага райвыканкама. - Цяпер яе перавозяць на Менскі мастацкі камбінат, дзе да красавіка вырабяць помнік у мяккім матэрыяле ў поўную велічыню. І толькі потым, пасля зацвярджэння мастацкім саветам, выльюць з бронзы.

Са слоў мастака Сяргея Аганава, які стварыў Войта на Ратушнай плошчы ў Менску і Анастасію Слуцкую у Слуцку, помнік Гедыміна - аб'ект міжнароднага маштабу. Вобраз вялікага князя будзе максімальна адпавядаць гістарычнай праўдзе.

У гэты ж час рыхтуецца праектная дакументацыя рэканструкцыі добраўпарадкавання, уладкаванне падмурку і бетоннай часткі пастамента, падсвятлення, заказчык - Лідскае ЖКГ. Усталяваная трохтонная бронзавая скульптура будзе на пастаменце з граніту Ладажскага радовішча бардова-шэрага колеру. Усталяваць помнік заснавальніку Ліды плануюць у жніўні, а адкрыць - у верасні на свяце горада. Падзею прысвецяць 75-годдзю ўтварэння Гарадзеншчыны.

- Гэта даніна павагі да гістарычнай асобы і дзяржаўнага дзеяча, які змог аб'яднаць шматкультурнае і рознамоўнае Вялікае княства Літоўскае, - падкрэслівае Віктар Пранюк. - Ён з'яўляўся адным з самых яскравых прыкладаў мудрага кіраўніка-патрыёта, сімвалізуе справядлівасць і адзінства.

Лідчане аднадушныя ў меркаванні, што помнік Гедыміна ўмацуе культурна-турыстычны патэнцыял рэгіёну і ўзмоцніць патрыятызм новых пакаленняў.

Гістарычная даведка

Гедымін - вялікі князь літоўскі (1316-1341), падчас кіравання якога тэрыторыя ВКЛ павялічылася ўдвая, лічыцца заснавальнікам Ліды: у 1323 годзе ён пачаў будаўніцтва Лідскага замка, вакол якога паступова выраслі паселішчы, увёў назву Ліда ў гістарычныя хронікі. Памяць пра заснавальнікаў горада захоўваецца ў Лідскім гісторыка-культурным музеі, назве бульвара, рэстарацыі, хакейнага турніру, камені, устаноўленым каля касцёла Узвышэнні святога крыжа.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках