17 чэрвеня 2021, Чацвер, 19:28
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Паліна Шарэнда-Панасюк у судзе: Дзякую міжнароднай супольнасці за санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

59
Паліна Шарэнда-Панасюк у судзе: Дзякую міжнароднай супольнасці за санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
ПАЛІНА ШАРЭНДА-ПАНАСЮК

Смелы выступ актывісткі «Еўрапейскай Беларусі».

7 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёна Берасця пачаўся працэс паводле справы актывісткі «Еўрапейскай Беларусі» Паліны Шарэнды-Панасюк. Актывістка з Берасця вядомая сваёй выразнай і непрымірымай пазіцыяй у дачыненні рэжыму Лукашэнкі. Падчас «парламенцкіх выбараў» у 2019 годзе, у якіх яна ўзяла ўдзел, актывістка «Еўрапейскай Беларусі» заявіла на тэлевізіі, што Лукашэнка — дыктатар, а таксама заклікала да яго адстаўкі.

Паліна Шарэнда-Панасюк - рэпетытарка польскай мовы, разам з мужам, актывістам «Еўрапейскай Беларусі» Андрэем Шарэндам, выхоўвае двух непаўналетніх дзяцей.

Як піша nn.by, блізу паловы тых, хто прыйшоў падтрымаць Паліну не змаглі трапіць у залу суда: не выстарчыла месцаў. Праўда, сваякоў пусцілі. Падтрымаць жонку прыйшоў яе муж Андрэй, які знаходзіцца пад хатнім арыштам: у дачыненні да яго распачатыя дзве крымінальныя справы.

АНДРЭЙ ШАРЭНДА
ФОТА: «НАША НІВА»

Міліцыянты катэгарычна забаранілі весці здымку ў судзе нават перад пачаткам пасяджэння.

Акрамя таго, на ўваходзе ва ўсіх патрабавалі выключыць мабільнікі.

Паліну Шарэнду-Панасюк судзяць паводле трох крымінальных справаў: на падставе арт.364 КК (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), арт.368 (абраза прэзідэнта) і арт.369 (абраза прадстаўніка ўлады). Максімальнае пакаранне - да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Пацярпелымі паводле справы праходзяць 7 міліцыянтаў.

«Перад бандытамі не ўстаю»

«Устаньце, калі ласка», - заклікалі ўсіх, калі ў залу ўвайшоў суддзя.

«Перад бандытамі не ўстаю», - адказала абвінавачаная.

«Павінны даваць паказанні стоячы, інакш я магу вас выдаліць», - папярэдзіў суддзя.

Пасля гэтага жанчына ўсё ж устала.

Паліна Шарэнда-Панасюк замужам, маці дваіх непаўналетніх дзяцей (хлопчыкі 5 і 12 гадоў). Працуе рэпетытаркай польскай мовы.

«З якога дня пад вартай?»,- спытаў суддзя.

«Захопленая ў палон 3 студзеня», - адказала жанчына.

Наогул, яна не столькі адказвала на пытанні, колькі абуралася тым, што адбываецца і сітуацыяй у краіне.

«Я вас не ўважаю за суд. Палітычныя рэпрэсіі нічога агульнага з судом не маюць», - неаднаразова паўтарыла яна.

«Хочаце заявіць адвод складу суда?» — спытаў суддзя ў Паліны.

«Вы не суд».

«З якіх прычын?»

«Сталінская тройка, палявая жандармерыя, але вы не суд».

«Вы заяўляеце мне адвод?»- спытаў суддзя.

«Заяўляю ўсёй сістэме», - быў адказ. Шарэнда-Панасюк яшчэ некалькі разоў паўтарыла - вы не суд. І дадала: «Я ўстаю толькі таму, што да мяне могуць ужыць гвалт, як яго ўжывалі ў СІЗА».

Пасля гэтага суддзя выйшаў, каб прыняць пастанову аб адводзе самога сябе. Вынік чаканы: хадайніцтва аб адводзе адхіліць.

Адвакат папрасіў змяніць Паліне меру стрымання на падпіску аб нявыездзе. Пракурор не падтрымаў. Суддзя адхіліў гэтае хадайніцтва.

«Даць адпор бандыту - гонар і абавязак грамадзяніна»

На судзе, калі да яе персанальна не звярталіся, Паліна дэманстратыўна чытала нейкую кніжку.

Суддзя зачытала матэрыялы справы.

«Зразумелае вам абвінавачванне?» - спытала яна.

«Гэта не абвінавачванне, гэта палітычна матываваны пераслед», - сказала Шарэнда-Панасюк. І замест адказу пачала зачытваць маніфест: «Народ - суверэн, ён выбраў кіраўніком дзяржавы Ціханоўскую. У Беларусі развязаная вайна супраць народа, маскавы рэжым выкарыстоўваецца бандытамі для ананімізацыі…»

«Віну прызнаеце?» - спытаў суддзя.

«Падкрэсліваю: тое, што я тут знаходжуся, - гэта палітычна матываваны пераслед. Гэта крымінальная справа, у якой потым вас абвінавацяць. Вы ўдзельнічаеце ў палітычных рэпрэсіях», - сказала Паліна.

«Вы прызнаеце віну?»

«А вы прызнаеце, што ўдзельнічаеце ў палітычных рэпрэсіях?»

«Пытанні суду не задаюць. Вінаватай сябе не прызнаеце?» - яшчэ раз спытаў суддзя.

«Даць адпор бандыту - гонар і абавязак грамадзяніна, - адказала Шарэнда-Панасюк. - Я не абвінавачаная, я палітвязень. Патрабую спыніць гэты цырк».

Затым дапыталі міліцыянтаў, якія выступаюць у судзе «пацярпелымі».

«Дзякую міжнароднай супольнасці за ўвядзенне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі»

Як распавялі міліцыянты ў пастарунку Шарэнда-Панасюк ад тлумачэнняў адмовіўся, замест подпісу напісала: «Факт палітычных рэпрэсій пацвярджаю».

Калі суддзя цікавіўся, ці ёсць пытанні ў абвінавачванай, яна зноў гаварыла пра фальсіфікацыі выбараў.

Голас так званага пацярпелага амапаўца сказілі не да брутальнага гулу, як гэта любяць рабіць у сваіх відэа сілавікі, а наадварот, голас быў падобны на мульцяшны - як калі б амапавец надыхаўся геліем з паветраных шарыкаў.

Ён заявіў пазоў на 2000 рублёў.

Гэты ж «пацярпелы» падаў пазоў: хоча 1500 рублёў.

«Прызнаеце пазоў?» - спытаў суддзя ў Шарэнды-Панасюк.

«Магу толькі павіншаваць гэтых двух мужчын са спосабам, які яны абралі, каб карміць сям'ю, — адказала тая. - Грошы з мяне спагоняць, вы атрымаеце гэтыя 30 срэбранікаў, але яны не прынясуць вам шчасця, узгадайце, як скончыў Іуда».

«Прызнаеце пазоў?» - перапытаў суддзя.

«Не. Гэта не пазоў, гэта рабаванне».

Другі міліцыянт заявіў, што Паліна называла яго і калегу: фашыст №1 і фашыст №2.

Ён таксама заявіў пазоў на 1500 рублёў, бо перанёс «маральныя пакуты».

«Абвінавачаная, пазоў прызнаеце?» - спытаў суддзя.

«Дзякую міжнароднай супольнасці за ўвядзенне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і заклікаю да міжнароднага трыбунала!» - сказала Шарэнда-Панасюк.

«Абвінавачаная, ці ёсць пытанні?»

«Вам не сорамна?— пацікавілася Шарэнда-Панасюк у суддзі.

«Вы не можаце задаваць пытанні суду. Пытанні да сведкі?»

«Вам не сорамна?» - спытала Паліна ў сведкі.

«Пытанне здымаецца».

«Сумленне ёсць?»

«Пытанне здымаецца».

«Як у вочы родным будзеце глядзець?»

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».