Эстонія пабудуе на мяжы з РФ каля 150 бункераў
1- 29.10.2026, 8:49
На дзяржаўным узроўні будуць вучыць моладзь кіраванню дронамі.
Кіраўнік Міністэрства абароны Эстоніі Мартын Херэм заявіў, што краіна ў межах стварэння Балтыйскага абарончага пояса ў Іда-Вірумаа плануе пабудаваць каля 150 бункераў.
Пра гэта паведамляе ERR.
«У ходзе будаўніцтва Балтыйскага абарончага пояса, напрыклад у Іда-Вірумаа (рэгіён Эстоніі, што мяжуе з РФ), плануецца размясціць каля 150 бункераў. 100 з іх будуць знаходзіцца на дзяржаўнай зямлі, а каля 50 — на муніцыпальнай або прыватнай зямлі», — сказаў Херэм.
Ён дадаў, што наконт бункераў, якія будуць пабудаваныя на прыватных землях, уладам трэба будзе дасягнуць дамоўленасці з іх уладальнікамі. Каб вырашыць гэтую дылему, выхадам можа быць выплата кампенсацый за нязручнасці, арэнда або набыццё зямлі.
«Але, паводле маёй інфармацыі, у цяперашні час няма ніякіх маштабных планаў наконт набыцця дзяржавай больш шырокага пояса», — удакладніў міністр.
Таксама Херэм распавёў, што Міністэрства абароны Эстоніі зацвердзіла маладзёжную палітыку, згодна з якой цягам наступных чатырох гадоў будзе павялічана фінансаванне дзейнасці арганізацый Noored Kotkad і Kodutütred і навучання кіраванню дронамі. Акрамя таго, будзе надавацца больш увагі пытанням дзяржаўнай абароны ў межах выкладання іншых прадметаў у вучэбнай праграме базавай школы.
Паводле яго слоў, такая дзейнасць будзе весціся па ўсёй тэрыторыі краіны, і няма асобных планаў, каб гэта было толькі для Іда-Вірумаа.
«Што дакладна плануецца ў Паўночна-Усходняй Эстоніі — ці ёсць якія-небудзь спецыяльныя планы менавіта для гэтага рэгіёна, я, шчыра кажучы, сказаць не магу. У асноўным яны ахопліваюць усю Эстонію», — падсумаваў ён.