У Беларусі прыдумалі новы падатак для ўладальнікаў транспартных сродкаў
4- 30.10.2026, 17:04
- 1,814
Пад яго могуць трапіць нават некаторыя надзіманыя лодкі.
У Беларусі можа пашырыцца спіс тых, хто плаціць транспартны падатак. З адпаведнай ініцыятывай выступіла Міністэрства фінансаў.
Пакуль гаворка ідзе толькі пра прапанову, але калі яе падтрымаюць, змены адчуюць уладальнікі воднай тэхнікі.
Як патлумачылі ў Мінфіне, для папаўнення бюджэту плануюць стварыць інфармацыйны рэсурс, дзе будуць улічвацца маламерныя судны. Гэтыя даныя затым выкарыстаюць для налічэння падатку на гэты від транспарту.
«Для напаўнення даходнай часткі бюджэту прапануецца правядзенне мерапрыемстваў па стварэнні інфармацыйнага рэсурсу ўліку маламерных суднаў з мэтай іх далейшага падаткаабкладання транспартным падаткам з 2029 года», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Пад маламернымі суднамі ў Беларусі разумеюць тыя, даўжыня корпуса якіх не перавышае 20 м, а на борце дазваляецца прысутнасць не больш за 12 чалавек.
Да гэтай катэгорыі адносяцца маторныя і вясловыя лодкі, катэры, яхты, некаторыя надзіманыя судны і гідрацыклы.
Пакуль няясна, ці будуць абкладаць падаткам усе такія судны або толькі частку, аднак, калі ініцыятыву прымуць, падатак пачнуць спаганяць з 2029 года. Да гэтага часу павінна з’явіцца і запрацаваць сістэма ўліку.
Электрамабілі і не толькі
Нагадаем, размовы пра пашырэнне спісу плацельшчыкаў транспартнага падатку ідуць не першы год. Падатак з’явіўся ў Беларусі ў 2021 годзе, прыйшоўшы на змену дзяржаўнай пошліне за допуск да ўдзелу ў дарожным руху, якая была прывязана да тэхагляду.
З 1 студзеня 2024 года ў краіне ўвялі адзіны маёмасны плацёж — цяпер падатак на аўто, жыллё і зямлю налічваецца адной сумай.
У 2026-м заплаціць падатак абавязалі і ўладальнікаў электрамабіляў. У МПЗ патлумачылі адмену льготы проста: электрамабілі, як і іншыя машыны, карыстаюцца дарогамі, на ўтрыманне і будаўніцтва якіх ідуць грошы ад транспартнага падатку.