Расійскі верталёт мог уляцець у паветраную прастору Фінляндыі на 4,1 км
- 22.11.2026, 13:54
Парушэнне мяжы зафіксавала Міністэрства абароны краіны.
У Фінляндыі расследуюць магчымае парушэнне паветранай прасторы расійскім верталётам. Ён мог перасекчы мяжу паблізу Ловісы і ўляцець на 4,1 км.
Пра гэта паведамляе Міністэрства абароны Фінляндыі.
Паводле звестак фінскага абароннага ведамства, інцыдэнт быў зафіксаваны 21 лістапада каля 12:34. Расійскі верталёт мог увайсці ў паветраную прастору краіны на адлегласць да 4,1 км ад мяжы.
Міністр абароны Фінляндыі Анці Хякканен выказаў здагадку, што магчымае парушэнне паветранай прасторы магло быць звязанае з выратавальнай аперацыяй або суправаджэннем грузавога судна, якое атрымала пашкоджанні ў Фінскім заліве.
«Узброеныя сілы і памежная служба займаюцца гэтай сітуацыяй у супрацоўніцтве з іншымі органамі ўлады», — адзначыў Хякканен.
Расследаваннем інцыдэнту займаецца Служба памежнай аховы Фінляндыі. Яна павінна ўстанавіць абставіны верагоднага парушэння паветранай прасторы.
Нагадаем, 21 лістапада у Фінскім заліве беспілотнікі атакавалі расійскае грузавое судна Sparta II, якое накіроўвалася ў Калінінград. Пасля ўдару на борце ўспыхнуў пажар, а судна страціла кіраванне і пачало дрэйфаваць у тэрытарыяльныя воды Фінляндыі.
Па стане на 22 лістапада пажар на Sparta II патушыць не ўдалося — працы працягваліся на працягу ночы. Паводле дадзеных фінскай берагавай аховы, спецыялісты спрабуюць не толькі ліквідаваць агонь, але і астудзіць кантэйнеры з грузам, каб змяншыць рызыкі.