15 лiпеня 2026, Серада, 9:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння — 616 гадоў з дня перамогі пад Грунвальдам

5
Сёння — 616 гадоў з дня перамогі пад Грунвальдам

Беларусы, палякі, літоўцы, татары і чэхі перамаглі крыжакоў.

Знакамітая бітва адыграла велізарную ролю ў гісторыі народаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. 15 ліпеня 1410 года аб’яднаныя сілы Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, у склад якога тады ўваходзілі беларускія землі, пры ўдзеле татарскіх і чэшска-мараўскіх палкоў атрымалі бліскучую перамогу над крыжакамі Тэўтонскага ордэна.

Бітва пачалася апоўдні наступам лёгкай літоўска-татарскай конніцы на левы фланг тэўтонцаў. Гэты напад быў сустрэты артылерыйскім залпам — першым у гісторыі, але малаўдалым ужываннем палявой артылерыі. У адказ пачалося контрнаступленне цяжкай ордэнскай кавалерыі, якая адціснула літоўцаў і татараў.

Адначасова немцы сутыкнуліся з моцным супрацівам літоўска-рускай пяхоты, якая прыкрывала баявыя парадкі польскіх войскаў ад флангавага ўдару падчас адступлення літоўскай конніцы. На дапамогу гэтым палкам вялікі князь літоўскі Вітаўт выслаў падмацаванне. Каб выправіць сітуацыю, вялікі магістр ордэна Ульрых фон Юнгінген увёў у бой другую лінію тэўтонскай кавалерыі, аднак палякі таксама задзейнічалі рэзерв, якім камандаваў польскі кароль Ягайла.

У гэты час літоўская конніца паспяхова вярнулася на поле бою і нанесла моцны ўдар па левым флангу ордэна. Падчас гэтай бітвы загінуў сам ордэнскі магістр. Пасля гібелі фон Юнгінгена і капітуляцыі часткі тэўтонскіх войскаў уцалелая ордэнская армія ўцякла.

У гэтай бітве загінула каля траціны немцаў, у тым ліку практычна ўвесь камандны склад ордэна, значная колькасць рыцараў трапіла ў палон.

Грунвальдская бітва нанесла смяротны ўдар па нямецкай экспансіі на Усход. Агрэсія нямецкіх рыцараў на Усход была спыненая. У гэты дзень, як вобразна сказаў у рамане «Крыжакі» лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Генрык Сянкевіч, «разбілася ўсё нямецкае магутнасць, што дагэтуль, нібы хваля, залівала няшчасныя славянскія землі». Сучасныя беларускія гісторыкі і публіцысты падкрэсліваюць: пасля Грунвальдскай бітвы на працягу пяці стагоддзяў, да самага 1914 года, на землі Беларусі не ступала нага нямецкага заваёўніка. У бітве пад Грунвальдам удзельнічалі палкі з усіх тагачасных беларускіх зямель і княстваў.

Бітва пад Грунвальдам увайшла ў гісторыю як лепшы прыклад сумесных дзеянняў і ўзаемнай падтрымкі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, што не раз у будучыні ратавала ўжо супольную дзяржаву гэтых народаў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках