27 красавiка 2024, Субота, 2:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пракуратура: Ператрусы, допыты і збіццё незалежных журналістаў – законныя (Фота)

9

У органах пракуратуры лічаць, што збіццё журналістаў і канфіскацыя працоўнай тэхнікі не з'яўляецца парушэннем закона.

У расследаванні справы аб паклёпе на былога кіраўніка УКДБ Гомельскай вобласці Івана Каржа парушэнняў заканадаўства не выяўлена, і падставаў для прыняцця мераў пракурорскага рэагавання няма. Да такой высновы прыйшла пракуратура Гомельскай вобласці, разгледзеўшы зварот ГА «БАЖ» з нагоды ператрусаў і допытаў у шэрагу журналістаў.

«Па стане на 15.04.2010 канчатковага рашэння па гэтай крымінальнай справе не прынята», - перадае прэс-служба БАЖ змест ліста за подпісам намесніка пракурора вобласці.

Нагадаем, што напачатку сакавіка ГА «БАЖ» накіравала адкрыты ліст генеральнаму пракурору РБ Рыгору Васілевічу.

У лісце арганізацыя выказвала меркаванне, што следчыя мерапрыемствы былі санкцыянаваныя пракурорам без відавочнай прычыны, і што дэклараваныя мэты ператрусаў не адпавядаюць рэальным.

Дзеянні следчых ГА «БАЖ» расцаніла як «грубае ўмяшанне ў свабоду журналісцкай дзейнасці». Арганізацыя заклікала пракурора неадкладна прыняць меры па вяртанні канфіскаванай у журналістаў маёмасці, неабходнай ім для прафесійнай дзейнасці, і прыняць меры пракурорскага рэагавання «для аднаўлення законнасці, абароны парушаных правоў і законных інтарэсаў журналістаў».

Генеральная пракуратура пераадрасавала зварот «для разгляду па сутнасці» у пракуратуру Гомельскай вобласці, пракурору Валянціну Шаеву - таму самаму, які санкцыянаваў правядзенне ператрусаў у некаторых журналістаў (у прыватнасці, у Марыны Коктыш).

Адзначым, што следчыя дзеянні ў дачыненні да журналістаў вядуцца ў межах расследавання крымінальнай справы, узбуджанай пракуратурай Гомельскай вобласці 31.12.2009 па ч. 2 арт. 188 КК РБ па факце з'яўлення ў інтэрнэце «паклёпу» на былога начальніка УКДБ па Гомельскай вобласці Івана Каржа.

Публікацыі датычыліся так званай «паляўнічай справы» пра выкрыццё КДБ перавышэння службовых паўнамоцтваў міліцэйскім начальствам Гомельскай вобласці. У спрэчных публікацыях выказваліся сваякі затрыманых міліцыянтаў, якія сцвярджалі, што «паляўнічая справа» была сфабрыкаваная, а супрацоўнікі КДБ таксама вінаватыя ў злоўжываннях. Цяпер праваахоўныя органы шукаюць аўтараў гэтых публікацыяў.

У канцы лютага - пачатку сакавіка ў якасці сведак па гэтай справе міліцыя ўжо дапытвала журналістак Марыну Коктыш і Ірыну Халіп. Акрамя таго, у М. Коктыш міліцыя правяла ператрус на працоўным месцы, а ў Святланы Калінкінай - дома, у абедзвюх жанчынаў забралі кампутары і іншыя носьбіты інфармацыі.

Кампутар забралі таксама ў І. Халіп і яе мужа, лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава, калі яны перасякалі беларуска-літоўскую мяжу 5 сакавіка.

9 сакавіка ў міліцыі дапыталі як сведку па той жа справе каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Зміцера Бандарэнку.

Увечары 16 сакавіка прадстаўнікі праваахоўных органаў у межах расследавання той жа справы аб паклёпе правялі ператрусы ў офісе сайта «Хартыя-97», у прыватнай кватэры Ірыны Халіп, на працоўным месцы Святланы Калінкінай, у прыватнай кватэры Марыны Коктыш, а таксама ў кватэры, дзе жыве рэдактарка сайта «Хартыя-97» Наталля Радзіна.

Ва ўсіх выпадках міліцыянты забіралі носьбіты інфармацыі - кампутары, дыскі, USB-накапляльнікі, карты памяці фотаапаратаў. Ператрусы праводзілі міліцыянты ў цывільным, некаторыя з іх - у масках. Пранікненне ў памяшканне офіса сайта «Хартыі-97» адбылося з ужываннем сілы, а журналістка Наталля Радзіна фізічна пацярпела, атрымаўшы ўдар у твар.

26 сакавіка ў Савецкім РУУС Менска дапыталі ў якасці сведак Святлану Калінкіну і Марыну Коктыш. 2 красавіка адбыўся допыт Наталлі Радзінай, а 8 красавіка ў Маскве дапыталі па гэтай жа справе вядомага журналіста Паўла Шарамета.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках