8 траўня 2024, Серада, 3:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Газпрам» можа скараціць пастаўкі газу ў Беларусь на 85%

55
«Газпрам» можа скараціць пастаўкі газу ў Беларусь на 85%

У выпадку неаплаты ўладамі Беларусі запазычанасці за газ, які пастаўляецца ў краіну, Расея не мае намеру цырымоніцца.

З-за даўгоў беларускага боку «Газпрам» з 21 чэрвеня можа скараціць пастаўкі газу на 85%, заявіў журналістам кіраўнік расейскага газавага холдынгу Аляксей Мілер 17 чэрвеня падчас Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму.

«Улічваючы кошт ужо пастаўленага ў чэрвені газу і велічыню доўгу - 192 млн. даляраў, вызначана, што абмежаванне складзе 85% ад планавага аб'ёму паставак газу ў Беларусь. Астатнія 15% дазволяць Беларусі падтрымліваць газатранспартную сістэму ў працоўным стане да поўнай кампенсацыі назапашанай запазычанасці», - прыводзіць словы Мілера БелаПАН са спасылкай на РІА «Новости».

У паведамленні адзначаецца, што кантрактны кошт паставак газу ў Беларусь складае 169 даляраў за тысячу кубаметраў, аднак Менск пакуль плаціць 150 даляраў, з-за чаго ўзнікла запазычанасць. Па ацэнцы «Газпрама», доўг «Белтрансгаза» можа вырасці да канца года да 500-600 млн. даляраў з-за разлікаў па кошце ніжэй за кантрактны.

«Мы вельмі разлічваем, што да 21 чэрвеня «Белтрансгаз» нарэшце пагасіць назапашаную запазычанасць, - сказаў Мілер. - Чарговы ліст з патрабаваннем строга прытрымлівацца кантракту і выплаціць даўгі быў накіраваны ўчора. Але, як мы папярэдзілі беларускі бок, калі «Белтрансгаз» нічога так і не зробіць, «Газпрам» у адпаведнасці з пунктам 6.4 кантракту ад 31 снежня 2006 ўвядзе абмежаванні на пастаўку газу ў Беларусь».

16 чэрвеня «Газпрам» накіраваў лісты генеральнаму дырэктару ААТ «Белтрансгаз» Уладзіміру Маёраву і першаму намесніку прэм'ер-міністра Беларусі Уладзіміру Сямашку, у якіх папярэдзіў пра магчымае абмежаванне паставак у адпаведнасці з кантрактам.

Кіраўніцтва «Газпрама» адзначае, што ў 2010 годзе «Белтрансгаз» сістэматычна парушае ўмовы кантракту ад 31 снежня 2006 года, і прапануе прыняць вычарпальныя меры па пагашэнні назапашанай запазычанасці да 21 чэрвеня.

15 чэрвеня на сустрэчы ў Горках з кіраўніком ААТ «Газпрам» Аляксеем Мілерам прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеўзаявіў, што Менску даецца пяць дзён, каб вызначыцца з выплатай доўгу за расейскі газ.

11 чэрвеня ў Маскве Лукашэнка правёў сустрэчы з Мядзведзевым і старшынём урада Расеі Уладзімірам Пуціным. Пра вынікі перамоваў нічога не паведамлялася.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках