29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: Мядзведзеў абвесціць байкот беларускаму дыктатару

25

Інфармацыйная вайна паміж Расеяй і Беларуссю дайшла да прамых узаемных абвінавачванняў з боку ўладаў.

Аляксандр Лукашэнка ў мінулую пятніцу, адказваючы на папрок Дзмітрыя Мядзведзева ў невыкананні Менскам абяцання прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію, абвінаваціў расейскага калегу ў «нядобрасумленнасці». У адказ Крэмль паабяцаў працытаваць абяцанні Лукашэнкі аб прызнанні рэспублікаў, а заадно і іншыя цікавыя выказванні беларускага кіраўніка, піша NEWSru.com.

Вынікам такога абмену «кампліментамі» можа стаць байкот Мядзведзевым Лукашэнкі на саміце Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), які мае быць у Ерэване 20-21 жніўня, піша газета «Коммерсант». Расейскія СМІ таксама актывізавалі інфармацыйную вайну: напярэдадні на тэлеканале НТВ выйшаў трэці фільм з серыі «Хросны бацька». У гэтай дакументальнай стужцы Лукашэнку паставілі дыягназ «мазаічная псіхапатыя».

Нагадаем, што нагодай для нападак Лукашэнкі стаў выказаны 2 жніўня ў размове з журналістамі папрок з боку Мядзведзева пра тое, што Лукашэнка на саміце АДКБ у 2008 годзе «урачыста абяцаў» абвясціць аб прызнанні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі «за самы кароткі час». Лукашэнка на мінулым тыдні заявіў, што ён не хацеў дыскутаваць на гэтую тэму, але вымушаны рабіць гэта, бо Мядзведзеў «нядобрасумленна вырывае пэўныя рэчы».

Як сцвярджае Лукашэнка, ён не абяцаў зрабіць гэта, але толькі казаў, што гэта не праблема. Аднак зазначыў, што ў сувязі з гэтым у Беларусі ўзнікне прыкладна паўтара дзесятка іншых праблемаў у стасунках з ЗША, ЕЗ і СНД. Лукашэнка, паводле яго словаў, прапанаваў Расеі падзяліць гэтыя праблемы, аднак яна гэтага зрабіць не захацела ці не змагла.

У адказ памочнік прэзідэнта Сяргей Прыходзька заявіў, што Крэмль гатовы не толькі апублікаваць тую частку стэнаграмы паседжання АДКБ, у якой утрымліваюцца словы прэзідэнта Беларусі на тэму аб прызнанні дзвюх рэспублікаў, але і апублікаваць іншыя выказванні Лукашэнкі, якія «будуць даволі цікавыя як Беларусі, так і міжнароднай грамадскасці».

Як адзначаюць эксперты, выпад у бок Мядзведзева стаў першым з боку Лукашэнкі, менавіта таму рэакцыя Крамля была гранічна жорсткай. Раней ён рэзка адгукаўся толькі пра дзейнасць прэм'ер-міністра Уладзіміра Пуціна. Ён абвінавачваў яго ў стварэнні перашкодаў ваеннаму супрацоўніцтву Масквы і Менска, а таксама ў ціску на беларускія ўлады.

Інфармацыйная вайна: з чаго яна пачалася і якія сілы дагэтуль былі задзейнічаныя

Інфармацыйная пікіроўка Беларусі і Расеі пачалася з паказу першага фільма «Хросны бацька», у якім гаворка ішла пра загадкавую смерць віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Беларусі Генадзя Карпенкі, выкраданні і забойствы былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, віцэ-спікера Вярхоўнага Савета, былога кіраўніка Цэнтравыбаркаму Віктара Ганчара, журналіста Дзмітрыя Завадскага, бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага.

Журналісты фактычна абвінавацілі Лукашэнку ў выкраданнях і забойствах апазіцыянераў. У фільме таксама прыводзіліся ўхваленні Лукашэнкі ў адрас Гітлера і яго выказванні пра тое, што ён збіраецца арыентавацца на Германію 1930-х гадоў у сферы дзяржаўнага ўладкавання.

У другім фільме выказаныя раней абвінавачванні падмацоўваліся іншымі фактамі пра дзейнасць Лукашэнкі. Аўтары фільма распавялі пра «сяброўства» Лукашэнкі з грузінскім лідэрам Міхаілам Саакашвілі і са зрынутым прэзідэнтам Кыргызтана Курманбекам Бакіевым, якому пасля дзяржаўнага перавароту Лукашэнка даў прытулак у Менску.

У карціне абмяркоўвалася і асабістае жыццё беларускага прэзідэнта. Гледачам паказалі, як прэзідэнт паўсюль возіць з сабой свайго незаконнанароджанага шасцігадовага сына Колю, якога абяцае зрабіць сваім пераемнікам. Паводле дадзеных аўтараў фільма, Лукашэнка адабраў Колю ў сваёй былой палюбоўніцы - Ірыны Абельскай, якая была спачатку асабістым урачом «бацькі», а затым узначаліла прэзідэнцкую клініку. Трапіўшы ў няміласць, Абельская пазбавілася як заступніцтва Лукашэнкі, так і ўласнага дзіцяці.

Беларусь у адказ на першы фільм паказала інтэрв'ю грузінскага прэзідэнта Саакашвілі па мясцовым тэлебачанні, у якім ён крытычна адгукнуўся пра знешнюю палітыку Расеі. Затым газета «Рэспубліка», якая з'яўляецца афіцыйным органам савета міністраў Беларусі, апублікавала часткі леташняга дакладу Барыса Нямцова «Пуцін. Вынікі. 10 гадоў». Даклад суправаджаўся вострымі каментарамі і выпадамі ў адрас расейскіх уладаў.

На мінулым тыдні Расея працягнула інфармацыйную вайну. Паведамлялася, што рэжысёр Аляксандр Валаў, які зняў у 2005 годзе порнафільм пра Саакашвілі і Цімашэнку, рыхтуе новы шэдэўр падступнага зместу, у якім гаворка пойдзе пра калгасніка Луку і маскоўскіх даярак. Пад маркай калгасніка ў карціне «Бацькава шчасце» павінен паўстаць беларускі кіраўнік.

Здымкі гэтага фільма Валаў пачаў яшчэ ў 2006 годзе, аднак так і не давёў працу да канца з прычыны таго, што выканаўца галоўнай ролі адмовіўся ад здымак пасля скандалу, які выбухнуў, і пагрозаў крымінальнага пераследу за дыскрэдытацыю прэзідэнта з боку беларускай пракуратуры ў адрас рэжысёра.

Як піша «Независимая газета», беларускія СМІ, са свайго боку, у матэрыялах, якія публікуюцца, адпускаюць крытычныя і часам з'едлівыя заўвагі ў адрас Расеі. Так, у матэрыялах пра тое, як беларускія пажарнікі дапамагаюць тушыць пажары ў Расеі, на пытанне журналістаў пра працу суседзяў па СНД, расейцы самі параўноўваюць працу беларускіх і расейскіх пажарнікаў не на карысць апошніх. Дзяржаўныя СМІ публікуюць артыкулы, у якіх прычынай вялікай колькасці пажараў у Расеі стала выключна слабасць уладаў.

На мінулым тыдні ў сюжэтах пра беларускіх камбайнёраў, якія накіраваліся ў Расею на дапамогу, праводзілася думка, што ў Расеі выкарыстоўваюцца старыя сельскагаспадарчыя тэхналогіі і тэхніка мінулага стагоддзя, а расейцы дзякуюць беларусам і асабіста Лукашэнку.

Напярэдадні ў эфір НТВ выйшаў фільм «Хросны бацька-3». У стужцы была зноў выказаная рэзкая крытыка ў адрас Лукашэнкі і яго атачэння. У чарговай серыі фільма-кампрамату распавядаецца пра бізнэс сям'і Аляксандра Лукашэнкі. Інтэрв'ю далі былы начальнік Упраўлення МУС па барацьбе з карупцыяй Вячаслаў Дудкін, які ўцёк з Беларусі, дэпартаваны расейскі прадпрымальнік Алан Пліеў, намеснік дырэктара Інстытута краінаў СНД, чалец Савета па нацыянальнай стратэгіі Уладзімір Жарыхін, былы супрацоўнік пракуратуры і праваабаронца Алег Воўчак і іншыя.

У фільме прыводзяцца вытрымкі з заключэння псіхіятра Дзмітрыя Шчыгельскага, які паставіў дыягназ беларускаму кіраўніку яшчэ 10 гадоў таму. Дыягназ каментуюць спецыялісты маскоўскага Інстытута псіхіятрыі імя Сербскага. Акрамя таго, у стужцы распавядаецца і пра жыццё клана Лукашэнкі – пра тое, як і за кошт чаго жывуць сыны беларускага прэзідэнта. Як лічыць «Независимая газета», гэтая тэма павінна асабліва закрануць Лукашэнку.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках