28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка: Ёсць толькі канфлікт асобаў

107
Лукашэнка: Ёсць толькі канфлікт асобаў

Беларускі дыктатар пракаментаваў з'яўленне ў эфіры НТВ фільма «Хросны бацька».

«Абсалютна ніякага канфлікту паміж Расеяй і Беларуссю няма, абсалютна ніякага канфлікту паміж расейцамі і беларусамі няма і быць не можа. Усё, што адбываецца - абсалютна суб'ектыўна. Гэта асобасны канфлікт і таму вы яго так і ўспрымайце», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся ў чацвер у Менску з губернатарам Курскай вобласці РФ Аляксандрам Міхайлавым, перадае «Інтэрфакс-Захад».

«Мяне ўсё больш падштурхоўваюць, каб я неяк рэагаваў на тое, што адбываецца ў адносінах да мяне і Беларусі. Я на гэты бруд адказваць не збіраюся», - сказаў беларускі кіраўнік. Паводле яго словаў, «ніякай арыентацыі ў нас налева або направа няма, мы абсалютна надзейныя партнёры і вытрыманыя».

Гаворачы пра паказаныя па расейскіх тэлеканалах фільмах пра Беларусь і яе кіраўніка - «Хросны бацька», Лукашэнка заявіў: «Усё, што вы бачылі - гэта тычыцца не Беларусі і не беларускага прэзідэнта. Гэта фільм пра іх, яны хочуць, каб і ўсе такія былі».

«Таму ніякай рэакцыі ў Беларусі на гэты бруд мы не дапусцім, колькі б яны не стваралі гэтых фільмаў», - адзначыў дыктатар.

«Ведайце, хочуць палітыкі ці не хочуць, але беларусаў і расейцаў разарваць нельга. Няма такіх палітыкаў, якія б маглі разарваць наша сяброўства і братэрства», - падкрэсліў Лукашэнка. «І я гэта кажу не таму, што некаторыя талдычаць у вас і ў нас, што Беларусі і Лукашэнкі няма куды памкнуцца. Слухайце, свет вялізны. І варта толькі паварушыцца ў патрэбным кірунку і Беларусь у адзіночку не застанецца. Толькі не ведаю, ці будзе гэта выгадна кіраўніцтву Расейскай Федэрацыі», - сказаў ён, і заявіў: «Тое, што нашым народам будзе нявыгадна - гэта факт». «Таму давайце пакінем увесь гэты бруд за дужкамі», - сказаў Лукашэнка.

Звяртаючыся да дэлегацыі Курскай вобласці, кіраўнік Беларусі адзначыў: «Вы - нашы людзі, і тое, што вы ў нас бачыце - мы гатовыя падзяліцца апошнім, гатовыя аказаць любую дапамогу і падтрымку, на якую здольныя».

Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што Мытны саюз з Расеяй і Казахстанам павінен будавацца на зразумелых правілах і без якіх-небудзь канфіскацый і абмежаванняў.

«Мы павінны вызначыць выразныя і зразумелыя правілы працы ў рамках Мытнага саюза Беларусі, Расеі і Казахстана без якіх-небудзь выняткаў. Тым больш, што тыя канфіскацыі і пошліны, якія існуюць, абсалютна ніякай выгады акрамя шкоды нашым адносінам з Расеяй не даюць», - адзначыў Лукашэнка.

Кіраўнік сказаў, што гэтыя і іншыя праблемныя пытанні абмяркоўваліся на сустрэчах з кіраўніцтвам Расеі ў Маскве і Астане. Разам з тым, паводле яго словаў, «рэалізацыя дасягнутых дамоўленасцяў па-ранейшаму тармазіцца і не па нашай віне». «Нам шмат гавораць пра неабходнасць прагматызацыі супрацоўніцтва», - сказаў Лукашэнка. Пры гэтым ён заявіў, што «не ўсё, вядома, можна вымераць рублём, далярам ці, калі хочаце, кубаметрамі газу. Але раз ужо так стала прынята ў кагосьці ў Маскве - мы вымушаныя гэта ўлічваць і са свайго боку», - адзначыў беларускі кіраўнік.

Паводле яго словаў, у Беларусі гатовыя «спакойна і па-дзелавому пераходзіць да новых умоў працы з Расеяй». «Але хочам, каб яны былі справядлівымі і ні ў якім разе не дыскрымінацыйнымі», - сказаў Лукашэнка, назваўшы ў якасці прыкладу сітуацыю з пошлінамі на нафтапрадукты, якія ў дачыненні Казахстана не прымяняюцца.

Напісаць каментар 107

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках