26 красавiка 2024, Пятніца, 13:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мядзведзеў звольніў Лужкова з пасады мэра Масквы

93
Мядзведзеў звольніў Лужкова з пасады мэра Масквы

Юры Лужкоў адпраўлены ў адстаўку, пра якую СМІ ужо трэці тыдзень гаварылі як пра непазбежны факт.

Прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў падпісаў указ «Аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў мэра Масквы». «Адхіліць Лужкова Юрыя Міхайлавіча ад пасады мэра Масквы ў сувязі са стратай даверу прэзідэнта РФ», - кажацца ва ўказе.

Як паведамляе прэс-служба Крамля, часовым выканаўцам абавязкаў мэра Масквы прэзідэнт прызначыў кіраўніка гарадскога будкомплекса Уладзіміра Рэсіна. 74-гадовы Рэсін з'яўляецца найстарэйшым сярод намеснікаў маскоўскага мэра. Падчас адсутнасці кіраўніка горада менавіта на Рэсіна, як правіла, ўскладаліся паўнамоцтвы выканаўца яго абавязкаў.

Як адзначае NEWSru.com, толькі напярэдадні Лужкоў, вярнуўшыся з тыднёвага адпачынку, заявіў, што ў адстаўку не збіраецца. Мэр ў кулуарах канферэнцыі ЮНЕСКА па дашкольным выхаванні, якая адкрылася напярэдадні ў Маскве, казаў, што пасля адпачынку прыступае да выканання абавязкаў кіраўніка горада з выдатным настроем. У гарадской адміністрацыі журналістам паведамлялі, што Лужкоў у кастрычніку збіраецца адправіцца ў тры планавыя замежныя камандзіроўкі - у Германію, В'етнам і Казахстан.

Нагадаем, што прэзідэнт Расеі Дзмітры Мядзведзеў у цяперашні час з афіцыйным візітам знаходзіцца ў Кітаі. Раней меркавалася, што рашэнне аб адстаўцы будзе прынятае пасля вяртання Мядзведзева ў Маскву. Як паведаміла ў аўторак журналістам прэс-сакратарка прэзідэнта Наталля Цімакова, Мядзведзеў не плануе сустракацца з былым мэрам Масквы Юрыем Лужковым.

Прэс-сакратарка кіраўніка дзяржавы нагадала, што Лужкоў на тыдзень браў адпачынак, што было ўзгоднена з адміністрацыяй прэзідэнта. Па словах Цімаковай, Лужкоў павінен быў «абдумаць, як ён будзе дзейнічаць далей». Па словах Цімаковай, Лужкову быў прапанаваны больш мяккі варыянт датэрміновага спынення паўнамоцтваў. «Сёння існуе два варыянты сыходу кіраўніка рэгіёну з пасады датэрмінова - альбо па ўласным жаданні, што выяўляецца ў заяве аб адстаўцы, альбо калі прэзідэнт прымае такое рашэнне, але ўжо з жорсткай фармулёўкай, - стратай даверу», - нагадала Цімакова. У аўторак указ аб зняцці Лужкова быў падпісаны прэзідэнтам, канстатавала прэс-сакратар. «Высновы рабіце самі», - дадала Цімакова.

«Юры Лужкоў зараз просты грамадзянін», - падкрэсліла Цімакова. На пытанне, ці будзе экс-мэр уганараваны дзяржаўнымі ўзнагародамі, прэс-сакратар адказала, што «гаворка пра гэта нават не ідзе». Адзначым, што па падобным сцэнарыі ў ліпені 2010 года прэзідэнт РФ адправіў у адстаўку кіраўніка Башкірыі Муртазу Рахімава. Пры гэтым Мядзведзеў ўзнагародзіў яго ордэнам «За заслугі перад Айчынай» I ступені.

Такім чынам, зробленыя напярэдадні заявы Лужкова пра тое, што ён не сыдзе, і каментары прэс-службы прэзідэнта азначаюць, што перамовы з Крамлём пра ўмовы адстаўкі мэра вяліся і былі спыненыя, таму што бакі не прыйшлі да кампрамісу. Як паведаміла газеце «Ведомости» крыніца, блізкая да кіраўніцтва «Адзінай Расеі», сярод тых пасадаў, якія прапаноўваліся Лужкову ў абмен на добраахвотны сыход, - старшыня Савета Федэрацыі і кіраўнік дзяржкарпарацыі «Алімпбуд». Як мяркуюць аналітыкі, магчыма, бакі не сышліся, абмяркоўваючы ўмовы ці тэрмін сыходу кіраўніка горада.

Нагадаем, што Юрый Лужкоў займаў пасаду мэра Масквы 18 гадоў - з 1992 па 2010 год.

Хроніка інфармацыйнай вайны супраць Лужкова

Інфармацыйная вайна супраць Лужкова пачалася ў СМІ ў пачатку верасня. Тады ў эфіры тэлеканала НТВ быў паказаны фільм «Справа ў кепцы», у якім адным з экспертаў выступіў галоўны рэдактар радыёстанцыі «Расейская служба новостей» Сяргей Дарэнка. Яшчэ ў 1999 годзе Дарэнка выступіў з выкрыццямі лідэраў выбарчага блоку «Айчына - уся Расея», сярод якіх быў і Лужкоў. У фільме было расказана пра сувязь бізнесу жонкі Лужкова Алены Батурынай з урадам Масквы, пра матэрыяльную зацікаўленасць Лужкова ў будаўніцтве хуткаснай трасы праз Хімкінскі лес. Як высветлілася, фільм «Справа ў кепцы» быў змантаваны ўсяго за суткі пасля таго, як тэлеканал атрымаў тэрміновы заказ на яго.

11 верасня НТВ працягнуў атаку, паказаўшы сюжэт пра Лужкова ў праграме «Максімум». У перадачы гаворка ішла пра жонку сталічнага мэра Алену Батурыну і рэканструкцыю легендарнай скульптуры «Рабочы і калгасніца».

12 верасня на НТВ паказалі яшчэ дзве праграмы з крытыкай Лужкова і мэрыі, якая ім узначальваецца. У «Надзвычайнае здарэнне. Агляд за тыдзень» выйшаў сюжэт «Пcу пад хвост», у якім распавядалася, як сталічныя чыноўнікі раскрадалі грошы, выдзеленыя на бадзяжных сабакаў. У «выніковай праграме» незадаволеныя Лужковым палітыкі распавялі, як Батурына дзякуючы мужу зарабіла сваё шматмільярднае багацце.

У той жа дзень антылужкоўскі сюжэт таксама паказаў кругласутачны навінавы тэлеканал «Расея 24», які ўваходзіць у дзяржаўны холдынг УДТРК. У рэпартажы ішла гаворка пра знос архітэктурных помнікаў у Маскве пад маркай рэканструкцыі. Крытычны сюжэт выйшаў таксама ў межах праграмы «Время» на «Першым».

Перад сыходам у адпачынак Лужкова на НТВ гледачам быў прадстаўлены фільм «Дарагая Алена Мікалаеўна». Як ні дзіўна, але стваральнікі ні разу адназначна не звязалі вялікае асабістае багацце самай багатай жанчыны Расеі з уплывам Лужкова.

Сам Лужкоў назваў гэтыя тэлевізійныя сюжэты «брудам» і заявіў пра свой намер падаць у суд на іх стваральнікаў. Мэр запэўніў, што са сваёй пасады ён не сыдзе, аднак у Крамлі яму адразу ж нагадалі, што гэтае пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі прэзідэнта Расеі. Праведзенае апытанне грамадскай думкі паказала, што рэйтынг Лужкова імкліва пачаў падаць. Як высветлілася, Лужкову давяраюць ў той ці іншай ступені 19,5% удзельнікаў апытання «Лявада-цэнтра», не давяраюць - амаль 54%.

Напісаць каментар 93

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках