12 лiстапада 2019, aўторак, 5:04
Час
Рубрыкі

Саннікаў: «Лукашэнка больш не можа весці справы з Расеяй, як прызвычаіўся»

19
Саннікаў: «Лукашэнка больш не можа весці справы з Расеяй, як прызвычаіўся»

У дыктатара ёсць падставы турбавацца пра тое, што пра яго кажа расейскае тэлебачанне.

Як нагадвае часопіс «Russia Profile», уначы ў панядзелак на тэрыторыю расейскай амбасады ў Менску былі кінутыя дзве самаробныя запальныя бомбы. У выніку згарэла адна з амбасадаўскіх машынаў, а сярод персаналу дыпмісіі пачалася паніка. Таямнічы напад на расейскую амбасаду стаў чарговым скандалам у той вайне словаў – і кінастужкі, – якая разгарнулася паміж Аляксандрам Лукашэнкам і яго маскоўскімі калегамі.

У сваёй заяве, зробленай у аўторак, расейскае міністэрства замежных справаў назвала напад «абуральным актам, за якім праглядаецца імкненне пэўных сілаў паспрабаваць перашкодзіць нармальнай працы амбасады і прыўнесці ў двухбаковыя стасункі элементы недаверу і напружанасці».

Расейская прэса стала выказваць здагадкі пра тое, што гэта была беларуская правакацыя. У сераду Аляксандр Лукашэнка ў адказ абрынуўся на Расею і заявіў, што Маскве «патрэбны быў гэты інцыдэнт, каб паказаць: вось бачыце, які там урад, Лукашэнка, які ледзь не сам зладзіў гэты тэракт, як яны яго называюць».

Расея і Беларусь апошнія некалькі месяцаў спрачаюцца з-за гандлёвых пытанняў, мытнага саюза паміж Расеяй, Беларуссю і Казахстанам і адмовы Менска прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, якія адкалоліся ад Грузіі . У адкрытую напружанасць паміж краінамі праявілася ў ліпені, калі расейскі тэлеканал НТВ, які належыць «Газпраму» паказаў трохсерыйны дакументальны фільм «Хросны бацька», у якім Лукашэнка быў пададзены як дыктатар. Вялікая ўвага ў фільме надавалася парушэнням правоў чалавека, у якіх беларускага кіраўніка рэгулярна абвінавачвае Захад, у тым ліку знікненню і верагоднаму забойству шэрагу апазіцыянераў у 1999 годзе.

Беларусь адказала серыяй інтэрв'ю з адыёзнымі для Расеі асобамі, уключаючы прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі. Ім была дадзеная поўная магчымасць крытыкаваць існуючыя ў самога Крамля праблемы з дэмакратыяй.

Напружанне прапаганды дасягнула новых вышыняў на гэтым тыдні, калі Радыё «Свабодная Еўропа» паведаміла, што Лукашэнка стане героем парнастужкі. Фільм «Бацькава шчасце», прысвечаны эратычным прыгодам вусатага старшыні калгасу, здымае той жа расейскі рэжысёр, які выпусціў скандальны фільм «Юлія» з двайнікамі Саакашвілі і былога прэм'ер-міністра Украіны Юліі Цімашэнкі. У сваім інтэрв'ю радыёстанцыі рэжысёр абверг здагадкі пра тое, што ён дзейнічае па ўказцы Крамля, але адзначыў, што з'яўленне ў эфіры НТВ трылогіі пра «Хроснага бацьку» ён палічыў знакам таго, што яму дазволяць выпусціць фільм.

Аднак няўжо сапсаваны дыпламатычны клімат можа падштурхнуць бакі да падобных хуліганскіх выхадак? У гэта цяжка паверыць, аднак, як адзначыў каардынатар апазіцыйнай грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і былы намеснік міністра замежных справаў Андрэй Саннікаў, дзіўна, што вінаватыя не былі адразу ж схопленыя ці хаця б усталяваныя.

«Амбасады вельмі старанна ахоўваюцца і знаходзяцца пад відэаназіраннем. У іх ёсць свае службы бяспекі, да таго ж бяспеку дадаткова забяспечвае беларускае МУС. Таму, сама меней, не ўсталяваць вінаватых было практычна немагчыма, - заявіў ён у інтэрв'ю «Russia Profile». – Зыходзячы з гэтага, я думаю, што гэта бясспрэчна было нейкай правакацыяй з боку беларускіх уладаў».

У адказ на пытанне пра тое, што ж яны маглі спрабаваць дасягнуць падобнымі дзеяннямі, Саннікаў выказаў меркаванне, што гэта мог быць адказ на «інфармацыйную кампанію», нядаўна распачатую расейскімі СМІ. «Магчыма, яны хочуць паказаць, што народ Беларусі незадаволены гэтай кампаніяй», - сказаў ён.

У Маскве ў тым жа духу выказаўся кіраўнік палітычнага дэпартамента партыі «Адзіная Расея» Аляксей Чадаеў. «Было б смешна меркаваць, што нейкія сілы планавалі такую сур'ёзную акцыю, і ніхто пра гэта не ведаў», - заявіў ён газеце «Коммерсант», відавочна намякаючы на беларускія спецслужбы.

У чым жа сэнс гэтых сеансаў нянавісці? У Лукашэнкі, безумоўна, ёсць падставы турбавацца з нагоды таго, што кажа пра яго расейскае тэлебачанне, сцвярджае Саннікаў, – насельніцтва краіны размаўляе па-расейску, цесна звязанае з суседняй краінай на чалавечым узроўні і бясспрэчна можа ўбачыць тое, што ў ёй друкуецца ці выходзіць у эфір. Аднак, па словах апазіцыянера, людзі стаміліся ад адкрытай канфрантацыі. «Яна выклікае шмат у каго трывогу. Беларусы не хочуць псаваць стасункі з Расеяй, на сяброўства з якой яны разлічваюць, - кажа ён. – Пры гэтым яны разумеюць, што Лукашэнка больш не можа весці з Расеяй справы так, як ён прызвычаіўся».