23 траўня 2024, Чацвер, 9:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежныя журналісты з Гомеля дамагліся скасавання штрафу

4
Незалежныя журналісты з Гомеля дамагліся скасавання штрафу
АНДРЭЙ ТОЛЧЫН (ЗЛЕВА) І КАСТУСЬ ЖУКОЎСКІ
ФОТА: БАЖ

Ім дапамог праваабаронца Леанід Судаленка.

Суддзя Берасцейскага абласнога суда Аляксандр Саўчук скасаваў пастанову суда Лунінецкага раёна аб адміністрацыйным спагнанні ў выглядзе штрафаў у дачыненні да гомельскіх журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына, піша «Гомельская весна».

Іх абвінавачвалі ў парушэнні артыкула 22.9 КоАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ), якое выяўлялася ў падрыхтоўцы для тэлеканала «Белсат» матэрыялу аб трагедыі ў Лунінцы, дзе сабутэльнікі забілі васьмімесячнае дзіця толькі за тое, што дзяўчынка плакала і замінала дарослым распіваць спіртное. Міліцыя склала пратаколы, а суд 5 снежня мінулага года аштрафаваў журналістаў на значную суму па 30 базавых адзінак кожнаму.

З дапамогай вядомага гомельскага юрыста Леаніда Судаленкі фрылансеры абскардзілі штрафы ў Берасцейскім абласным судзе.

У пастанове суддзі Аляксандра Саўчука гаворыцца, што раённы суд у сваёй пастанове не высветліў усіх абставін, якія маюць значэнне для правільнага разгляду справы.

«Падставай да скасавання пастановы паводле справы аб адміністратыўным правапарушэнні з'яўляецца аднабаковасць, няпоўнасць і неаб'ектыўнае даследаванне абставін адміністрацыйнага правапарушэння», - адзначаецца ў пастанове абласнога суда. Справа накіраваная на новы разгляд іншаму суддзі.

«У мяне няма аптымізму наконт таго, што сістэма дала збой, або справядлівасць перамагла. Такія выпадкі ўжо былі, калі пастанову касавалі, а потым раённы суд зноў штрафаваў ці прызначаў яшчэ большую суму», - пракаментаваў Андрэй Толчын.

Нагадаем, цягам 2018 года фрылансера Кастуся Жукоўскага 16 разоў штрафавалі за журналісцкую дзейнасць і адзін раз за непавагу да суду. Агульная сума штрафаў склала 12 432,5 рублёў. Андрэя Толчына летась прыцягвалі да адказнасці 11 разоў. Сума ягоных штрафаў склала 9 628,5 рублёў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках