Еўрапейскія міністры ўчынілі дэмарш Лаўрову на сустрэчы G20 у ЗША
4- 30.10.2026, 18:59
- 4,864
Расійскаму міністру адмовілі ў сумесным фотаздымку.
Еўрапейскія дэлегацыі ўчынілі дэмарш кіраўніку МЗС РФ на сустрэчы міністраў замежных спраў краін «Вялікай дваццаткі» (G20), якая ў пятніцу, 30 кастрычніка, праходзіць у Атланце. Еўрапейскія міністры адмовіліся ад сумеснага фотаздымку з Лаўровым, у выніку чаго запланаваны групавы фотаздымак перад адкрыццём пасяджэння быў адменены. Пра гэта паведамляе журналіст «Радыё Свабода» Алякс Раўфаглу на сваёй старонцы ў X.
«Міністры замежных спраў краін G20 рыхтуюцца адкрыць сваю першую пленарную сесію ў Атланце, прысвечаную геапалітычным пытанням, на фоне глыбокіх разыходжанняў адносна глабальных канфліктаў. Запланаваны групавы фотаздымак быў адменены пасля таго, як еўрапейскія дыпламаты выступілі супраць таго, каб з’явіцца побач з Лаўровым», — гаворыцца ў паведамленні журналіста.
Пазней карэспандэнт апублікаваў відэа адкрыцця пасяджэння, у якім уступовую прамову прамаўляе дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіо. Кіраўнік амерыканскай дыпламатыі папярэдзіў, што свет стаіць перад «момантам выбару» на фоне нарастаючых эканамічных і геапалітычных крызісаў. Ён заклікаў удзельнікаў умацоўваць супрацоўніцтва ў пытаннях свабоды судаплаўства, харчовай бяспекі і глабальнай эканамічнай стабільнасці.
Нагадаем, Лаўроў выдаткаваў больш за 20 гадзін на дарогу ў ЗША, бо самалёту расійскага міністра давялося аблятаць краіны, якія Масква лічыць «нядружалюбнымі».
Сустрэча міністраў замежных спраў у Атланце з’яўляецца падрыхтоўчым этапам да саміту на ўзроўні лідараў краін G20, які ў сярэдзіне снежня адбудзецца ў Маямі.