20 траўня 2024, панядзелак, 16:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барак Абама: Улады Беларусі пазбаўляюць свабоды журналістаў

14
Барак Абама: Улады Беларусі пазбаўляюць свабоды журналістаў

Прэзідэнт ЗША падпісаў закон, які абавязвае Дзярждэпартамент сачыць за становішчам свабоды прэсы ва ўсіх краінах свету.

Закон аб свабодзе прэсы, таксама названы законам імя Дэніэла Перла ў гонар амерыканскага журналіста, выкрадзенага і забітага тэрарыстамі ў Пакістане 1 лютага 2002 года, таксама павінен прыцягнуць асаблівую ўвагу ЗША да тых урадаў, якія ўціскаюць свабоду прэсы.

Па словах прэзідэнта Барака Абамы, закон аб свабодзе прэсы імя Дэніэла Перла «пасылае выразны сігнал ад урада ЗША і Дзярждэпартамента пра тое, што Амерыка сочыць за тым, як урады іншых краінаў паводзяць сябе ў дачыненні да прэсы».

Паводле новага закона, Дзярждэпартамент абавязаны ацэньваць стан свабоды прэсы ва ўсіх краінах свету і прыцягваць асаблівую ўвагу да тых урадаў, якія патураюць уціску прэсы.

«Без такой увагі краіны і ўрады часта лічаць, што яны могуць беспакарана дзейнічаць супраць СМІ. Мы хочам адправіць ім сігнал, што гэта не так», – сказаў Абама.

Такая ўвага з'яўляецца апраўданай. У нядаўнім паведамленні з нагоды Сусветнага дня свабоду друку Барак Абама адзначыў, што мінулы год быў цяжкім з пункту гледжання свабоды прэсы ва ўсім свеце.

Хаця людзі атрымалі больш шырокі, чым калі-небудзь у гісторыі, доступ да інфармацыі праз Інтэрнэт і сотавыя тэлефоны, урады такіх краінаў, як Беларусь, Паўночная Карэя, Эфіёпія, Іран і Венесуэла, абмяжоўвалі свабоду самавыяўлення, пазбаўляючы людзей паўнавартаснага доступу да выкарыстання гэтых тэхналогіяў.

У мінулым годзе загінула больш супрацоўнікаў СМІ, якія выконвалі свой прафесійны абавязак, чым у любы іншы год сучаснай гісторыі. Вялікая колькасць ахвяраў у значнай ступені тлумачыцца гібеллю больш чым 30 журналістаў у філіпінскай правінцыі Магінданаа напярэдадні выбараў. Акрамя таго, да гэтага часу застаюцца беспакаранымі забойствы журналістаў у Самалі і Гандурасе.

Яшчэ больш журналістаў апынуліся ў зняволенні. «У Іране, пасля задушэння пратэстаў, якія адбыліся ў выніку апошніх выбараў, – адзначыў Абама, – у цяперашні час за кратамі знаходзіцца больш журналістаў, чым у любой іншай краіне. Урады Беларусі, Бірмы, Венесуэлы, Кітая, Кубы, Паўночнай Карэі, Туніса, Узбекістана і Эрытрэі пазбаўлялі свабоды журналістаў, якія пісалі крытычныя артыкулы пра кіраўнікоў і іх палітыку».

Злучаныя Штаты ушаноўваюць тых, хто выконвае гэтыя жыццёва важныя задачы, нягледзячы на шматлікія цяжкасці і пагрозы. Так павінны рабіць усе краіны. Артыкул 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека гарантуе права на свабоду выказвання, у тым ліку права на свабодную прэсу, адзначае радыёстанцыя «Голас Амерыкі».

Не можа быць ніякіх сумневаў у тым, што свабодная і незалежная прэса з'яўляецца цэнтральным элементам дынамічнай дэмакратыі, якая добра функцыянуе.

Нагадаем, што ў Беларусі ў апошні час узмацніўся ціск на журналістаў. У цяперашні час супраць незалежнага навінавага інтэрнэт-рэсурсу charter97.org узбуджаныя дзве крымінальныя справы. У офісе сайта быў праведзены ператрус і канфіскаваныя 8 кампутараў. Журналістка charter97.org Наталля Радзіна, журналісты «Народнай волі» Святлана Калінкіна і Марына Коктыш, а таксама карэспандэнт «Новай газеты» Ірына Халіп праходзяць па адной з гэтых крымінальных справаў сведкамі – у іх канфіскавалі кампутары і ўвесь час выклікаюць на допыты. Пры гэтым Наталля Радзіна падчас ператрусу была збітая.

Днямі пасля ператрусу ў яго кватэры быў арыштаваны рэдактар апазіцыйнай газеты «Таварыш» Сяргей Вазняк.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках