Літоўскія палітыкі вешаюць на сцены партрэт Грыбаўскайтэ з дыктатарам
6- 23.09.2010, 10:14
Былы спікер парламента Літвы, лідэр Партыі народнага адраджэння Арунас Валінскас, як прыкладны палітык, павесіў у сваім кабінеце фатаграфію прэзідэнта Далі Грыбаўскайтэ.
Аднак гэта – не афіцыйны партрэт кіраўніка краіны, а іранічны фотамантаж.
Гэтую выяву ў мінулым годзе на сваёй вокладцы надрукавала адно выданне, адбылося гэта, калі ў Літве гасцяваў Аляксандр Лукашэнка, піша ru.DELFI.lt са спасылкай на Lietuvos rytas.
Грыбаўскайтэ выяўленая побач з Лукашэнкам на фоне беларускага сцяга.
Валінскас не захацеў тлумачыць, чаму на сцяне яго кабінета вісіць менавіта гэты фотамантаж.
Не выключана, што «прыкусіць» язык лідэра Партыі народнага адраджэння прымушае і тое, каб яшчэ больш гневу не пралілося на прадстаўніка партыі – міністра аховы навакольнага асяроддзя Гедымінаса Казлаўскаса.
Аднак, па звестках газеты, сваім паплечнікам і калегам Валінскас весела тлумачыць, што ён, як і кожны палітык, павесіў фатаграфію прэзідэнта на сцяне кабінета з павагі.