У Мінску маладая пара зладзіла ў краме фокус з пераапрананнем
- 31.10.2026, 20:19
- 2,584
Іх планам перашкодзіла сігналізацыя.
У Мінску ўзбудзілі крымінальную справу супраць 21-гадовай дзяўчыны і 28-гадовага мужчыны, якіх міліцыя падазрае ў крадзяжы адзення з крамы. Пра гэта паведаміла ГУУС Мінгарвыканкама ў сваім тэлеграм-канале.
Пра крадзеж у Савецкі РУУС паведамілі з самай крамы. У ходзе праверкі высветлілася, што да крадзяжу можа быць датычная маладая пара.
Паводле звестак міліцыі, наведвальнікі выбралі ў гандлёвай зале некалькі рэчаў і пайшлі ў прымяральню. Там дзяўчына надзела новую куртку, спартыўны касцюм і абутак, а свае старыя красоўкі пакінула на вітрыне. Яе спадарожнік таксама пераапрануўся ў новыя рэчы, а ўласнае адзенне расклаў па вітрынах.
Калі пара выходзіла з крамы, спрацавала сігналізацыя. Іх паспрабавалі затрымаць, але яны вярнулі толькі частку рэчаў і зніклі. Шкоду ацанілі прыкладна ў 180 рублёў.
Раней гэтая пара ўжо прыцягвалася да крымінальнай адказнасці за падобныя злачынствы.