25 красавiка 2024, Чацвер, 7:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ёрг Форбрыг: У Беларусі могуць пачацца нечаканыя перамены

19
Ёрг Форбрыг: У Беларусі могуць пачацца нечаканыя перамены

У прэзідэнцкай кампаніі ёсць абнадзейлівыя сігналы, лічыць нямецкі эксперт.

Эксперт фонду Маршала Ёрг Форбрыг у інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» назваў адрозненні цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі ад папярэдніх.

На думку Форбрыга, ЕЗ грае на гэтых выбарах ненаўпроставую ролю і павінен быць гатовы да магчымых пераменаў у Беларусі, якія не такія далёкія, як можа падавацца ў Брусэлі.

- У чым адрозненне цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі ад папярэдніх?

- У прынцыпе, спачатку я хачу сказаць, што сапраўдныя выбары ў Беларусі не чакаюцца. Мяркую, што выбарчая кампанія, калі зыходзіць з таго, якая складваецца цяпер карціна, у аснове сваёй будзе праходзіць дакладна гэтак жа, як у 2001 і 2006 гадах. Існуе цэлы пералік індыкатараў на карысць такога сцвярджэння.

З пачатку года ўзмацніліся рэпрэсіі ў дачыненні да актывістаў грамадзянскай супольнасці і журналістаў. Як і раней мае месца поўны кантроль уладаў над рынкам мас-медыя і выкарыстанне дзяржаўных СМІ ў інтарэсах уладаў. Мы сталі сведкамі слоўных нападкаў Лукашэнкі на іншых кандыдатаў, а таксама яго спасылак на мінулыя выбары, на якіх Лукашэнка нібыта атрымаў пераважную падтрымку насельніцтва. У гэтым сэнсе падаецца, што вельмі мала што змянілася.

Відавочна, што свабодныя выбары ў Беларусі пры цяперашнім урадзе не вітаюцца. Я думаю, што яшчэ адно сведчанне на карысць гэтага - склад выбарчых камісіяў, у якіх ледзьве ўлічанае прадстаўніцтва апазіцыі. Таму, мне здаецца, што працэс ідзе так, як у ранейшым.

Тым не менш, я б сказаў, што ёсць факты, якія выглядаюць абнадзейліва. Па-першае, смеласць розных кандыдатаў, якія наогул вырашыліся ўдзельнічаць у выбарах, хаця, па сутнасці, нельга было такога чакаць.

Асабліва цікава назіраць тое, што пры фарміраванні ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў была прадэманстраваная вельмі вялікая актыўнасць. У групах шэрагу апазіцыйных кандыдатаў аказалася нават больш сябраў, чым у Аляксандра Мілінкевіча ў 2006 годзе. Гэта важны сігнал, які, як мне падаецца, цалкам дае падставу казаць пра тое, што шырокія слаі насельніцтва цікавяцца выбарамі.

Аналагічныя сігналы мы атрымліваем, назіраючы за тым, як ідзе збор подпісаў у падтрымку вылучэння апазіцыйных кандыдатаў. На мой погляд, ён праходзіць вельмі паспяхова. Да гэтага часу, наколькі я магу ацэньваць, яны сабралі каля паўмільёна подпісаў, што сведчыць аб вялікай цікавасці грамадства да апазіцыйным кандыдатаў, іх крытыкі цяперашняй улады і прапановаў адносна таго, як можна змяніць сітуацыю ў краіне.

- Якую ролю адыгрывае Еўразвяз у цяперашніх выбарах у Беларусі?

- Перш за ўсё, важна падкрэсліць, што Беларусь - гэта еўрапейская краіна. Еўразвяз на цяперашніх выбарах грае ненаўпроставую ролю з розных пунктаў гледжання. Па-першае, ЕЗ з'яўляецца важным зыходным пунктам праграмаў для шэрагу кандыдатаў, напрыклад, для Андрэя Саннікава, які прадстаўляе кампанію «Еўрапейская Беларусь».

Гэта паказвае, што шмат для каго ў Беларусі ЕЗ застаецца прывабнай у доўгатэрміновай перспектыве магчымасцю для будучыні краіны. І гэта правільная арыентацыя, якую падзяляе шмат хто з апазіцыянераў.

Дакладна гэткую ж ненаўпроставую ролю, без усялякага ўмяшання, грае ЕЗ уласна ў выбарчым працэсе. Наколькі я ведаю, з боку ЕЗ будзе арганізаванае назіранне за выбарамі, і разам з АБСЕ дадзеная ім ацэнка.

- Наколькі важным для Лукашэнкі з'яўляецца пытанне прызнання выбараў?

- Напэўна, не вельмі важным. У Лукашэнкі ўжо ёсць добры вопыт. У 2008 годзе пасля выбараў у беларускі парламент ЕЗ зрабіў вялікі крок насустрач Менску і запрасіў яго ў «Усходняе партнёрства». І гэта было зроблена, нягледзячы на тое, што выбары не былі свабоднымі, без нейкіх крокаў з боку Беларусі ў накірунку дэмакратызацыі.

Паўтаруся, на гэты момант ужо ёсць шэраг фактараў, напрыклад фармаванне тэрытарыяльных выбарчых камісіяў, якія ўплываюць на вынік выбараў, з'яўляючыся часткай выбарчага працэсу, і якія робяць вельмі цяжкім прызнанне выбараў з боку ЕЗ свабоднымі і справядлівымі.

- Як вынікі выбараў паўплываюць на стасункі Беларусі і ЕЗ?

- Мы павінны спачатку азірнуцца назад і прызнаць, што стасункі ЕЗ і Беларусі за апошнія 15 гадоў былі не асабліва інтэнсіўнымі. Доўгі час увогуле не існавала кантактаў, якія заслугоўваюць узгадвання. Два гады таму запрашэннем Беларусі ва «Усходняе партнёрства» была зробленая спроба будаваць стасункі з Менскам з дапамогай формулы зменянення праз збліжэнне.

Я мяркую, што на гэты конт у Брусэлі і ў сталіцах краінаў-сябраў ЕЗ за апошнія гады надышло працверажэнне. У асноўным са шкадаваннем адзначаецца, што перамены не надышлі. Беларусі прапануецца супрацоўнічаць на розных узроўнях, у галіне тэхнічнага садзейнічання, у сферы грамадзянскай супольнасці, на палітычным узроўні.

Але ў адказ з Менска не робіцца ніякіх крокаў, каб правесці палітычную лібералізацыю ўнутры краіны. Гэта не можа не выклікаць у шмат каго ў ЕЗ пэўнае расчараванне і ўсведамленне бяссілля ў тым, што датычыць магчымых зменаў у Беларусі.

На мой погляд, гэта вядзе да таго, што стасункі паміж Беларуссю і ЕЗ, нягледзячы на выбары, застануцца на адносна нізкім узроўні. Асабіста я лічу гэта памылкай, таму што прытрымліваюся думкі, што спадарожныя выбарам абставіны, пра якія я казаў вышэй, змяніліся ў лепшы бок.

Акрамя таго, па-мойму, змянілася дзеянне і такога важнага фактару, якім з'яўляецца Расея. Мы не можам зыходзіць з таго, што Масква аўтаматычна прызнае вынікі выбараў. Там разважаюць пра тое, што не Лукашэнка, а іншы прэзідэнт Беларусі мог бы быць больш прымальным з пункту гледжання інтарэсаў Расеі.

У гэтым сэнсе ЕЗ павінен уважліва сачыць за тым, што ў Беларусі адбываецца, і рэагаваць, калі ў краіне пачнуцца нечаканыя перамены. Яны, магчыма, не такія далёкія, як хтосьці ў Брусэлі і яшчэ дзе-небудзь думае.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках