26 апреля 2024, пятница, 20:42
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Беларусаў чакае рэзкае павелічэньне коштаў ЖКГ

1

Улады не перастаюць паўтараць, што не дапусьцяць падвышэньня коштаў на паслугі ЖКГ. Лукашэнка сваім рашэньнем увёў абмежаваньне: гадавы рост коштаў ЖКГ толькі 5 даляраў у год. Аднак зараз чуваць з вуснаў дзяржаўных чыноўнікаў, што чакаецца рост аплаты за ацяпленьне ў сувязі з новымі коштамі за газ, які імпартуецца з Расеі.

Паводле апошніх заяваў беларускіх чыноўнікаў, кошты ацяпленьня ў гэтым годзе могуць вырасьці больш чым у два разы. Больш падрабязна пра тое, якія кошты вырастуць і наколькі, «Польскае радыё» размаўляе сёньня зь Ірынай Жыхар, старшынёй Беларускай арганізацыі працоўных жанчынаў, якая ўжо некалькі гадоў удзельнічае ў распрацоўцы рэформы ЖКГ, якую вядуць незалежныя экспэрты й грамадзкія арганізацыі ў Беларусі.

-- Сапраўды ўлада кажа пра тое, што больш ня будзе падвышэньняў цэнаў на паслугі ЖКГ у гэтым годзе, згодна з пастановай прэзыдэнта, але некалькі дзён таму была агучана афіцыйная інфармацыя, што рэзка ўзрасьце аплата за ацяпленьне й падагрэў гарачай вады. У параўнаньні зь сёньняшнімі аплатамі, кошты ўзрастуць у два разы. Так аднапакаёвая кватэра, якая сёньня каштуе 40-42 рублёў у месяц, то пры росьце коштаў на ацяпленьне жыхары гэтай кватэры будуць плаціць на 30 тысячаў болей. Аплата за трохпакаёўку ўзрасьце да 170 тысяч на месяц. Гэта зьвязана, паводле уладаў, зь вельмі дарагім газам. Адсюль павышэньне тарыфаў за ацяпленьне й за падагрэў гарачай вады.

У Беларусі толькі ў новых дамах і там, дзе ёсьць больш-менш адказныя ўласьнікі, устаноўлены групавыя лічыльнікі на ацяпленьне. У Беларусі дамінуе стары жылы фонд, а там немагчыма пракантраляваць, колькі гігакалёрыяў будзе спажывацца на дом.

Якім чынам гэта будзе адбывацца, як нашыя людзі ўсё гэта змогуць аплаціць, шчыра кажучы, я цяжка сабе ўяўляю. Сёньня ўжо існуе мільярдная запазычанасьць, у людзей няма магчымасьці аплочваць старыя кошты паслугаў. Калі яны павысяцца, то запазычанасьць вырасьце. І што з гэтым рабіць? Усіх не пераселіш у менш камфартабельнае жыльлё.

-- Што могуць зрабіць людзі, каб зьменшыць аплату за цяпло?

-- Калі сёньня вельмі дакладна адрэгуляваць свой цеплавузель, калі ўсталяваць у дамах тэхналёгіі энэргаашчаднасьці, то гэта дасьць магчымасьць скараціць да 30% спажываньне цеплаэнэргіі, якая паступае на дом. Людзі сапраўды гэта могуць зрабіць і гэтым трэба займацца. Дзяржава першай павінна гэта прапагандаваць. Аднак сёньня дзяржава ня мае на гэта ні магчымасьцяў, ні людзей, якія гэтым бы заняліся. ЖЭС-ы сёньня займаюцца тым, што абслугоўваюць як могуць дамы, у тым стане, у якім яны ёсьць.

Дзяржава павінна даваць на шматкватэрныя дамы датацыю, якая павінна пакрываць да 60% выдаткаў на іх утрыманьне, таму што людзі праз жыроўкі плацяць толькі 37%. Сёньня дзяржава гэтых грошай практычна не дае, і ЖЭС-ы жывуць з тых сродкаў, якія зьбіраюць зь людзей. Тутака ўзьнікае пытаньне, а дзе пайшлі падаткі, пэўны адсотак якіх адлічваецца на ЖКГ. Так што калі дзяржава ня хоча гэтым займацца, то гэта павінны зрабіць самі людзі.

-- Эканомія цеплаэнэргіі зьвязана з тым, наколькі ацеплены жылы дом, ці была ў ім праведзена цеплавая мадэрнізацыя: то бок ацеплены сьцены, дах, пастаўлены новыя, больш шчыльныя вокны, каб скараціць страты цяпла. Колькі сёньня ў Беларусі дамоў, дзе зроблена такая цепламадэрнізацыя, колькі патрабуюць такіх працаў?

-- Я ня маю такой інфармацыі, але пра гэта можна казаць на падставе дадзеных пра працы па капітальнаму рамонту ў Беларусі. Цеплавая мадэрнізацыя – гэта элемэнт капітальнага рамонту. Сёньня гэта праблема для жыхароў шматлікіх старых дамоў. Зараз даведацца пра тое, якія грошы ўжо сабраныя на рамонт дому, а гэтыя сродкі павінны знаходзіцца на субрахунках і г.д., – проста немагчыма. Аднак міністар ЖКГ два месяцы таму, выступаючы перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, заявіў, што недарамонт шматпавярховых дамоў у Беларусі складае больш за дзьвесьце гадоў. Гэта значыць, што сёньня тысячы дамоў патрабуюць капрамонту й цеплавой мадэрнізацыі для таго, каб быць функцыянальнымі.

Самыя вялікія страты цяпла бяруцца ад таго, што ацяпленьне цэнтралізаванае, і мы фактычна абаграем зямлю, замест таго, каб абаграваць дамы. Павінна быць наадаварот, у дом павінна ісьці халодная вада, а падагравацца яна павінна бойлерам, які ўстаноўлены ў доме. Калі будзе капітальны рамонт, і зроблена сапраўдная цеплавая мадэрнізацыя, то эканомія можа даходзіць да 50-60%. Я гэта мяркую з летувіскага досьведу. Там дзяржава аплочвае 50% капрамонту, пры ўмове, што робіцца цеплавая мадэрнізацыя, якая дазваляе эканоміць да 30% цяпла. І людзі зацікаўлены, таму што там вельмі дарагія і газ, і нафта. Гэты прыклад і наша дзяржава магла б узяць, каб ініцыяваць больш хуткі працэс капітальных рамонтаў. Сёньня на чым палягае яшчэ адна праблема з капрамонтамі: адказнасьць за правядзеньне рамонтаў бярэ на сябе дзяржава. Яна сама наймае падрадчыкаў, а яны проста спэкулююць і неэфэктыўна расходуюць дзяржаўныя грошы. Вельмі важна пры капрамонце, каб у доме было створана таварыства ўласьнікаў, якое з самага пачатку – з састаўленьня праектна-сьметнай дакумэнтаацыі – кантралявала б гэты працэс, каб гэтыя грошы не пайшлі на іншыя патрэбы іншых людзей.

Вопыт суседзяў – летувісаў ды палякаў – паказвае, што да высокіх коштаў на газ можна падрыхтавацца, праводзячы рэформу ЖКГ і ўводзячы ашчадныя тэхналёгіі. Тады высокія кошты энэргарэсурсаў кампэнсуюцца нізкім узроўнем спажываньня энэргіі. Аднак гэта працэс, які доўжыцца не адзін год і пра яго трэба думаць ды рахтавацца задоўга да падвышэньня коштаў на газ.

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях