19 февраля 2017, воскресенье, 17:14

Маніфест беларуса

16
Зьміцер Дрозд

Мы — унікальная і непаўторная нідзе на Зямлі сумесь генаў, культур, моў і народаў.

Рух гісторыі — гэта бесперапынны працэс, які разбіваецца на адрэзкі рознай працягласці існаваннем розных дзяржаўных утварэнняў, але гэта не значыць, што паміж гэтымі перыядамі разрываецца і сувязь чалавечых пакаленняў. З часоў масавага перасялення славянскіх плямёнаў (да VII-IX стст.) на нашай зямлі не было ніякіх іншых масавых перасяленняў.

А гэта значыць, што мы — беларусы — нашчадкі балцкіх плямёнаў, тых якія жылі да прыходу славян на гэтыя землі, якія не стварылі сваіх дзяржаў, былі часткова асіміляваны, а часткова захавалі свае «выспы» сярод славянскага насельніцтва аж да канца Сярэднявечча і пасля.

Мы — беларусы — нашчадкі людзей, якія жылі ў Полацкім (горад упершыню згадваецца ў 862 годзе!), Тураўскім, Пінскім, Мінскім, Гарадзенскім, Смаленскім, Слуцкім, Мсціслаўскім і іншых княствах, размешчаных на нашай зямлі, якія ўвайшлі ў сусветную гісторыю і культуру арыгінальнымі помнікамі архітэктуры, пісьменства і рэлігійна-духоўнага жыцця.

Мы — беларусы — нашчадкі людзей, якія стварылі і жылі ў Вялікім княстве літоўскім, адной з найбуйнейшых еўрапейскіх дзяржаў з больш чым 500-гадовай гісторыяй, якое ўвайшло ў склад канфедэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітай абодвух народаў. Тых, хто не толькі пакрыў сябе вечнай славай на поле бою, атрымаўшы перамогі над наймацнейшымі войскамі крыжакоў, турак, татараў і масквіцінаў, але былі аднымі з першых у свеце ці сярод суседзяў у кнігадрукаванні, перакладзе Бібліі на нацыянальную (старабеларускую) мову, законатворчасці, праве, паэзіі, навуцы, рамёствах і іншых сферах чалавечага жыцця.

Нашчадкі тых, хто пасля падзелаў і акупацыі жыў у Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Гродзенскай і Віленскай губернях, якія менш за 150 гадоў уваходзілі у склад Расійскай імперыі, насельніцтва якіх падвяргалася ўсеагульнай русіфікацыі, але па дадзеных перапісу 1897 года на 80% размаўляла на беларускай мове. Тых, хто даў свету дзесяткі геніяў літаратуры (на жаль, часцей на іншых мовах), музыкі, жывапісу, навукі і ваеннага мастацтва.

Мы — беларусы — нашчадкі людзей, якія ў 1918 году зрабілі першую спробу стварэння нашай нацыянальнай дзяржавы — Беларускай народнай рэспублікі, але тады наша мара была растаптаная больш магутнымі суседзямі, а народ падзелены.

Мы — беларусы — нашчадкі людзей, якія жылі ў БССР (якая ўваходзіла 70 год у склад СССР) і Польскай Рэчы Паспалітай (1921-1939), дзе падвяргаліся нацыянальнай дыскрымінацыі: русіфікацыі, саветызацыі і паланізацыі, а таксама рэпрэсіям, якія унеслі жыцці сотняў тысяч беларусаў. З-за злачынных планаў Гітлера і Сталіна па захопу сусветнага панавання наша зямля стала арэнай самай кровапралітнай у сусветнай гісторыі вайны, якая забрала жыцці ад 2,5 да 3 мільёнаў жыхароў Беларусі, і ў 1945 годзе БССР стала адной з краін заснавальніц ААН.

Нашы продкі маглі называць сябе ці быць названымі суседзямі: літва, яцвягі, крывічы, дрыгавічы, радзімічы, літвіны, тутэйшыя, беларусы, а маглі і зусім ніяк не называцца. Акупанты ці суседзі, якія мелі планы на нашу зямлю, называлі нашых продкаў рускімі або палякамі, або ў сваіх шавіністычных ідэалогіях зусім адмаўлялі наша існаванне як народа. Але мы — тыя, хто ў 1991 годзе пасля нашага непаўторнага 1000-гадовага шляху дасягнулі вяршыні развіцця любой нацыі, таго, за што дзясяткі народаў стагоддзямі вядуць барацьбу — стварэння сваёй Незалежнай дзяржавы — Рэспублікі Беларусь.

Мы — унікальная і непаўторная нідзе на Зямлі сумесь генаў, культур, моў і народаў — нашых продкаў, але мы не яны. Мы жывем тут і цяпер, і па гэтым шляху мы можам рухацца толькі наперад. Мы не можам адкруціць час назад і стаць тымі, хто жыў тут 1000 або 500 гадоў таму, стаць крывічамі або літвінамі. І любая падобная спроба, тым больш, такая, што суправаджаецца абразлівымі і недапушчальнымі метадамі, мае прымусіць нас працаваць замест стварэння рэальнай моцнай дзяржавы над утапічнымі пражэктамі, выгаднымі толькі ворагам Беларусі.

Мы павінны разумець, што існаванне нашай дзяржавы гэта не рэчаіснасць, дадзеная раз і назаўсёды, што былі і будуць напалеоны і гітлеры, якія будуць разглядаць нашу зямлю, як сваю «спрадвечную вотчыну». Мы павінны зрабіць усё, каб спыніць нават думкі аб магчымасці анексіі ці падзелу нашай краіны па “крымскаму”, “данецка-луганскаму” або любому іншаму сцэнару. Патрэбна кожны дзень працаваць на тое, каб наша дзяржава заставалася незалежнай і суверэннай, не дапускаць ніякіх ідэй аб перадзеле свету і межаў. Не дазваляць нікому вырашаць за нас, вызначаць нашае мінулае (стварэннем і навязваннем нам сваіх кропак гледжання на нашу гісторыю), сучаснасць і будучыню, тым больш, абражаць нашу нацыянальную годнасць.

Беларусы — гэта народ з непаўторнай тысячагадовай гісторыяй, Беларусь — гэта наша нацыянальная дзяржава, і толькі ў ёй мы зможам дасягнуць максімальнай рэалізацыі, свабоды, культурнага і эканамічнага развіцця ўсіх разам і кожнага паасобку, а таксама нашых дзяцей і нашчадкаў. Страта дзяржаўнасці або ўваходжанне ў склад іншай дзяржавы — гэта крок на стагоддзі назад, гэта б зноў стала вымушаным падпарадкаваннем рашэнню чужых мэтаў, працай на чужую эканоміку, культуру, навуку, рэалізацыю чужых геапалітычных праектаў па перадзелу свету, што заўсёды каштавала нам — беларусам — сотняў тысяч жыццяў лепшых сыноў і дачок нашай Радзімы. Толькі незалежная Беларусь — гэта гарантыя існавання нашага асабістага і нашых нашчадкаў. Жыве Беларусь! 

Зьміцер Дрозд, bydc.info