14 декабря 2018, пятница, 11:55
Спасибо вам
Рубрики

«Нацыянальная свядомасць беларусаў пачала пашырацца з хуткасцю электрычнай іскры»

Успаміны слуцкага паўстанца Тодара Данілюка.

Сайт pawet.net апублікаваў мемуары аднаго з удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну Тодара Данілюка.

Звыш чвэрці стагодзьдзя адышло ў нябыт з тае пары, калі мне давялося браць удзел у падзеях, якія зьяўляюцца вялікім паваротам у гісторыі беларускага адраджэньня. На думку я маю здарэньні, зьвяэаныя з абвяшчэньнем незалежнасьці Беларусі ў 1918 годзе і асабліва стварэньне беларускіх вайсковых адзінак і беларускае збройнае змаганьне на працягу ад 1917 па 1921 гг. Сёньня, калі мінае 24 гады ад выбуху Слуцкага паўстаньня і перад намі ўстаюць падобныя, калі ня тыя самыя заданьні, як тады, я рады падзяліцца з усімі суродзічамі, а асабліва маладым пакаленьнем, тымі сьціплымі весткамі, якія захаваліся ў маёй памяці да гэтае пары.

Яшчэ да першае сусьветнае вайны і падчас яе мне давялося адведаць шмат куткоў былое Расейскае імпэрыі. I дзе я толькі не затрымліваўся, расейцы дапякалі мяне за мой нячысты акцэнт, называючы мяне палякам, а палякі, наадварот, звалі кацапам. Чужым і адзінотным адчуваў я сябе ў шматлюднай Расеі. Тады яшчэ слова беларус у выніку русыфікацыйнае палітыкі расейскага ураду ня мела значэньня прыналежнасьці да адной нацыі, а ужывалася хутчэй як адзначэньне паходжаньня з «Северо-Западного края». Нацыянальная сьвядомасьць нараджалася ў нашых сэрцах, перамагаючы батата накінутых чужынцамі поглядаў і фальшывых уяўленьняў. Звацца беларусам тады значыла сьцягваць на сябе увагу зьверхнікаў і паддавацца бясконцым допытам і перасьцярогам.

Памятаю, калі я ў афіцэрскай школе, усьвядоміўшы канчаткова, хто я, запісаўся беларусам, мой курсавы афіцэр сказаў мне: «Ты рызыкант, калі ў вайну наважыўся напісаць, што беларус, а ня рускі». Гэтак было сярод інтэлігенцыі, што ж казаць тады аб работніках і сялянах! Народная гушча ў большасьці яшчэ спала, лічаныя адзінкі толькі пашыралі нацыянальныя ідэі і намагаліся пацягнуць народ да сьветлае будучыні. Заслужаныя іх імёны і цяжкасьці, якія яны перамаглі, з пашанай адзначыла і ўспамінаць будзе Гісторыя Роднага Краю.

Цяпер немагчыма акрэсьліць шляхі, якімі пайшло б беларускае адраджэньне, беларускі вызвольны рух, калі ня выбухнула б рэвалюцыя ў 1917 годзе, якая расхіснула Расейскую імпэрыю ў ейных асновах. Ад першых дзён рэвалюцыі нацыянальная сьвядомасьць сярод беларусаў начала пашырацца з хуткасьцю электрычнае іскры.

Я ў той час пасьля сканчэньня афіцэрскае ці, як тады называлася, «школы прапаршчыкаў» пяхоты ў Гатчыне быў прызначаны камандзірам 4-е роты, а пасьля вучэбнае каманды ў 223-м рэзэрвавым палку, які знаходзіўся ў г. Таржку. Часта ў гутарках з сваімі жаўнерамі, сярод якіх было багата беларусаў, даводзілася чуць словы пагарды аб «маскалях», спосабе іх жыцьця, жаданне вярнуцца на Беларусь і нясьмелыя яшчэ разважаньні аб магчымасьцях дзяржаўнага існаваньня нашае Радзімы.

1 кастрычніка 1917 году па маёй собскай просьбе я быў прызначаны ў 118-ы Шуйскі полк на Румынскім фронце, які ў большасьці складаўся зь беларусаў, пераважна сланімчан, г. зн. маіх землякоў.

Тут ужо неўзабаве весткі прыйшлі аб бальшавіцкім перавароце. Бальшавіцкая агітацыя здабывала сабе сярод жаўнераў багата прыхільнікаў. Вынікам гэтага сталася суцэльная дэмаралізацыя, заняпад дысцыпліны, развал арміі. Жаўнеры штодня дзясяткамі ўцякалі з сваіх аддзелаў, прадавалі і грабілі вайсковую маёмасьць. Тады заступнік галоўнага камандуючага Румынскага фронту ген. Шчарбачоў выдаў загад аб нацыянальных злучэньнях сярод арміі, якая дзеяла на Румынскім фронце. Беларусы павінны былі зьбірацца ў 4-м корпусе, які, разьмяшчаўся каля Ільештаў і Івэштаў над Сырэтам (тэрыторыя сучаснай Румыніі.- У. Л.)

Я быў прызначаны нацыянальным камісарам корпусу. Маім заданьнем было сьцягнуць усіх беларусаў у названы корпус. На жаль, абвешчаная дэмабілізацыя разьбіла ўшчэнт мае намаганьні. З цэлага корпусу засталося ня больш за паўтысячы жаўнераў.

Аднак і з гэтай жменькай мне ўдалося Выратаваць што-колечы з вайсковае маёмасьці і па собскай ініцыятыве загрузіць яе часткова на цягнікі з намёрам накіраваць у Менск. Усяго назьбіралася 6 эшалёнаў, у якіх налічвалася: каля 200 коней, звыш 2000 стрэльбаў, 12 гарматаў, 10-12 вагонаў харчоў, 4 вагоны амуніцыі і багата іншага ваеннага снадзіва.

Румынскія ўлады пачаткова адносіліся ца мае дзейнасьці прыхільна, і я яшчэ пасьпеў выслаць з в 2 цягнікі ў Менск зь невялікай аховай над камандаваньнем падпаручніка Бабіцкага. Што зь імі сталася ў дарозе - ня ведаю.

Нечакана, здаецца, у сакавіку 1918 г. адбылося пагадненьне паміж немцамі і румынамі. Выслаць далейшыя 4 эшалёны, нягледзячы на маю заяву, што ў іх знаходзіцца маёмасьць беларускіх вайсковых адзінак, было мне забаронена. Паведамленьне аб гэтым ад камандзіра нейкае асобнае нямецкае групы забралі ад мяне падчас арышту ў 1919 г. у Ваўкавыску палякі.

Прабыўшы яшчэ колькі часу на месцы і пераканаўшыся, што там на стварэньне беларускіх адзінак ці выратаваньне маёмасьці, няма больш надзеі, я накіраваўся да свае сям'і ў Таганрог.

I пасьля нядоўгага побыту ў Таганрогу, у сувязі з распадам канчатковым расейскае арміі, я ў верасьні 1918 г. вярнуўся на Бацысаўшчыну, у Слонімшчыну.

Тут застаў я сумны вобраз зьнішчэньня, які пакінула па сабе вайна. Ня маючы страхі над галавою і ніякіх пэрспэктываў на будучыню, я накіраваўся ў Ваўкавыск, да жончыных сваякоў.

У Ваўкавыску я сустрэў аднаго з колішніх беларускіх дзеячоў спадара Цярэшчанку, зь якім мы пры падтрыманьні немцаў склікалі Зьезд Ваўкавышчыны, дзе была абраная Беларуская Рада Ваўкавыскага павету, на чале якой стаяў я сам. Рада перайняла ў павеце ўсю цывільную ўладу і арганізавала беларускую конную і пешую паліцыю.

У Горадні ў той час шырока разгарнуўся беларускі рух. Тварылася беларускае войска. Я ўступіў малодшым афіцэрам у 1-шы Беларускі Горадзенскі Полк і быў прыкамандзіраваны да камэндатуры г. Горадні, у распараджэньне капітана Дзямідава. У лютым 1919 г. я быў высланы ў мяст. Вялікую Бераставіцу на вярбоўку жаўнераў.

Затым капітан Дзямідаў камандзіріаваў мяне ў распараджэньне Беларускага прадстаўніцтва ў Коўне.

У Коўне пашчасьціла мне сустрэцца з такімі выдатнымі беларусамі, як першы прэзыдэнт БНР Пётра Крэчэўскі, Васіль Захарка, Язэп Варонка, палкоўнік Езавітаў І2 ды інш.

Беларускае прадстаўніцтва накіравала мяне ў распараджэньне літоўскага камэнданта г. Коўна дзеля абняцьця камандаваньня над беларускімі жаўнерамі і дзеля сувязі.

Адгэтуль ліцьвінамі я быў прызначаны ў г. Аліту (г. Алітус у сучаснай Летуве), дзе нейкі час знаходзіўся эскадрон беларускае коньніцы над камандаваньнем ротмістра Глінскага, адышоўшы з Горадні. Там я прабыў да восені 1920 г. Тады пачалі пашырацца ў Літве чуткі, што ў Слуцку начался паўстанцкі рух супраць бальшавікоў. Дзеля падтрыманьня гэтага руху я быў Беларускім Прадстаўніцтвам накіраваны зь некалькімі стральцамі ў Слуцак.

Па дарозе, ужо ад Клецку, пачалі мы сустракаць мужчынаў з клумкамі, якія, як мы даведаліся, сьпяшаліся ў Слуцак, каб далучыцца да паўстанцаў, што было падобна на паспалітае рушаньне». У Слуцку мы зьявіліся ў Раду Случчыны, якая дала нам скіраваньне ў Беларускую Брыгаду. Я быў прыняты як малодшы афіцэр у 1-шы полк Слуцкіх Стральцоў БНР, а пасьля кароткага часу вызначаны камандзірам вучэбнае каманды.

Побыт брыгады ў Слуцку трываў нядоўга. Паміж Польшчай i РСФСР быў падпісаны мірны трактат у Рызе 18, на аснове якога Беларусь была разьдзеленая на дзьве часткі і Слуцак прыпадаў бальшавікам. Слуцкая брыгада, ня маючы належнага азброеньня, з увагі на набліжэньне бальшавіцкіх ордаў, начала адыходзіць на захад, да мяст. Семежава.

З гэтае пары і насталі дні цяжкіх перажываньняў брыгады. Адбываліся сутычкі і паважныя бойкі з бальшавікамі, між інш. пад Капылём, Цімкавічамі, Піліпавічамі, Едчыцамі, Вялікай Балваньню, сялом Цапра і скрозь па рацэ Лані. Асабліва зацяты бой адбыўся пад Цімкавічамі, дзе з нашага боку былі першыя ахвяры, урачыста пахаваныя з правага боку каля царквы ў Семежаве. На паховінах пасьля гімну меў прамову спадар Васіль Русак.

У няспынных баёх брыгада адыходзіла да ракі Лань і затрымалася ў ваколіцах Клецку.

Адтуль я з вучэбнай камандай быў высланы ў распараджэньне Беларускае Вайсковае Камісіі ў Лодзь.

Пры Беларускай Вайсковай Камісіі існаваў тады беларускі батальён, у які была ўключана вучэбная каманда. Я займаў становішча эвідэнцыйнага афіцэра пры камісіі.

З афіцэраў, якія прымалі ўдзел у Слуцкім паўстаньні, прыпамінаю: камандзіраў Брыгады - палкоўніка Гаўрыловіча, капітана Семенюка, капітапа Сокал-Кутылоўскага Антона 22 і малодшых афіцэраў - паручнікаў Капца, Рудзька, Падгурскага Уладзімера, Янкоўскага, Арцышэвіча, Лукашэвіча. Прозьвішчы іншых выйшлі ўжо з памяці.

Зь Беларускае Вайсковае Камісіі прыпамінаю наступных: палкоўніка Якубоўскага (татарын), падпалкоўніка Якубоўскага, капітана Борыка Антона, паручнікаў - Кушаля Францішка, Касьцевіча Макара, Більдзюкевіча, Радчанку, Дзехцярова, Падгурскага, Арцышэвіча, Новіка, Казеку, Гнароўскага Антона, маёра Якубецкага і капітана Семенюка.

Большасьць з найменаваных афіцэраў ужо няма ў жывых, або трапіла ў бальшавіцкія рукі і загінула.

Пасьля разьвязаньня Беларускае Вайсковае Камісіі я вярнуўся на Бацькащшчыну і пайшоў у духоўнікі, каб іншым спосабам у зьмененых абставінах служыць свайму народу.