19 марта 2024, вторник, 5:33
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Раўненне — на Быкава!

3
Раўненне — на Быкава!
Сяргей Законнікаў

Дэмакратычная Беларусь святкуе выдатную дату ў жыцці нашага народа.

19 чэрвеня 2019 года спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння вялікага чалавека і сапраўды народнага пісьменніка — Васіля Быкава. За ўсім нам вядомым імем стаяць драматычныя, але слаўныя мужнасцю і самаадданасцю перыяды айчыннай гісторыі.

Перад тым як прыйсці ў беларускую, а затым у еўрапейскую і сусветную літаратуру, вясковы хлопец з Ушаччыны выявіў сябе здольным на многае. Ён мог стаць таленавітым жывапісцам, графікам або скульптарам, бо меў пільны мастакоўскі зрок. Але яго лёсам распарадзіліся абставіны. Спачатку была сялянская беднасць, якая не дазволіла далей вучыцца, а пасля — крывавая вайна. Тым не менш галоўнае адбылося: сям’я, маленства і юнацтва, якія не былі бясхмарнымі, выхавалі смелага, мужнага, самадастатковага чалавека.

Глыбінную сутнасць творчасці Васіля Быкава — абвостранае пачуццё справядлівасці, адстойванне праўды ў любых абставінах, аплата вялікай цаной правільнага выбару — лепш можа зразумець той, хто наблізіцца да яго жыццёвых каранёў. Мне ў гэтым плане пашанцавала. Я вырас у тым краі, дзе і Быкаў, сярод лясоў і азёр, на падзольнай і камяністай зямлі, пад нардычным, крыху халаднаватым ушацкім небам. Прырода наклала адбітак і на людзей. Яны таксама маюць своеасаблівы характар, бо прыхільнікі не проста свабоды, вольнай волі, але і партызаншчыны. Яны душою непрыгладжаныя, сэрцам расхрыстаныя, вуглаватыя, колкія, хоць бываюць сентыментальнымі, любяць чуткі і плёткі. Усё пераплятаецца ў адно і часта дае непрадказальны вынік.

Менавіта Васілю Быкаву ўдалося праўдзіва і па-мастацку ярка раскрыць характэрныя, паказальныя рысы беларусаў, пакутлівыя сацыяльныя і ваенныя катаклізмы, якія выпалі на іх долю ў крывавым ХХ стагоддзі. Для мяне якасць і значнасць таго, што стварае пісьменнік, выразна высвецілася тады, калі працаваў загадчыкам сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ. Ні адзін новы і нават перавыданні ранейшых твораў В. Быкава не абыходзіліся без умяшальніцтва цэнзуры.

Сваю павагу і любоў да слаўнага, але пастаянна апальнага земляка я выказаў яму дапамогай у абароне тэкстаў ад выкрэсліванняў цэрберамі з ЦК КПСС, Галоўліта СССР, аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ і Галоўліта БССР. З 1978-га па 1986 год у доме на вуліцы Танкавай у кабінеціку пісьменніка мы часта гарталі карэктуры, пакрэмзаныя рознакаляровымі алоўкамі, ламалі галовы, як абысці нахабныя наскокі «крытыкаў» і захаваць напісанае. Асабліва шалёную атаку ўладных цемрашалаў перажылі шматпакутныя аповесці «Мёртвым не баліць» і «Знак бяды». З апошняга твора хацелі зняць трагічныя эпізоды, якія расказвалі пра знішчальную сталінскую калектывізацыю, самагубства міліцыянера В. Ганчарыка і іншыя. Дайшло да таго, што ў адным месцы намецілі выкрэсліць ажно 16 (!) старонак.

З гэтай прычыны мне давялося мець надта цяжкую, але пераможную гаворку з памочнікам сакратара ЦК КПСС па ідэалогіі М. Суслава — «шэрага кардынала» брэжнеўскага часу. На аповесці «Знак бяды», што выйшла ў 1984 годзе, напісана: «Мілы Сярожа, дарагі Сяргей Іванавіч, у знак памяці да нашай мілай і пакутнай Ушаччыны прымі гэтую кнігу ад радаснага сёння аўтара, у чыёй радасці і твая добрая доля старання. Васіль Быкаў. 11 чэрв. 1984 г.».

Што тычыцца ваенных аповесцяў Быкава, то яны глыбей раскрыліся мне на месцы жудасных баёў у студзені 1944 года каля ўкраінскай вёскі Вялікая Севярынка пад Кіраваградам, у якіх удзельнічаў пісьменнік. Я пабыў у акопах і траншэях, дзе давялося рыхтавацца да наступу на горад маладзенькаму малодшаму лейтэнанту, камандзіру ўзвода пяхоты. Яны хоць і зараслі бэзам, травою, але праглядваюцца, будзяць няпростыя перажыванні, пра што я расказаў у эсэ «Тут нарадзіўся другі раз…». Менавіта ў Вялікай Севярынцы на абеліску было пазначана прозвішча В. Быкава, бо яго палічылі забітым, паслалі «пахаронку» бацькам...

Англійскі палітык У. Чэрчыль любіў паўтараць: «Трэба глядзець фактам у твар — яны ж пазіраюць на вас». Дакладным паказчыкам таго, у якой краіне мы цяпер жывем, стала адкрыццё ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры выставы аўтографаў Васіля Быкава, прымеркаванай да юбілею. Калі, выступаючы, я прачытаў надпіс старэйшага сябра на кнізе «На крыжах»: «Сяргею Законьнікаву, з якім разам вісець на крыжах.Такая доля! В. Быкаў. 20. VІІ. 99», то ў многіх прысутных апалі пашчэнкі, павісла напружанае маўчанне. А пасля слоў, што Быкаў глядзіць на нас з дакорам за аўтарытарныя дурноту, сумбур і насілле, якія пануюць у Беларусі, некалькі чалавек уцякло. Вярнуліся яны толькі тады, калі я сеў на месца. Маўляў, на нас ніякай віны няма, мы не прысутнічалі пры яго «страшным» выступленні.

Людзі, якія кінуліся ўцякаць ад слоў праўды, пенсіянеры. Здаецца, чаго ім, ссівелым мужчынам, баяцца? Але гэта толькі на першы погляд. Пенсія ў іх па тутэйшых мерках выдатная — дзяржаўных служачых, ды хочуць мець болей. За цэрберскую службу і лаяльнасць да аўтарытарнай улады ўжо на пенсіі, іх і прыстроілі на «няпыльныя» пасады. «На круг» выходзіць у 4—5 разоў болей, чым у звычайнага пажылога чалавека. Такіх «шчасліўчыкаў» у нас шмат, і ім напляваць на астатніх.

Пасля адыходу пісьменніка ў вечнасць у краіне нічога не змянілася. Тут дзейнічае тая ж улада, якая бруднымі паклёпамі, подлым цкаваннем змусіла Васіля Быкава з’ехаць за мяжу, каб там жыць і працаваць у больш-менш спакойных умовах, каб штодзённа не чытаць, не бачыць і не чуць мярзоту ў афіцыйных газетах, па тэлебачанні і радыё. Гэта тыя ж «дзеячы», якія нават спрабавалі сарваць годнае пахаванне вялікага грамадзяніна Беларусі, стаўлялі розныя перашкоды. Мне з выдатным паэтам і сябрам Генадзем Бураўкіным давялося весці жорсткія перамовы з прадстаўнікамі адміністрацыі прэзідэнта, а затым выпраўляць створаную імі стрэсавую сітуацыю да завяршэння жалобнай цырымоніі, таму ведаю і помню ўсё дакладна…

На белым свеце я пражыў нямала. На свае вочы бачыў сталінскі «хапун», хрушчоўскі валюнтарызм, брэжнеўскі застой, андропаўскае «закручванне гаек», чарненкаўскі маразм, гарбачоўскую няўдалую перабудову. Упэўнены, што разумовае ачмурэнне значнай часткі беларусаў, «саўгасная дыктатура», якая зацягнулася, — усё гэта часовае. Народ у агульнай масе — не дэбільны, а мудры і з гумарам: «Перажылі голад, перажывем і дастатак!»

Адзінае маё шкадаванне — ніколі не вернецца згублены ўпустую час, які трэба было аддаць адраджэнню, нацыястварэнню, маральнаму і духоўнаму ўздыму. Але, калі трымацца праўды і веры, упушчанае навярстаць можна.

У прадмове да кнігі ўспамінаў «Наш Быкаў» яе ўкладальнік Г. Бураўкін напісаў: «Думаецца, што сапраўды ўсенародная слава, дзяржаўная пашана, сусветнае ўганараванне ў Васіля Быкава — яшчэ наперадзе». Так яно і будзе, калі дойдзем да свабоднай, дэмакратычнай Беларусі, пра якую марыў наш геніяльны пісьменнік.

Ён назаўсёды застаецца для беларусаў прыкладам таго, як трэба любіць сваю Айчыну, сумленна жыць і аддана працаваць дзеля яе росквіту і славы.

У нас многія любяць вайсковую экіпіроўку і тэрміналогію, а таму раўненне — на Васіля Быкава!

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях