26 июня 2019, среда, 8:06
Мы в одной лодке
Рубрики

Аўтар сцэнару «Чарнобылю» падзякаваў гледачам па-беларуску

3

Учора выйшаў апошні эпізод мінісэрыялу «Чарнобыль» вытворчасьці амэрыканскага HBO і брытанскага Sky.

Пасьля паказу сцэнарыст сэрыялу Крэйг Мэйзін у сэтцы Twitter падзякаваў гледачам па-ўкраінску, па-беларуску і па-расейску, паведамляе «Радыё Свабода».

«Вечная памяць» — з такой назвай выйшаў заключны эпізод сэрыялу «Чарнобыль». Сэрыял аказаўся найбольш рэйтынгавым у гісторыі паводле вэрсіі парталу IMBDb. Многія гледачы зьвяртаюць увагу на дакладнасьць дэталяў савецкага побыту, якія ўдалося перадаць рэжысэрам і сцэнарыстам. І гэта пры тым, што аўтары сэрыялу — замежнікі.

«Мы зьнялі гэты сэрыял у памяць пра ўсіх, хто пакутаваў і ахвяраваў сабой. Менавіта таму апошні эпізод называецца „Вечная памяць“», — растлумачыў сцэнарыст сэрыялу Крэйг Мэйзін.

Чаму Крэйг Мэйзін выбраў гэтую тэму?

«Было шмат прычын, чаму я хацеў расказаць гэтую гісторыю. Я заўсёды ведаў, што гэта трагедыя, якая непасрэдна паўплывала на ўкраінскі і беларускі народ, і ўскосна закранула сотні тысяч людзей з усяго Савецкага Саюзу», — расказвае Мэйзін.

Тэмай Украіны ён пачаў цікавіцца яшчэ ў унівэрсытэце. Там Мэйзін пазнаёміўся з украінскімі амэрыканкамі — Дорай Хамяк і Ульянай Лягедзай. Яны былі першымі, хто расказаў яму пра Ўкраіну і пра аварыю на Чарнобыльскай атамнай станцыі ў 1986 годзе. У гонар іх абедзьвюх сцэнарыст і назваў адну з галоўных гераінь сэрыялу — Ульяну Хамюк, ролю якой выконвае Эмілі Ўотсан.

Хто яшчэ дапамагаў?

Гледачы і крытыкі зьвярнулі ўвагу на прафэсійны падыход стваральнікаў сэрыялу да найдрабнейшых дэталяў побыту, што дапамагло аднавіць атмасфэру таго часу.

Нумарныя знакі аўтамабіляў, газэты, адзеньне, цыгарэты, якія курылі ў той час, гэта тое, што так важна для людзей, якія перажылі аварыю на ЧАЭС.

«Калі ты распавядаеш гісторыю пакутаў, ты павінен рабіць гэта з павагай. Як я магу выявіць павагу? Для мяне было вельмі важна атрымаць дэталі проста з тагачаснага жыцьця. Я хацеў, каб кожны цаніў і вызначыў для сябе сапраўдную, паўсядзённую прыгажосьць, і барацьбу, ахвяру і гонар жыцьця людзей, якія пацярпелі ад гэтай жудаснай падзеі», — тлумачыць сцэнарыст.

У гэтым яму дапамагала цэлая каманда людзей ва Ўкраіне і ЗША.

«Крэйг падключыў да сваёй каманды спэцыялістаў па гэтай тэме, улучна зь людзьмі, якія памятаюць Саюз і жылі ва Ўкраіне менавіта ў васьмідзясятыя гады, каб яны адрэдагавалі, каб яны раскрытыкавалі, каб кожная дэталь была правільнай», — распавядае Дора Хамюк .

Крэйг Мэйзін кажа: «Мы задаволеныя тым, наколькі нам удалося гэта зрабіць. Тое, што народ Украіны, Беларусі і Расеі добра ўспрыняў наш сэрыял, значыць для мяне больш, чым любая рэцэнзія крытыкаў».