26 апреля 2024, пятница, 10:04
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Нас было ўтрая менш, але мы перамаглi!

17
Нас было ўтрая менш, але мы перамаглi!

Перад Аршанскай бітвай Канстанцін Астрожскi заклiкаў рыцараў: «Успомнiце вашых бацькоў, дзядоў! Змагайцеся за славу сваёй зброi...»

8 верасня адзначалася 495 гадоў з дня Аршанскай бiтвы — найбольш слаўнай перамогi ў гiсторыi беларускiх ваяроў.

30 тысяч ваяроў Вялiкага Княства Лiтоўскага блiскуча перамаглi амаль ўтрая большае войска Маскоўскага княства — 80 тысяч жаўнераў!.. Гэтую бiтву старанна замоўчвалi ў савецкi час — як жа так, адна «савецкая краiна» некалi ваявала з iншай!?

Аднак у дасавецкi час расiйскiя гiсторыкi (Салаўёў, Ключэўскi) не хавалi праўды пра Аршанскую бiтву. Нават славуты Карамзiн пiсаў, што «нiколi нашыя войскi не цярпелi такога паражэння». У Расiйскай ваеннай энцыклапедыi 1914 года Бiтве пад Оршай прысвечаны вялiкi артыкул. Мiж iншым, па гэтай энцыклапедыi вучылiся расiйскiя вайскоўцы ў акадэмii. I Аршанскую бiтву iм прыводзiлi як прыклад блiскучага ваяводнiцкага майстэрства.

Пасля распаду Савецкага Саюза беларускiя гiсторыкi сталi аднаўляць карцiны нашага слаўнага мiнулага, сталi вядомыя i дэталi Аршанскай бiтвы. Упершыню ў 1992 годзе падрабязны артыкул пра Аршанскую бiтву апублiкаваў у часопiсе «Спадчына» доктар гiстарычных навук, прафесар Унiверсiтэта культуры i мастацтваў Анатоль Грыцкевiч.

Як можна перамагчы ў тры разы большае войска?!

— Гэта можна патлумачыць некалькiмi фактарамi, — тлумачыць газэце «Звязда» прафесар Грыцкевiч. — Перш за ўсё я паставiў бы патрыятызм беларускiх войнаў, беларускiх рыцыраў, беларускiх баяраў, якiя складалi пераважную большасць войска нашага ваяводы Канстанцiна Астрожскага. Бо большасць войска складалi беларусы — з 30 тысяч ваяроў толькi 4000 складалi палякi. Астанiя — «падцягвалiся ў Бярэсцi», некаторыя далучылiся ў Барысаве, дзе знаходзiўся сам вялiкi князь Жыгiмонт, дзе была ягоная стаўка.

А ў чым выяўляўся патрыятызм, якi дапамог перамагчы?

— Лепш за ўсё пра гэта напiсаў гiсторык Мацей Стрыйкоўскi. Ён прыводзiць словы выступленняў Канстанцiна Астрожскага перад бiтвай i ў час бiтвы. Там Астрожскi заклiкае рыцараў: «Успомнiце вашых бацькоў, дзядоў! Змагайцеся за славу сваёй зброi...» А потым, калi быў ужо такi момант напружаны, ён нават звярнуўся да войска: «Сынкi, змагайцеся — я сам з шабляй iду наперад!..» Так нязвыкла! А ён жа быў стары, яму было 54 гады — а «сынкам» было па 20—25, можа, 30... Такая вось iдэйная падрыхтоўка. Акрамя таго, перад Аршанскай бiтвай, як было прынята ў той час, ва ўсiм войску Канстанцiна Астрожскага былi праваслаўныя малебны. Невялiкая частка ваяроў была каталiкамi — i ксяндзы таксама малiлiся... Далей, у перамозе трэба падкрэслiць вопыт беларускiх ваяроў, якiя да таго часу змагалiся i з татарамi, i з маскоўцамi, i з крыжакамi...

Анатоль Пятровiч, iм жа было па 20 гадоў — якi там можа быць вопыт?..

— Дык яны ж ад 15—16 гадоў пачыналi ваяваць!..

«Астрожскi ведаў маскоўскае войска, бо сам некалi там служыў»

— Якiя бiтвы папярэджвалi Аршанскай? Дзе нашыя войны маглi патрэнiравацца?

— Былi дробныя сутычкi войскаў Астрожскага з маскоўцамi на рацэ Бобр, ля Смаленска... Але такiх вялiкiх, як Аршанская, не было.

Адкуль у Канстанцiна Астрожскага ўзялося столькi майстэрства i вайсковай хiтрасцi?

— Па-першае, гэта безумоўны вайсковы талент. Жыгiмонт не наважыўся б сам з такiмi маленькiмi сiламi весцi войска ў бой, таму на чале i стаў Астрожскi. Ён ведаў, як ваяваць, ведаў маскоўскае войска — бо некаторы час, калi быў ваеннапалонным, нават служыў у гэтым войску. Iван III узяў яго ў палон, а Васiль III прызначыў яго камандуючым аховаю паўднёвай мяжы Расiйскай дзяржавы ад татараў. Астрожскi служыў-служыў, а потым уцёк. I яго нават не схапiлi, таму што заехаў у царкву памалiцца. Пакуль ён малiўся, пагоня праляцела мiма. А яму падказалi, што тут была маскоўская пагоня — ён паехаў iншым шляхам i прыехаў дадому.

Анатоль Пятровiч, мы маем унiкальную сiтуацыю: i сёння месца Аршанскай бiтвы выглядае гэтак жа, як 495 гадоў таму. Цi можна на натуры аднавiць схему бiтвы?

— Дняпро у тым месцы выгiнаецца i ўтварае такi паўвостраў, дзе з трох бакоў — вада. Астрожскi спецыяльна паставiў войска ў гэтую адтулiну. Яны ведалi — за iмi Дняпро, вельмi круты бераг, адступаць i ўцякаць няма куды. Хоць уцякалi з поля бою тады вельмi рэдка — калi пагоня не заб'е, то пасля маёнтак адбяруць... У лясочку на ўскрайку Астрожскi паставiў сваю артылерыю, схаваўшы iх у кустоўi. Пяхота таксама была схаваная ў лесе. Тое, што ворагi не пабачылi артылерыю, было прыкрыццём, каб заманiць маскоўскую коннiцу i разграмiць яе. Што i было зроблена. Калi маскоўскае войска рушыла на нашае, Астрожскi iмiтаваў адступленне, прычым амаль панiчнае. Ворагi ўзрадавалiся ды, парушыўшы сваё пастраенне, кiнулiся даганяць «уцекачоў». У гэты момант «уцекачы» расступiлiся, прапусцiўшы ворагаў да Дняпра, а самi замкнулi кола. Грымнула нашая артылерыя — i ў пярэднiх маскоўскiх коннiкаў, i ў заднiх. Заднiя думаюць, што пярэднiх ужо няма, а пярэднiя бачаць, што i заднiх ужо б'юць!.. Гэта быў спецыяльны эфект, каб заблытаць працiўнiка — i гэта выратавала беларускае войска. Яшчэ адзiн фактар, якi нам дапамог — гэта супернiцтва мiж маскоўскiмi ваяводамi. Чаляднiн i князь Булгакаў-Голiца — кожны з iх меў пароўну войска, i кожны хацеў разграмiць працiўнiка сам, каб выслужыцца перад Вялiкiм князем. Таму, калi наступалi на адно крыло, другое вяло бой нехаця, можна сказаць. А калi ўжо адбылася наша перамога, тады ўжо уцякалi разам абодва крылы маскоўскага войска. Дарэчы, маскоўскае войска на гэтую бiтву нават не ўзяла з сабой артылерыю — настолькi былi ўпэўненыя ў перамозе!..

Написать комментарий 17

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях