26 апреля 2024, пятница, 15:08
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Паляванні князя Радзівіла

3
Паляванні князя Радзівіла

Некаранаваныя валадары Беларусі ўмелі быць велічнымі ва ўсім.

У XIX ст. у шляхецкім асяродку адной з найбольш папулярных форм правядзення вольнага часу было паляванне.

Вялікімі яго аматарамі былі і клецкія ардынаты, князі Радзівілы, якім часткова належалі землі сённяшняй Ганцаўшчыны. У прыватнасці, маёнтак Дзяніскавічы, хутар Мар'янава (знаходзіўся ў Дзяніскавіцкім с/с), вв.Чудзін і Людвікова, a таксама значныя лясныя масівы. У 1874 годзе клецкім ардынатам стаў генерал-лейтэнант прускага войска Антоній Радзівіл, піша інфармацыйна-краязнаўчы партал Ганцавічаў.

I ён, і яго сын Георгій (Юрый) былі заўзятымі паляўнічымі. Пры гэтым строга прытрымліваліся правіл, не дазваляючы сабе ніякіх вольнасцей і нават мелі адпаведныя дакументы. Георгій меў "паляўнічае пасведчанне" пад № 152, а яго бацька — № 153.

Асноўны клопат па арганізацыі княжацкіх забаў ускладаўся на службоўцаў лясніцтва. Яго галоўная сядзіба знаходзілася ў маёнтку Радзівілімонты (цяпер в.Чырвоная Зорка Клецкага раёна). Лясніцтва падзялялася на сем участкаў: Радзівілімонтаўскі, Варонінскі, Сіняўскі і Машукоўскі, Дзяніскавіцкі, Морацкі, Лактышоўскі, Колкаўскі.

Ляснічыя вітаюць князя Радзівілла і прэзідэнта Польшчы І.Масьціцкага, 1930-я гады

Агульная колькасць службоўцаў складала 46 чалавек, з іх 12 — на Дзяніскавіцкім і Лактышоўскім участках. Дзякуючы бюджэту ардынацыі на 1873 год, можна ўзнавіць іх прозвішчы. Участкамі кіравалі аб'ездчыкі — Віктаровіч у Дзяніскавічах і Пархоменка ў Лактышах. Акрамя таго, на Дзяніскавіцкім участку існавала пасада обер-стражніка, якую займаў Бельскі. Непасрэдна за лясамі наглядалі службоўцы лясной варты.

Тагачасныя дакументы называюць іх ляснымі вартаўнікамі, але для нас больш звыкла карыстацца тэрмінам ляснік. У Дзяніскавіцкай частцы гэта былі Сцяпан Берташ, Сцяпан Зялёнка, Янка Берташ (усе трое з Дзяніскавіч), Сцяпан Сукач з Еськавіч, Сушчэвіч з урочышча Слабада і Валашэнаў з ур.Ліхавічы. У Лактышоўскай — Пятровіч з Астроўчыц, Жданеня з Лактышоў і Леў Ленкавец.

У 1873 годзе ўтрыманне лясніцтва абышлося Радзівілу ў 1728 рублёў 331/2 капейкі. Усе гэтыя грошы пайшлі на выплату жалавання. Гадавы заробак аб'ездчыка складаў 120 рублёў. Толькі ў Віктаровіча ён быў 150 рублёў — самая высокая зарплата ў лясніцтве. Обер-стражнік Бельскі атрымліваў 56 рублёў за год.

А лясныя вартаўнікі — ад 14 рублёў 53 1/2 капейкі (у Сцяпана Зялёнкі) да 24 рублёў.

Замак у Нясвіжы

Цікава, што двое з іх — Сушчэвіч і Пятровіч — увогуле не атрымлівалі грошай, задавальняючыся прадастаўленымі ў іх карыстанне ворнай зямлёй і сенажацямі. Зямельныя надзелы розных памераў мелі і іншыя службоўцы лясніцтва. Леснікі павінны былі кантраляваць нарыхтоўку лесу, змагацца з браканьерамі і сачыць за папуляцыямі звяроў на сваіх участках. У залежнасці ад вынікаў такіх назіранняў прымалася рашэнне аб тым, дзе будзе праводзіцца паляванне. Зімою, як правіла, ішлі на мядзведзя; вясною — на глушцоў. На ваўкоў можна было паляваць на працягу ўсяго года.

Радзівілаўскія выправы адрозніваліся сапраўды княжацкім размахам, а колькасць удзельнікаў і лік трафеяў вымяраліся сотнямі. Так, у чатырохтыднёвым паляванні ў Дзяніскавіцкай пушчы ў лютым 1886 года прымаў удзел наследны прынц Германскай імперыі Вільгельм Гогенцолерн — будучы імператар Вільгельм II.

Тытулаваныя госці чыгункай даязджалі да Гарадзеі, адтуль на санях да Нясвіжа. З замка ехалі ў цэнтр лясніцтва — Радзівілімонтаўскі маёнтак, дзе іх чакала вячэра і начлег. А назаўтра санны поезд накіроўваўся на месца палявання. Падчас той выправы толькі мядзведзяў было забіта 15, некалькі медзведзянят жывымі трапілі ў рукі паляўнічых.

Часам падобныя мерапрыемствы ініцыіраваліся і самімі сялянамі. Летам 1898 года прыстаў 2-га стана Слуцкага павета звярнуўся ў галоўнaе ўпраўленне маёнткамі Радзівілаўскай ардынацыі з просьбай арганізаваць аблаву на дзікоў у ваколіцах Дзяніскавіч. Мясцовыя жыхары скардзіліся на тое, што жывёлы наносяць шкоду іх пасевам.

Дарэчы, сяляне былі пастаяннымі ўдзельнікамі княжацкіх паляванняў. Яшчэ ў XVI стагоддзі інвентар сяла Дзяніскавічы сярод іншых павіннасцей зафіксаваў і абавязак яго жыхароў падаваць звесткі аб з'яўленні звяроў і ўдзельнічаць у зімовых аблавах. Ва ўжо згаданым паляванні ў 1886 годзе толькі за тры дні былі задзейнічаны 283 селяніны, кожны з якіх атрымаў у якасці платы воз дроў.

З трафеямі

Здараліся і трагічныя выпадкі. У 1902 годзе на паляванні быў выпадкова паранены граф Патоцкі. Да яго тэрмінова выклікалі ўрача з Варшавы. Са станцыі Лахва Патоцкага ў спецыяльным вагоне адвезлі ў польскую сталіцу для лячэння. А вось здарэнне з лясным вартаўніком Апанасам Пільнікам з Машукоў скончылася кепска.

Ён суправаджаў князя на адным з паляванняў — гэта магло быць як у Дзяніскавіцкай, так і ў Машукоўскай пушчы — і стаў выпадковай ахвярай. Радзівіл, не разабраўшыся, стрэліў у кусты, ды замест дзіка трапіў у слугу. Той памёр. Антоній Вільгельм прызнаў сваю віну і пастараўся, наколькі мог залагодзіць сям'ю нябожчыка. Яго нашчадкі атрымалі кавалак лесу і вялікі надзел добрай зямлі ў асабістае карыстанне. А на магіле князь за ўласны кошт паставіў помнік. Гэта каменная пліта, гладка абчасаная з аднаго боку, з памятным надпісам:

"Афанасю Пильнику

Честному лесному стражнику

Убитому на службе

14 Сентября 1901 г.

Вечная память

Отъ Князя Радзивилла".

Прыгадваюць, што літары некалі былі пакрыты сусальным золатам. Неверагодная раскоша для сялянскага пахавання.

Помнік захаваўся на машукоўскіх могілках да нашых дзён. Нашчадкі Пільніка паказвалі яго сваім дзецям і ўнукам, з пакалення ў пакаленне перадаючы расказ пра "вернага стражніка". Гэтае пахаванне з'яўляецца яшчэ адным матэрыяльным напамінам пра часы Радзівілаў — "некаранаваных каралёў" тутэйшых мясцін.

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях