27 апреля 2024, суббота, 3:26
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Сем цудаў Беларусі: фартэцыі на выспах

4
Сем цудаў Беларусі: фартэцыі на выспах

Астраўныя замкі для Беларусі — зьява рэдкая.

«Радыё Свабода» раскажае пра фартэцыі на выспах.

Асноўная частка беларускіх астравоў ніколі не былі заселеныя. Толькі на некаторых існавалі рыбацкія вёскі і невялікія пасяленьні. На востраве, што на возеры Несьпіш на Браслаўшчыне, стаяў манастыр. Аднак у вайну нязручныя для жыцьця астравы маглі стаць надзейным прытулкам. І хоць астраўныя замкі для Беларусі — зьява рэдкая, журналісты налічылі сем месцаў, дзе яны ўзвышаліся над вадою.

1. Востраў з замкам на возеры Іказьнь

Іказьненскае возера і востраў на ім добра відаць з шашы, што вядзе зь Віцебску ў Браслаў праз Іка́зьнь.

У 1499 годзе паселішча набыў браслаўскі стараста Ян Сапега і з дазволу вялікага князя літоўскага Аляксандра заснаваў на беразе «места драўлянае», а на востраве — замак каменны.

Замак складаўся з каменнага палаца, двор каля якога быў абнесены каменнымі сьценамі таўшчынёю да двух мэтраў, і дзьвюх вуглавых вежаў — з поўначы і ўсходу. Трапіць усярэдзіну можна было праз заходнюю сьцяну па драўляным мосьце, перакінутым праз штучны, злучаны з возерам ставок. З вострава на бераг вёў наплаўны мост на чаўнах. Калі мост разьбіраўся, чаўны прытопліваліся — пра гэта сьведчаць археалягічныя знаходкі. Замак абаранялі запрошаныя Сапегамі наёмныя войскі.

На пачатку вайны Рэчы Паспалітай з Масковіяй (1654–1667) Іказьненскі замак заняла расейскае войска. Захавалася легенда, што замак здала карова, якая перайшла на востраў па прытопленых чаўнах і падказала ворагу пераправу.

Разбураны ў Паўночную вайну (1700–1721) замак больш не адбудоўваўся.

2. Востраў Замак на возеры Дрысьвяты

Фото: planetabelarus.by

На Дрысьвяцкім возеры, па якім праходзіць сучасная мяжа паміж Беларусьсю і Літвою, восем астравоў. Найвялікшы зь іх мае плошчу 0,26 квадратнага кілямэтра і завецца Замкам.

Востраў быў умацаваным пунктам на паўночна-заходняй мяжы Полацкага княства. Уласна Дрысьвяцкі замак згадваецца ў часы ВКЛ. Ён меў важнае ваеннае значэньне, яго ваколіцы лічыліся замкавай воласьцю. У Дрысьвяцкім замку стаяў значны гарнізон, а пад яго аховай — вялікакняскі двор і мястэчка Дрысьвяты, злучанае зь вялікай зямлёй двума мастамі.

На пачатку XVII стагодзьдзя паселішча на востраве згарэла і адбудоўвалася ўжо на мацерыку. Апошняй для замка была Паўночная вайна са швэдамі. Пасьля швэдзкага «патопу» на востраве заставаліся рэшткі драўляных сьцен і тры вежы бяз дахаў.

Дрысьвяцкі замак унесены ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў краіны. На востраве захаваліся рэшткі высокіх земляных валоў і каменны крыж.

3. Драўляны замак на возеры Лепель

Фото: planetabelarus.by

У Лівонскую вайну (1558–1583) старажытны Лепель быў пад абаронай умацаванага замка. Той стаяў на адным зь сямі астравоў Лепельскага возера, заселенага яшчэ ў ХІІ стагодзьдзі. Паступова паселішча перабралася на бліжэйшы паўднёвы бераг возера і пачало разьвівацца як места. Цяпер гэта вёска Стары Лепель, злучаная з востравам штучнай дарогай.

На пятым годзе вайны з Маскоўскай дзяржавай (1563) маскоўскае войска спаліла Лепель. Непрыяцеля з замка выбілі гарматы гетмана Мікалая Радзівіла Рудога. У адноўленыя пасьля штурму драўляныя ўмацаваньні пакрысе сталі падвозіць зброю, порах, волава, правіянт. Каб хутчэй завяршыць узьвядзеньне Лепельскага замка, Жыгімонт Аўгуст вызваліў горад ад усіх павіннасьцяў, акрамя прац па ўмацаваньні паселішча. Тымі працамі кіраваў Юры Зяновіч, які за пасьпяховую абарону Лепеля атрымаў горад у пажыцьцёвае карыстаньне.

У прастакутным з вуглавымі вежамі замку стаялі сто чалавек пяхоты і дзьвесьце коньнікаў. Гарнізон таксама абараняў вялікі порт, адкуль па Заходняй Дзьвіне караблі плылі ў Рыгу і Полацак, а па сыстэме азёр і Дняпры — у Кіеў. Пасьля Лівонскай вайны горад набыў Леў Сапега. Ён заклаў Новы Лепель на ўсходнім беразе Лепельскага возера — за тры кілямэтры ад старога.

Драўляны замак не захаваўся.

4. Востраў Замак на возеры Мядзел

Фото: planetabelarus.by

Замак — найбуйнейшы з васьмі астравоў возера Мядзел. Ён мае плошчу 0,142 кв.км. Тут стаяў памежны замак з умацаваным паселішчам Полацкага княства.

Абарону ад крыжацкіх нападаў трымалі спачатку драўляныя, а пазьней — каменныя сьцены. У часы небясьпекі замак мог трымаць аблогу да некалькіх месяцаў. У першай палове XV стагодзьдзя людзі пакінулі востраў. Верагодна, прычынай стала эпідэмія чумы, занесенай на гэтыя землі замежнымі купцамі.

5. Паўвостраў Замак на возеры Мястра

Фото: planetabelarus.by

Новы Мядзельскі замак пачалі будаваць у XVI стагодзьдзі на іншым востраве, за дзесяць кілямэтраў ад першага — цяпер гэта паўвостраў Замак на суседнім возеры Мястра, якое абмывае заходнюю ўскраіну сучаснага Мядзела.

Замак быў магнацкай рэзыдэнцыяй Саковічаў. Веліч свайго роду гаспадары ўвасобілі ў мураванай вежы-данжоне, якая мела 30 мэтраў у вышыню і 17,5 мэтраў у дыямэтры. Яе рэшткі і цяпер відаць над зямлёю. Пазьней да вежы прыбудавалі мураваны жылы палац. Замак узмацняўся пяцьцю мураванымі бастэямі з гарматамі — іх лічаць самымі раньнімі на тэрыторыі Беларусі. Верагодна, ад берага замак аддзяляўся шырокім ровам, празь які быў перакінуты драўляны мост.

Мядзельскі замак служыў надзейным сховішчам для жыхароў Мядзела і навакольных паселішчаў аж да XVIII стагодзьдзя.

6. Востраў Замак ля сутокаў Дзісны і Заходняй Дзьвіны

Фото: planetabelarus.by

Яшчэ адзін востраў Замак — у маляўнічым месцы, дзе зьліваюцца рэкі Дзісна і Заходняя Дзьвіна. Тут пачалася гісторыя сучаснай Дзісны.

На пачатку XIV стагодзьдзя замак называўся Капец-гарадком і як фарпост Полацку на Дзьвіне кантраляваў рачны рух і бараніў подступы да гораду. У другой палове XVI стагодзьдзя пад аховай Дзісенскага замка паўстаў горад, які цяпер месьціцца на супрацьлеглым беразе. У Лівонскую вайну востраў стаў месцам збору вялікакняскіх войскаў перад вызваленчым паходам на Полацак.

Дзісенскі замак займаў плошчу 5 гектараў, быў абкружаны высокімі землянымі валамі. Ён меў 9 вежаў і тры брамы з боку Дзьвіны і Дзісны. Ніжэй быў умацаваны падзамак, куды падчас Паўночнай вайны (1655–1660) перасяліліся жыхары захопленай Дзісны.

Падчас ваенных дзеяньняў дзісенскі замак абараняў паўночныя межы ВКЛ. Таксама на востраве разьмяшчаліся мытня і сховішча для тавараў.

Замак прыйшоў у заняпад пасьля заканчэньня яшчэ адной Паўночнай вайны (1700–1721).

7. Востраў з замкам на возеры Езярышча

На паўночным усходзе Беларусі ляжыць возера Езярышча, што налічвае амаль дзесяць тысяч гадоў. Сярод 20 астравоў, якія ёсьць на возеры, асабліва вылучаецца найвялікшы, дзе калісьці стаяў пабудаваны ў XIV стагодзьдзі драўляны замак. Ён адыгрываў ролю ўмацаванага фарпосту на паўночным усходзе Вялікага Княства Літоўскага.

Напачатку востраў быў паўвыспай: з трох бакоў яго абмывала возера, з поўдня быў вырыты роў глыбінёю каля 7 мэтраў. Падчас паводак і моцных дажджоў ён запаўняўся вадою і ператвараў замак у астраўное ўмацаваньне. І цяпер былы замкавы роў большую частку года затоплены. Езярышчанскі замак меў форму прастакутніка, тры вежы і земляныя валы вышынёю 2–4 мэтры, якія можна ўбачыць і цяпер.

Разбураны ў XVII стагодзьдзі, больш не аднаўляўся.

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях