25 мая 2019, суббота, 1:50
За нашу и вашу свободу!
Рубрики

Алег Трусаў: Народ павярнуўся тварам да беларускай мовы

6
Алег Трусаў
Фота: tut.by

Як святкуе Дзень роднай мовы грамадства, дзяржава і кожны з нас?

Міжнародны дзень роднай мовы беларуская адзначае ў Беларусі, а расейская – у Расеі. Як і мае быць. Як святкуе дзяржава, грамадства і кожны з нас ды якія перспектывы мае родная мова?

Паштоўка для блізкай асобы на блізкай сэрцу мове… Белпошта ў Дзень мовы запрашала падпісаць паштоўку з выявамі айчынных краявідаў. Алена Мілеўская, супрацоўніца пошты, кажа «Белсату»:

«Вы можаце падпісаць паштоўкі на роднай мове і адправіць сваім родным і блізкім, а Белпошта бясплатна даставіць гэтыя паштоўкі».

Напярэдадні Дня мовы ў «Купалаўскім» пацешыў вока старт новага сезону праекту «Беларускіх уікэндаў» на вечарыне ў стылі «Чорна-белае кіно»! Ахвочыя спрабавалі сябе ў ролі дублёраў. Андрэй Кім, кіраўнік праекту «Беларускія уікэнды»:

«Аўдыторыя расце і аднаўляецца. Калі ў 2017 годзе мы разам з нашым партнёрам – кампаніяй Velkom фіксавалі больш за 20 000 наведнікаў, то на працягу 2018 года гэтая лічба вырасла на 50 %».

Мара – каб па-беларуску гучаў увесь айчынны кінапракат. А пачынаць варта з дробных акцыяў… як тая, што зладзілі сёння ў Магілёве. Трэба было перакласці беларускае слова на расейскую і атрымаць за гэта цукерку! Жыхары гораду хваліліся сваймі моўнымі ведамі ў постаці вершаў.

Падчас перапісу насельніцтва 10 гадовай даўніны – 53 % грамадзянаў назвалі роднаю беларускую мову. Геаграфія яе ўжывання пашырылася. Алег Трусаў, ганаровы старшыня Таварыства беларускай мовы:

«Гэта ініцыятыва не ўладаў, а ініцыятыва нашых грамадзянаў. Узгадаем нават такія курсы, як «Мова нанова», шыльды па-беларуску, прасоўванне па-беларуску тавараў бізнесоўцамі. Народ павярнуўся тварам да беларускай мовы, культуры і ўлада мусіць з гэтым лічыцца».

Але ці лічыцца? Да прыкладу, у сістэме адукацыі: беларускамоўныя школы – толькі ў сталіцы – толькі 7 з 277. У вобласцях – толькі беларускія класы, дзе навучаюцца 5-20 асобаў. Сярод 118 райцэнтраў – толькі ў 2 такія класы! Напярэдадні Міжнароднага Дня роднай мовы праваабаронца Алег Мацкевіч звяртаўся да Барысаўскіх уладаў з просьбаю направіць гэты і іншыя перакосы:

– стварыць беларускамоўныя групы навучання,

– выкарыстоўваць мову ў арганізацыях,

– візуалізаваць мову ў грамадскай прасторы,

– арганізаваць годнае святкаванне «Дня мовы».

Праваабаронца Алег Мацкевіч каментуе:

«Яны адпісалі, што расейская і беларуская мовы з’яўляюцца дзвюма дзяржаўнымі мовамі, і імі маюць права раўназначна карыстацца. І таксама напісалі пра тое што візуалізацыя беларускай мовы адбудзецца пры планаванні архітэктурнай дзейнасці на Барысаўшчыне».