15 сентября 2019, воскресенье, 22:16
Мы в одной лодке
Рубрики

Як ксяндзы жыхароў вёскi Пяршаі ад немцаў выратавалi

3
Як ксяндзы жыхароў вёскi Пяршаі ад немцаў выратавалi

Сваё жыццё за паству яны аддалі 19 ліпеня 1943 года ў вёсцы Баравікоўшчына, што на самым ускрайку Налібоцкай пушчы.

Маючы магчымасць уратавацца, айцы Ахілес і Герман прынялі рашэнне застацца са сваімі вернікамі, і пайшлі за іх на смерць, пiша mlyn.by.

Праз некалькі дзён пасля трагедыі людзі, што выжылі ў лясах падчас карных аперацый, адшукалі на папялішчы астанкі пастыраў і пахавалі іх пры касцёле ў Пяршаях, а на хвалях перабудовы знайшлі сродкі і добраўпарадкавалі магілу.

Пробашчам у вёску Пяршаі Ахілес Пухала прыехаў дзесьці ў кастрычніку 1939 года. У 1941-м, ужо пасля прыходу немцаў, у гэтых мясцінах з’явіўся і Герман Стэмпень. Адразу дапамагаў айцу Гіляру ў Івянцы, а затым пайшоў служыць вікарыем да Ахілеса. Сумленныя, міласэрныя, самаахвярныя маладыя ксяндзы заваявалі сярод пяршайскіх парафіян высокі аўтарытэт. Былі яны побач з людзьмі і ў той трагічны дзень 1943 года.

Пра апошні дзень пяршайскіх ксяндзоў мясцовыя людзі расказваюць па-рознаму.

— Вы ж разумееце, жывых сведак тых падзей ужо не засталося, — кажуць жанчыны. І каб крый божа чаго не пераблытаць, вядуць да касцёла, дзе на самым уваходзе ўстаноўлена памятная дошка ў гонар святароў.

«Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак». Ніжэй пад гэтымі словамі — кароценькая гістарычная інфармацыя.

Карныя атрады ўвайшлі ў Пяршаі, каб спаліць вёску разам з жыхарамі. Атрымаўшы паведамленне ад каменданта паліцыі аб запланаванай пацыфікацыі, святары адмовіліся ад уцёкаў — яны павінны застацца з вернікамі, паколькі: «Дзе авечкі, там павінен быць і пастыр».

Па слядах закатаваных ксяндзоў ішлі пасля вайны многія даследчыкі і гісторыкі. Адны пісалі і расказвалі, што на сваю галгофу айцы Ахілес і Герман ўзышлі ў дзень арышту, другія сцвярджалі, што на пакутніцкую смерць пяршайскія святары пайшлі толькі на другі дзень.

Мясцовы краязнаўца, літаратуразнаўца і настаўнік Генадзь Равінскі таксама «хварэў» гэтай тэмай і амаль дзесяць год шукаў сведак тых падзей, занатоўваў успаміны. Ксяндзы, са слоў мясцовых людзей, загінулі ў той жа дзень, калі былі арыштаваны.

— … Гадзін у адзінаццаць немцы і ўласаўцы сагналі больш двухсот чалавек на гмінны двор, — расказаў у свой час мясцовы жыхар Вацлаў Шапарэвіч. — Акружылі, загналі ў хлеў, пасля прынеслі ў каністрах бензін… Былі сярод нас і два пяршайскія ксяндзы. Забралі іх з плябаніі. Оберлейтэнант з мясцовага гарнізона, які жыў з імі разам, раіў схавацца, але святары сказалі, што яны будуць там, дзе народ, і выйшлі.

Людзі плакалі, чакаючы расправы, ксяндзы маліліся, заклікалі ўсіх нас быць стойкімі. Начальнік пяршайскага гарнізона яшчэ раней пазваніў гебітскамісару ў Вілейку і паведаміў аб бясчынствах карнікаў. І ў самы крытычны момант падаспела легкавая машына, з якой каля Пяршаяў пускалі нейкія ракеты. Ксяндзы суцяшалі народ, казалі, што ўсё абыдзецца. З легкавушкі выйшлі нейкія афіцэры, пагаварылі з карнікамі. Пасля гэтага нас выгналі з хлява, адлучыўшы старых і дзяцей. Астатніх, разам з ксяндзамі, пастроілі ў калону па чатыры чалавекі ў рад і пагналі ў напрамку Баравікоўшчыны.

Ішлі мы, чалавек 100, усе 10 кіламетраў пешшу, па баках – аўтаматчыкі з закасанымі рукавамі. У Баравікоўшчыне пад’ехалі на брычцы немцы, сталі гаварыць з ксяндзамі…

Ніхто нямецкай мовы не ведаў і не зразумеў, пра што яны гаварылі, але пасля гэтай размовы ксяндзы сказалі людзям, што ўсе застануцца жыць, блаславілі, а самі, як пазней стала вядома, пайшлі на пакутніцкую смерць.

Паводле выпісак з польскай акадэмічнай крыніцы, выдання Акадэміі каталіцкай тэалогіі, абодвум святарам выкалалі вочы, вырвалі языкі, збілі дротам і прывезлі ў гумно, дзе, наклаўшы дрэва, спалілі. Габіт (манаскае адзенне) немцы далі ўбогай кабеце, каб зрабіла сабе спадніцу.

13 чэрвеня 1999 года Папа Ян Павел ІІ далучыў айцоў Ахілеса Пухалу і Германа Стэмпеня да ліку благаслаўлёных у групе 108 мучанікаў Другой сусветнай вайны.