10 декабря 2019, вторник, 13:06
Осталось совсем немного
Рубрики

Выйшла кніга пра «Беларускі Нью-Ёрк»

Выйшла кніга пра «Беларускі Нью-Ёрк»

У кнiзе ў тым лiку згадваюцца адрасы, дзе беларусы ладзяць акцыі пратэсту i дэманстрацыі.

Лявон Юрэвіч піша пра кнігу Ганны Сурмач „Беларускі Нью-Ёрк”, якая не так даўно пабачыла свет.

Выйшла кніга, патрэба якой проста лунала ў паветры, і абсалютна слушна гучаць словы генератара ідэі і натхняльніка Вітаўта Кіпеля, якія прыводзіць аўтарка: “Як гэта мы не зрабілі такога даведніка да сёньняшняга часу!” (с. 8).

Важнымі для ўспрыняцця выдання ёсць наступныя тлумачэнні (тут і далей аўтарскі правапіс і пунктуацыя захаваныя): “Напачатку трэба было вырашыць і пытаньне, пра тое, якога будзе тыпу кніга. У выніку прыкідаў і роздумаў мы са сп. Кіпелем спыніліся на меркаваньні, што гэта не павінна быць навуковая ці навукова-папулярная праца, а толькі інфармацыйная, прыкладнога значэньня. […] Таму вы не знойдзеце ў кнізе навукова апрацаваных спасылак, каментароў і іншых атрыбутаў навуковага выданьня”. (с. 9).

Да спасылак — хай не “навукова апрацаваных”, а проста бібліяграфічных — яшчэ давядзецца вярнуцца, а тым часам неабходна спыніцца на вельмі істотнай фармулёўцы — “прыкладнога значэньня”.

Калі ідзе гаворка пра пуцяводнік, пра даведнік, першасная вымога, патрабаванне да яго — лёгкі, хуткі пошук адказу на паўсталае пытанне: хто, дзе, што. Не гартаць кнігу пастаронкава, а — зазірнуўшы ў паказнік — адразу знайсці адпаведную старонку і неабходную інфармацыю.

І тут з немалым здзіўленнем чытач, ці, дакладней будзе, карыстальнік заўважае, што паказніка няма! Ні іменнага, ні — што наогул невытлумачальна — геаграфічнага!

Так што гаворка пра “прыкладное значэньне” ісці аніяк не можа; застаецца чытаць “даведнік”, як звычайную кнігу.

А кніга складаецца з трох частак.

Першая — “Кароткі агляд гісторыі беларускай прысутнасьці ў Нью-Ёрку” — мае наступныя раздзелы: Раньняя іміграцыя (XVII ст. — трэйцяя чвэрць XIX ст.); Масавая іміграцыя (канец ХІХ ст. — да Першай сусьветнай вайны); Іміграцыя ў пэрыяд між Сусьветнымі войнамі; Паваенная іміграцыя; Грамадзкае жыцьцё, арганізацыі, цэрквы; Моладзевы рух; Нацыянальна-культурная дзейнасьць; Выдавецкая, навуковая і асьветная дзейнасьць; Грамадзка-палітычная дзейнасьць; Удзел у грамадзкім жыцьці Амэрыкі; Выбітныя асобы беларускай іміграцыі ў Нью-Ёрку; Сувязі з Бацькаўшчынаю; Новая іміграцыя і сучаснае жыцьцё беларусаў Нью-Ёрку.

Другі раздзел пад назовам “Спадарожнік па беларускіх мясьцінах Нью-Ёрку” ўлучае ў сябе Манхэтан, Бруклін, Куінс, Бронкс, Стэйтэн-Айлэнд, а таксама “Грамадзкі транспарт у Нью-Ёрку” і “Нью-Ёрскі маратон”.

І апошняя, трэцяя, частка — “Беларускія мясьціны паблізу Нью-Ёрка” — расказваюць пра Лонг-Айлэнд, Апстэйт, Вэст-Пойнт, Араў-Парк, Нью-Джэрсі і Філадэльфію.

Лагічнай выглядае наяўнасць у кнізе першага раздзела. Сапраўды, гаворачы пра беларускі Нью-Ёрк, варта згадаць, няхай подбегам, гісторыю абеларушвання нашага яблычнага горада. Тым больш што на гэтую тэму ўжо ладна было напісана, пачынаючы ад энцыклапедычнай манаграфіі Вітаўта Кіпеля “Беларусы ў ЗША”. Але ў тым і хавалася пэўная небяспека.

Адразу было зразумела, што першы раздзел — пераважна кампіляцыя, не плён уласных доследаў і вышукаў аўтаркі, і калі ўжо абраны “бесспасылачны” шлях (хоць бібліяграфічныя спасылкі — гэта не толькі сведчанне навуковай ці хоць бы навукова-папулярнай публікацыі, але хіба прафесійнасці чалавека, які хоча пазбегнуць абвінавачвання ў плагіяце), дык варта было пачаць з невялікага уступу, на старонку, а мо і меней, дзе б даваўся кароткі пералік скарыстанай літаратуры. Гэтага няма, і тое пакідае непрыемны прысмак пры чытанні.

Тым больш дзіўна, пры наяўнасці немалой літаратуры па тэме, чытаць, прыкладам, наступнае: “А людзям, хто быў надзелены творчым талентам, хацелася выявіць свае думкі і пачуцьці праз паэтычнае слова, празаічныя творы, праз мэлёдыю, праз мастацкую творчасьць. Сярод іх былі вядомыя яшчэ з Беларусі культурныя дзеячы, якія пасяліліся ў Нью Ёрку: літаратары Натальля Арсеньнева, Юрка Віцьбіч, Янка Юхнавец, Міхась Міцкевіч (Галіна), Уладзімір Сядура, Янка Золак, Рыгор Крушына, Уладзімір Глыбінны, Міхась Кавыль, Анатоль Бярозка, кампазытары Мікола Куліковіч-Шчаглоў, Алесь Каптуровіч, Эльза Зубковіч, Дзмітры Верасаў, Ксавэры Барысавец, Вячаслаў Селях-Качанскі, сьпявачкі Надзея Градэ і Барбара Вержбаловіч, мастак Пётра Мірановіч” (с. 100).

Нібыта ўсяго толькі адзін абзац, але: Юрка Віцьбіч, Янка Золак, Міхась Кавыль, Вячаслаў Селях-Качанскі, Ксаверы Барысавец ніколі не былі жыхарамі Нью-Ёрка, Янка Юхнавец ніколі не быў “ведамым яшчэ зь Беларусі культурным дзеячом”, Алесь Каптуровіч — гэта, відаць, кантамінацыя музыкаў Андрэя Каптуровіча і Алеся Карповіча, а Уладзімір Глыбінны і Уладзімір Сядура — гэта наогул адзін і той самы чалавек.

Троху мо нясціпла пра тое, але і ў пераліку рэдактараў газеты “Беларус” прапушчанае імя яшчэ аднаго рэдактара — акурат паміж імёнамі Зоры Кіпель і Марата Клакоцкага (с. 68): Лявона Юрэвіча (пра гэта глядзі ў кнізе Лявона Юрэвіча “Летапісны звод сусьвету Чалавека Сьведамага: Гісторыя газэтаў “Бацькаўшчына” й “Беларус” (1947—2000)[1]). Сённяшняй рэдактарцы “Беларуса” варта было б ведаць усіх сваіх папярэднікаў.

Ёсць неадпаведнасці праўдзе і іншага плану, іншага памеру.

Зацытуем з кнігі: “Тыя першыя імігранты, што прыехалі раней, адыгралі важную ролю, бо дапамаглі многім беларусам з лягераў ДП перабрацца ў Амэрыку. Яны дасылалі запросіны сваім знаёмым і сябрам ў Нямеччыне на прыезд у ЗША і выстаўлялі сябе гарантамі для іх перад амэрыканскімі ўладамі. Таксама аказвалі на першым часе неабходную дапамогу новапрыбылым, якія прыбывалі ў Нью-Ёрк. Вядомы беларускі дзеяч Янка Станкевіч не толькі шмат каму дапамог пераехаць у ЗША, але нават наняў танныя кватэры ў Гарлеме (Harlem) на 100 Street ў Мангатэне, каб прыбылыя адразу маглі мець прытулак і пажыць некаторы час за невялікую плату” (с. 49—50).

А вось як пра тую “дабрачыннасць” згадвае ў сваім апошнім інтэрв’ю Галіна Руднік (Ганчарэнка): “Нью-Ёрк у 1950-м годзе — гэта быў рай: жыльля колькі хочаш. На самым пачатку мы жылі на сотай вуліцы Іст у Манхэтэне. Там было спакойна, можна было ўначы на вуліцу выйсьці і нікому нічога не станецца. Год перад намі ў Амерыку прыехаў Янка Станкевіч, і ў яго была жылка такая прадпрымальніцкая. Ён здымаў кватэру, там было чатыры пакоі, ён здымаў яе за 48 даляраў на месяц. А потым кожны пакой ён здаваў беларусам па 48 даляраў на месяц. Так што меў прыбытак вельмі добры, такі бізнэс быў. А тады ён нам запрапанаваў іншую кватэру, у яго на Брукліне яшчэ была. І мы туды перайшлі. Але там нейкі быў канфлікт, і тады нам суродзічы дапамаглі, і мы знайшлі кватэру на Норфалк-стрыт на самым Даўнтаўн у Манхэтэне. 13.50 каштавала нам на месяц. Жытло цёплае, было аграваньне. Старыя такія дамы, але ўсё добра: уборная, каналізацыя. Мы там жылі і адтуль я ўжо ў Еўропу паехала”[2].

Напэўна, да месца будзе сказаць пра сутнасць “канфлікту”, які закранула спадарыня Галіна. З ліста Вітаўта Тумаша: “У сваім часе Сп. Др. Я. Станкевіч напісаў прэзыдэнту аднаго з амэрыканскіх унівэрсытэтаў брудны данос на беларускую дзяўчыну-студэнтку, што паводле ягоных меркаваньняў павінна было прычыніцца да выключэньня яе з унівэрсытэту. Аднак прэзыдэнт унівэрсытэту ня толькі зігнараваў данос, але абурана запытаўся ў дзяўчыны, ці не камуністы той, хто пісаў данос”[3].

Тою дзяўчынаю і была Галіна Ганчарэнка.

Пералік такіх недакладнасцяў, памылак, дзе большых, дзе меншых, а калі-нікалі, як бачым, і стварэння міфаў можна доўжыць, але гэта заняло б нямала месца. Так што па першым раздзеле трэба з скрухаю прызнаць, што аўтарка сваё заданне не выканала. З наяўнасцю, паўтаруся, ужо дастаткова багатай літаратуры, прычым не толькі датычнай гісторыі беларусаў у ЗША наогул і ў Нью-Ёрку ў прыватнасці, але і літаратуры біяграфічнай, якую ачольвае даведнік, створаны Наталляй Гардзіенка і змешчаны ў № 37 “Запісаў БІНіМ”.

Таму пяройдзем лепш да двух наступных, пакліканых быць піянерскімі, раздзелаў кнігі, папярэдзіўшы, аднак, што калі чытач трапіўся сумленны, ён цалкам можа перажыць déjà vu, бо “з улікам практычнай мэтазгоднасьці некаторыя зьвесткі дублююцца ў Аглядзе і Спадарожніку. Меркавалася, што некага з чытачоў можа зацікавіць не ўся кніга, а толькі адна з яе частак. Напрыклад калі спатрэбіцца толькі Спадарожнік, тут варта паўтарыць важную інфармацыю з Агляду, каб чытач меў як найбольш поўнае ўяўленьне пра той ці іншы аб’ект аповяду” (с. 10).

Не ўпэўнены, што гэта была добрая, прадуманая ідэя; а калі ўсё ж рабіць гэткае, варта было шукаць разнастайныя спосабы падачы аднаго і таго ж факта, бо чытаючы наноў, прыкладам, што Юрка Кіпель падараваў Музею іміграцыі на выспе Эліс абраз Пётры Мірановіча “Беларускія эмігранты”, або пра Нью-ёркскую публічную бібліятэку, міжволі думаеш пра нейкі тэхнічны недагляд.

Пуцяводнік — ці, у аўтарскім вызначэнні, Спадарожнік — па Нью-Ёрку — рэч быццам бы зразумелая: сталіца свету, па якой цябе вядуць і расказваюць. Гэтая простая ісціна і “асоба” самога горада спрычыніліся да з’яўлення неверагоднай процьмы пуцяводнікаў: славутыя NFT (не для турыстаў), Pop culture, Subway adventure guide, All-you-can-eat New York, Shopping guide in NY ды дзясяткі іншых, тэматычных, не гаворачы пра геаграфічныя, ад горада цалкам да асобных кварталаў, вуліц, нават фантанаў etc. Нью-ёркская публічная бібліятэка толькі на тэму New York Guides мае больш за 1 280 пазіцый. Так што пытанне пры напісанні чарговага пуцяводніка па Нью-Ёрку стаіць не столькі што (тут нібы ўсё зразумела), колькі як. І, трэба сказаць, назва разгляданага выдання хіба троху ўводзіць у зман.

Большая частка другога і трэцяга раздзелаў кнігі — гэта не столькі Беларускі Нью-Ёрк, колькі Нью-Ёрк па-беларуску. І яно б было абсалютна выдатна само па сабе, бо, сапраўды, гэта першы пуцяводнік у беларускай мове па гэтым цудоўным, пачварным, прыгожым, брудным, адным словам, унікальным горадзе! От толькі хіба назва падманвае, як тыя русальчыны сцежкі Эдуарда Самуйлёнка.

Не, у пуцяводніку прысутнічае і сапраўдны беларускі Нью-Ёрк, і тут аўтарка прарабіла бясспрэчна вялікую працу ў працэсе mapping territory. Проста гэтая каштоўная праца ўспрымалася б лепш, каб чытач (карыстальнік) уваходзіў у яе, маючы разуменне, куды і за чым ён ідзе.

А ісці, далібог, варта! Ганна Сурмач паяднала гістарычныя звесткі з уласным вопытам месца, людзей, асабістага лёсу ў гэтым яблычным, але далёка не лёгкім, няпростым горадзе. Атрымалася займальнае, карыснае, па-добраму спажывецкае чытво.

І які, аказваецца, багаты менавіта беларускі Нью-Ёрк! Пачынаючы ад верша Эмы Лазарус “Новы Калос”, прысвечанага Статуі Свабоды і які ўпершыню друкуецца ў перакладзе Наталлі Арсенневай, спыняючыся каля дамоў у Манхэтэне, дзе жылі суседзямі Антон Шукелойць і Юлія і Павал Андрусішыны, мінаючы былую карпатарускую царкву, дзе ў 1950 г. ладзілася беларуская вечарына і паказвалася п’еса “Чорт і баба”, а далей — майстэрня Генрыха Архацкага, віленчука, які не толькі рабіў матрыцы для газеты “Беларус”, але і выпусціў марку, прысвечаную гадавіне Слуцкага паўстання, з надпісам “Пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”.

Потым Madison Square Garden, які для нас, беларусаў, найперш павязаны з імем Вольгі Кoрбут і… Дональда Трампа, толькі пра тое трэба у кнізе чытаць самім, як і пра гісторыю разбурэння Пенсільванскага вакзала, у якім браў удзел Юрка Віцьбіч.

Далей згадваюцца адрасы, дзе беларусы ладзяць акцыі пратэсту, дэманстрацыі, і Метраполітэн-опера, сцены вестыбюля якой упрыгожаныя фрэскамі Марка Шагала, а на сцэне ў 1913 г. спявала беларуская артыстка Ганна Мейчык. А адтуль можна прайсціся яшчэ далей, у Цэнтрал-парк, дзе стаіць статуя караля Ягайлы.

Калі застануцца сілы — тады ў Бруклін, найперш у сабор Св. Кірылы Тураўскага на Атлантык-авеню, потым праз мост Касцюшкі — да вуліцы Касцюшкі, а там і аднайменная станцыя падземкі.

А потым можна ў Куінс, дзе знаходзіцца Беларуская фундацыя Крачэўскага, ды адтуль у раён Рычманд-Гіл, да другой беларускай праваслаўнай царквы, таксама імя Св. Кірылы Тураўскага.

Асобна неабходна сказаць пра ілюстрацыі. Іх у кнізе безліч, і чорна-белых, і каляровых, і самога горада, і беларусаў у ім.

З улікам гэтага, а таксама з чуткаю, што кніга выдадзеная нават не мізэрным накладам, а ў 16 асобнікаў, варта сказаць наступнае:

Аўтару хацелася б пажадаць перадумаць структуру, падачу матэрыялу і назву кнігі.

Кнізе неабходны прафесійны рэдактар з абавязковым веданнем гісторыі эміграцыі.

Кнізе неабходны карэктар, які б даў рады правапісам, коскам, а таксама выправіў бы абдрукоўкі кшталту Сяржук Сокалаў-Выш (с. 207).

Кнізе неабходны прафесійны макетоўшчык, які б зрабіў тэкст на старонках больш шчыльным.

Ну і кнізе пажаданы таксама прафесійны мастак, які б замест вокладкі з Пагоняй, што імчыць па бел-чырвона-белай сцяжынцы на фоне хмарачосаў Манхэтану, прапанаваў бы штосьці больш арыгінальнае і адпаведнае зместу, прыкладам, мапу падземкі Нью-Ёрка (гэта заўсёды карысна мець у пуцяводніку!) з пазнакаю беларускіх станцыяў.

А зрабіць выданне, якое б накладам забяспечыла беларусаў па абодва бакі акіяна, абсалютна варта. Каб не згубіцца ў сталіцы свету, у гэтым яблычным горадзе, які і шмат для якіх беларусаў стаўся сваім. Стаўся домам.

Лявон Юрэвіч, budzma.by