7 мая 2024, вторник, 11:45
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Першы рэвалюцыянер зямлі беларускай

2
Першы рэвалюцыянер зямлі беларускай

Кастусь Каліноўскі быў і ёсць сімвалам беларуса-змагара.

У студзені 1944 года ў грамадска-палітычным літаратурным часопісе «Беларусь» (№ 2, с. 22-25) быў надрукаваны артыкул акадэміка В. Перцава, прысвечаны асобе кіраўніка Паўстання 1863 года на беларусі Кастуся Каліноўскага. І хоць гэты тэкст насіў штамп дзяржаўнай класавай ідэалогіі ды меў шэраг факталагічных памылак, фактычна менавіта ім распачыналася праца па ўвядзенні імя Каліноўскага ў кантэкст Айчыннай гісторыі ў новым яго вымярэнні (аб чым сведчыць пачата картыкула, які на дзесяцігоддзі стаў праграмным).

Сам вобраз Кастуся Каліноўскага, які ўжо праявіў сябе ў значэнні нацыянальнага героя ва ўмовах змагання беларусаў за свае правы ў Заходняй Беларусі. Ён жа паказаў сваю актуальнасць і падчас барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі (напрыклад, выкарыстоўваўся ў тэкстах вершаў, песень, назвах партызанскіх злучэнняў).

Кастусь Каліноўскі быў сімвалам беларуса-змагара, барацьбіта за правы роднага народа, які не спыняўся ні перадчым у дасягненні мэты. Нават калі іншыя ішлі на здраду, кааб захаваць жыццё, ён адправіўся на шыбеніцу ў імя Радзімы, кааб застацца верным да апошняга прынцыпам і будучыні свайго беларускага народа.

Да таго ж увядзеннем Каліноўскага ў кантэкст гісторі БССР, В.Перцаў праводзіў працу па барацьбе са спаўзаннем гэтага імя ў нацыяналістычны кантэкст, ажыцяўляемы на акупаваных нацыстамі землях Беларусі, што пры падтрымцы немцаў было распачата яшчэ да Вялікай Айчыннайвайны (прыклад, Ляковский А.И. Литва и Белоруссия в восстании 1863 г. (по новым архивным материалам). Berlin, 1939).

Разумеючы патэнцыял і значэнне Каліноўскага для гісторыі Беларусі, В. Перцаў звярнуўся да яго асобы, выдаўнекалькіартыкулаў і паўплываў на станаўленне поглядаў гісторыка А.Ф. Смірнова, аўтара шэрагу біяграфій Каліноўскага на беларускай і рускаймовах. 

Паспрабуем разгледзіць асноўныя тэзісы артыкула Уладзіміра Перцава.

Кастусь Каліноўскі быў самым яскравым, самым адданым і самым таленавітым дзеячом беларускага паўстання ў часы польскай рэвалюцыі 1863 года. Ён аднолькава змагаўся і супраць царскай Расіі і супраць панскай Польшчы і імкнуўся надаць рэвалюцыйнаму руху на Беларусі самастойны – рэспубліканскі і дэмакратычна-рэспубліканскі характар, спадзяючыся ў выніку рэвалюцыі стварыць на роднай беларускай зямлі свабодныя, прасякнутыя духам дэмакратычнай роўнасці парадкі, пры якіх працоўным масам жылося б лёгка і радасна. 

Ён быў прыроджаным рэвалюцыянерам, які ні пры якіх абставінах не хацеў крывіць душой, і праз усё сваё кароткае 26-ці гадовае жыццё ён пранёс сцяг рэвалюцыі чыстым і незаплямленным. Любоў да свабоды, нянавісць да прывілеяў і пагарда да прыгнёту і свавольства былі яго другой натурай, і ўся кіпучая энергія яго маладой, смелай і чыстай душы была накіравана да адной мэты – даць шчасце працоўным масам роднай зямлі, для чаго яе – гэтую зямлю, - неабходна было вырваць з падпарадкавання і рускага самаўладзя, і польскага напоўфеадальнага ладу.

Яго жыццё, жыццё дробнага шляхціца са збяднелай сям’і – было суцэльнай барацьбой, і да рэвалюцыі ён прыйшоў не як старонні наглядальнік сучасных яму падзей, а як непасрэдны ўдзельнік іх, асабістае шчасце якога злучалася з вызваленнем яго радзімы ад навісшага над ёю цяжару чыноўнічага своевольства і памешчыцкага прыгнёту.

Ён нарадзіўся 21 студзеня 1838 года ў фальварку Мастаўляны (па іншых звестках – Якушоўкі), Гродзенскай губерні, у сям’і беднага шляхціча, які прайшоў цяжкую школу барацьбы за існаванне і быў то дробным чыноўнікам, то прыказчыкам невялікай ткацкай фабрыкі. На сабе самім Кастусь рана выпрабаваў нягоды лёсу. 

Пасля сканчэння прагімназіі ў мястэчку Свіслач, ён паступіў спачатку ў Маскоўскі ўніверсітэт, але хутка вымушаны быў пакінуць яго з-за сваіх рэвалюцыйных поглядаў. Пасля гэтага ён пераехаў у Пецярбург і паступіў там на юрыдычны факультэт. У студэнцкія гады ён зблізіўся, з аднаго боку, з рускімі народніцкімі гурткамі, а з другога боку – з польскімі рэвалюцыйнымі арганізацыямі. 

Гэта вызначыла ўсю яго будучую дзейнасць і накіравала яе на барацьбу: па-першае – за шчасце “мужыка”, а па-другое – за палітычную свабоду. З гэтага часу надзел сялян зямлёй і ўстанаўленне свабоднага рэспубліканскага ладу на Беларусі зрабіліся мэтаю ўсёй яго грамадска-палітычнай дзейнасці. На Беларусі ён увесь аддаецца дзейнасці палітычных гурткоў, у якіх прымала гарачы ўдзел перадавая моладзь таго часу. Адным з найбольш дзейных рэвалюцыйных гурткоў таго часу была так званая “Пецярбургская рэвалюцыйная арганізацыя”, звязаная з “Цэнтральным народным камітэтам”, які толькі што ўтварыўся ў Варшаве і падрыхтоўваў паўстанне ў Польшчы.

У гуртку бралі ўдзел будучыя польскія і беларускія рэвалюцыянеры. Яны чыталі газету “Колокол”, што выдавалася ў Лондане і горача абмяркоўвалі артыкулы Герцана і Бакуніна, якія друкаваліся ў ёй. На Каліноўскага асабліва вялікае ўражанне зрабілі думкі Герцына, аб тым, як павінна быць вырашана ў блізкім будучым польскае пытанне. 

У асноўным гэтыя думкі зводзіліся да абароны двух асноўных сцверджанняў: па-першае, польскае паўстанне павінна быць накіравана не толкі супроць польскага самаўладства, але і супроць польскіх і рускіх памешчыкаў, якія звілі сабе гнёзды ў Польшчы, гэта значыць, яно павінна мець не толькі палітычны, але і соцыяльны характар. Па-другое, было-б неправільна ўключаць у склад незалежнай Польшчы Беларусь, Украіну і Літву, гэта значыць, аднаўляць Польшчу ў межах да 1772 года, як на гэтым настайвала правая партыя (так званыя, “белыя”) у польскім “Цэнтральным народным камітэце” – бо гэта азначала б падначаленне беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў чужой ім уладзе.

Каліноўскі ўсімі сіламі сваёй душы стаў на пункт гледжання гэтых герцанаўскіх перакананняў. У хуткім часе ў Вільні ўтварыўся “Літоўскі камітэт”, як аддзел варшаўскага “Цэнтральнага камітэта”. Вось ў гэты “Літоўскі камітэт” і быў пасланы ў пачатку 1862 г. “Пецярбургскай рэвалюцыйнай арганізацыяй” Каліноўскі, - які да гэтага часу скончыў універсітэт і атрымаў званне “кандыдата правоў”. 

У “Літоўскім камітэце” – таксама, як і ў “Цэнтральным камітэце” ў Варшаве, ішла гарачая барацьба паміж правай групай (“белымі”), якая хацела дабіцца вызвалення Польшчы, галоўным чынам, з дапамогаю еўрапейскай дыпламатыі, і левымі (так званымі “чырвонымі”), якія былі схільныя абаперціся на падтрымку мас, але не хацелі да канца і паслядоўна праводзіць дэмакратычную і рэвалюцыйную праграму, настойваючы на аднаўленні межаў 1772 года і згаджаючыся заплаціць выкуп памешчыкам за зямлю, што адыйдзе ад іх у карысць сялян.

Каліноўскі не толькі далучыўся да “чырвоных”, але і пайшоў далей за іх, паслядоўна развіўшы асноўныя прынцыпы рэвалюцыйна-дэмакратычнай праграмы. Увайшоўшы ў чырвоную групу “Літоўскага камітэта”, ён не абмежаваўся адным кіраўніцтвам рэвалюцыйным рухам зверху, а сам пайшоў у народныя масы. Спачатку ён едзе ў родную вёску Якушоўку, але ўжо на другі дзень пасля з’яўлення ў ёй вымушаны быў уцякаць ад паліцыі, пасланай яго арыштаваць. 

Некаторы час ён быў валасным пісарам у мястэчку Свіслач (ці каля яго), а пасля, пераапрануўшыся ў сялянскае адзенне, пачаў жыць вандроўным жыццём, хадзіў па Гародзеншчыне з вёскі ў вёску, прыслухоўваючыся да таго, што гавораць у народзе, вядучы палітычную дзейнасць сярод сялян. Ён выпускае адозвы да сялян на беларускай “мужыцкай” мове, у якіх выказвае думку, што ў беларускіх сялян – два ворагі – польскае панства і рускае самаўладства. 

У гутарках з лялянамі ён гаварыў: “Паўстанне павінна быць чыста мужыцкім; шляхта, паколькі яна за мужыком не пойдзе, павінна загінуць”. Такім чынам у паўстанні, якое рыхтавалася, ён хацеў перанесці цэнтр цяжару на ўдзел у ім мас, прапагандуючы сярод іх ідэю ўзброенага паўстання. Пры гэтым ён бачыў у сялянскіх і гарадскіх масах не толькі пасіўны натоўп, абавязаны падпарадкавацца кіраўніцтву цэнтральнай рэвалюцыйнай улады. 

Ён настайваў на ўвядзенні ў кіраўнічыя арганізацыі сялянскіх прадстаўнікоў і бачыў у гэтым адзін з галоўных сродкаў для наладжвання моцных сувязей з масамі.

Вярнуўшыся ў канцы 1862 года ў Вільню, Кастусь Каліноўскі пачаў агітаваць за свой план узняцця народнай рэвалюцыі сярод членаў Віленскага камітэта і схіліў на свой бок большую частку іх. Фактычна ён падначаліў сабе Віленскі камітэт, стаў яго галавой і душой і надаў яму “чырвоны”, гэта значыць рэвалюцыйна-дэмакратычны характар.

Але калі ў пачатку 1863 года пачалася польская рэвалюцыя,  перад камітэтам паўсталі вялікія цяжкасці. У яго не было згоды з варшаўскім Цэнтральным камітэтам і з узнікшым трохі пазней (з 10/22 мая 1863 г.) часовым рэвалюцыйным урадам Польшчы (так званы Жонд Народовы). Рэвалюцыйны ўрад Польшчы дзейнічаў нерашуча і з вялікімі хістаннямі.

Акадэмік Уладзімір Перцаў

Ён баяўся прыцягваць да ўдзелу ў рэвалюцыі шырокія народныя масы, не хацеў задавальняць патрабаванняў сялян у аграрным пытанні і ва многіх адносінах ішоў на павадку ў “белых”. Народна-дэмакратычны кірунак дзейнасці чырвонага “Віленскага камітэта”, якім кіраваў Каліноўскі, здаўся ў Варшаве падазроным і небяспечным. У Вільню быў накіраваны варшаўскі агент Дзюларан, які паведаміў у Варшаву, што Літоўскі камітэт настроены па-сепаратыстку, вядзе агітацыю за нацыянальную незалежнасць Літвы і Беларусі і мае на ўвазе ўзняць сялянскую рэвалюцыю.

Аднак дзейнічаць адкрыта супроць Каліноўскага ў Варшаве знаходзілі небяспечным. Ён меў вялікую папулярнасць сярод мас і ўваходзіць з ім у просты канфлікт азначала б адабраць у рэвалюцыі самыя істотныя і рэальныя сродкі барацьбы з царскімі войскамі. Таму ў Варшаве рашылі, не парываючы рашуча ў Каліноўскім, паставіць яго дзейнасць пад кантроль. 

Ва ўсе беларускія паветы былі пасланы агенты Варшаўскага памяркоўнага ўраду, якія, пад выглядам збору грошай на справу паўстання, пільна і наогул непрыязна сачылі за дзейнасцю Каліноўскага. Проста яны не перашкаджалі чырвоным узнімаць паўстанні, спадзяючыся, што чырвоныя ў барацьбе з царскім урадам патрацяць свае сілы, пасля чаго вынікі іх барацьбы можна будзе скарыстаць белым.

Пад уплывам дзейнасці Каліноўскага сялянскі рух шырока разгарнуўся ў Літве і на Беларусі. Ён набывае характар сапраўднай аграрнай рэвалюцыі. Энгельс у лісце да Маркса ад 8 красавіка 1863 года пісаў: “Літоўскі рух (пад Літвой тады разумелі ўсе ўладанні былога Вялікага Княжаства Літоўскага) – цяпер самы важны, таму што ён, па-першае, выходзіць за межы кангрэсавай Польшчы і, па-другое, у ім прымаюць вялікі ўдзел сяляне” (Маркс і Энгельс, творы, т. ХХІІІ, ст. 142). 

У сялян у розных месцах Літвы знайшліся таленавітыя і смелыя кіраўнікі – ксёндз Мацкевіч, афіцэр рускай школы Серакоўскі, будучы ўдзельнік Парыжскай Камуны Урублеўскі, на Міншчыне –Траўгут, але душой і галавой беларускіх мялян быў і цяпер, як і раней, Каліноўскі. У хуткім часе склалася сітуацыя, пры якой яго вялізарныя арганізацыйныя і рэвалюцыйныя здольнасці маглі праявіцца і развіцца ў поўнай меры.

Белых усё больш палохаў народны характар руху, які адбываўся ў Бітве і на Беларусі. Набыўшы перавагу ў Варшаве, яны вырашылі распусціць Чырвоны Літоўскі камітэт. У выпадку непадпарадкавання яны пагражалі апублікаваць імёны членаў Літоўскага камітэта ў замежнай прэсе, як здраднікаў рэвалюцыі.

Каліноўскі пратэставаў, хаця пад уплывам пагрозы белых зрабіў выгляд, што падпарадкуецца. На справе ён не толькі не падпарадкаваўся, але як-раз у гэты час развіў самую кіпучую дзейнсць. Белыя, якія папрабавалі было ўзяць рух у свае рукі, фактычна развалілі яго. Масы да іх не пайшлі, шляхта таксама ўхілялася ад актыўнай дапамогі паўстанцам, баючыся, каб рух не павярнуўся супроць яе самой. 

Надзеі на дапамогу з-за мяжы не апраўдаліся. У той-жа час Мураўёў-вешальнік развіваў энергічную дэмагагічную дзейнасць, абяцаючы сялянам пашырэнне плошчы землекарыстання і зніжэнне выкупной платы. У сялянскае асяроддзе была пушчана чутка, што паўстанне было выдумана панамі для таго, каб адабраць палёгк маніфеста 19 лютага. 

Пад уплывам усіх гэтых умоў сярод паўстанцаў узніклі вялікія хістанні і сумненні ў канчатковым поспеху паўстання. Каб іх перамагчы, неабходна была цвёрдая і рашучая ўлада. На Беларусі гэту ўладу і ўзяў у свае рукі Каліноўскі. Галоўнай задачай гэтага крытычнага моманту, які перажывала тады паўстанне, было наладжванне сувязей з шырокімі народнымі масамі, і для вырашэння гэтай задачы не было лепшай кандыдатуры, чым Каліноўскі. 

Ім быў утвораны для Беларусі паўстанчы чырвоны ўрад (“Чырвоны Жонд”), і на чале гэтага ўрада з фактычнымі правамі дыктатара стаў ён сам. Ён спадзяваўся зрабіць тое, чаго не мог зрабіць Цэнтральны польскі ўрад, - а іменна арганізаваць шырокі народны рух.

Другая палова 1863 года была перыядам самай кіпучай дзейнасці. Каліноўскі знаходзіўся ўвесь час у руху, выдаваў загады і адозвы, выпускаў у Вільні газету “Мужыцкая праўда” (выйшла 6 ці 9 нумароў), арганізаваў паўстанчыя атрады. Адзін за адным выбывалі са строю яго сябры і паплечнікі: адны ўцякалі за мяжу, іншыя гінулі ахвярамі мураўёўскіх катаў. 

Адзін Каліноўскі заставаўся на сваёй рэвалюцыйнай рабоце, адстайваючы з незвычайнай энергіяй дзве асноўныя ідэі, якія і раней былі асноўным зместам яго рэвалюцыйнай дзейнасці: надзяленне сялян зямлёй шляхам падзелу памешчыцкіх уладанняў і ўтварэнне незалежнай літоўска-беларускай рэспублікі. Ён жыў у Вільні, адкуль ішлі шырокія шляхі, што звязвалі яго з рэвалюцыйнай Беларуссю і Літвой, яму даводзілася па некалькі разоў на дзень пераапранацца і ўвесь час мяняць пашпарты і кватэры.

“Гэты адзін чалавек, - гаворыць аб ім адзін польскі гісторык, - меў значэнне сотняў, бо ён умеў працаваць, ахвяраваць сабой і хавацца. Яго звалі “хамам” і ён сам сябе так называў і ганарыўся гэтым прозвішчам, люта выступаючы супроць шляхты…”. Сам Мураўёў павінен быў прызнаць яго арганізацыйны  талент. У “Справаздачы па кіраўніцтву Паўночна-Заходнім краем” ён пісаў: “Паўтанне было страшным не колькасцю ўзброеных атрадаў, але сілай і таямнічасцю рэвалюцыйнай арганізацыі, якая пакрыла сваёй сеткай увесь край”. На Беларусі на чале гэтай арганізацыі стаяў Каліноўскі, - і ўжо гэта дае яму права на прызнанне яго адным з самых таленавітых кіраўнікоў рэвалюцыйнага руху.

У той час, як Каліноўскага шукалі ўсюды, ён жыў у Вільні, не хаваючыся, хадзіў па яе вуліцах і абедаў у адчыненых рэстаранах. Між іншым, яго шукалі і ў Мінску. Туды быў накіраваны жандарскі палкоўнік Лосеў, які арыштаваў блізкага да Каліноўскага шляхціча Парфіяновіча, і той па баязлівасці выдаў Каліноўскага. 

Ён паведаміў на допыце, што Каліноўскі хаваецца ў памяшканнях, якія належаць касцёлу св. Яна ў Вільні, пад імем Вітольда Вітажэнца.

Уначы 7/19 студзеня 1864 года (сапраўдная дата – 17/29 студзеня) Каліноўскі быш арыштаваны і адвезены ў Дамініканскую турму. У турме ён напісаў ліст, адрасаваны “беларускаму народу”. 

У гэтым лісце маюцца такія радкі: “Няма, браткі,  большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек мае розум і навуку. Тады ён толькі можа быць у радзе, жыць у дастатках… бо збагаціўшы навукай розум, разаўе сэрца і народ свой цэлы шчыра палюбіць… Ваюй, народзе, за сваё чалавечае і народнае права, за сваю веру, за зямлю сваю родную”.

7/19 красавіка 1864 года (памылка, сапраўдная дата 10/22 сакавіка 1864 – В.Г.) ён па прысуду суда быў павешаны. Калін чыноўнік, які чытаў прысуд, абвясціў яго званне і імя: “Дваранін Канстанцін Каліноўскі”, ён спыніў яго словамі: “У нас няма дваран – усе роўныя”. Па расказах сведкаў, на эшафот ён узышоў смела, высок ўзняўшы галаву.

Так скончыў сваё жыццё гэты слаўны дзеяч беларускага рэвалюцыйнага руху, уся кароткая дзейнасць якога была самаадданым і бясстрашным служэннем свайму народу. Беларускі народ ніколі не забудзе таго, хто загінуў за яго шчасце, і яго памяці будзе прысвечана шмат і навуковых работ, і песень. 

У адной з такіх песень гаворыцца:

З агнём у вачах, з душою брата,

На вучнах з клічам вызвалення,

Агорнен ўвесь агнём сумлення,

Ён з вёскі ў горад, з кузні ў хату

Ішоў па землях беларускіх

І, як прарок, прарочыў людзям,

Сваім братам, што шчасце будзе.

(Алесь Гурло)

І сапраўды, любоў да людзей, клопат аб шчасці сваіх братоў беларусаў, - былі заўсёды асноўным зместам жыцця і дзейнасці К.Каліноўскага. Гэтага не маглі не прызнаць нават яго ворагі. За гэта яго шануе і любіць беларускі народ.

Васіль Герасімчык, «Гістарычная праўда»

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях