17 декабря 2018, понедельник, 11:53
Спасибо вам
Рубрики

«Беларускамоўны лекар адганяе хваробу і падымае настрой»

1

Адшукалі ў Гродне лекара, што заўсёды пераходзіць на мову пацыента.

«Дрэнна, калі нехта хварэе, асабліва муж. Але ж беларускамоўны ўважлівы лекар у хаце падымае настрой і адганяе хваробу”. Гэтым допісам падзялілася ў сацыяльных сетках гродзенка Вольга Верамеенка. Сям’я Верамеенкаў – беларускамоўная. А вось лекара, каторы размаўляе па-беларуску, у горадзе сустрэлі ўпершыню, піша hrodna.life.

“Калі чэсна, задзяўбло тлумачыць лекарам сэнс слоў “страўнік”, “сківіца”, ці “пякучка”, – кажа Сяргей Верамеенка. Гэтым разам – пашанцавала. Журналісты адшукі адметнага доктара і высветліў, што апроч беларускай мовы ён пры патрэбе пацыента можа перайсці яшчэ на польскую ці англійскую. Галоўнае – каб на здароўе.

Мова раней за дыягназ

Віталь распавёў, што выбар мовы ў яго адбываецца ўжо на першых хвілінах сустрэчы з пацыентам. Для сябе ён вырашыў, што будзе размаўляць з хворым на яго мове.

«Беларускамоўны лекар адганяе хваробу і падымае настрой». Адшукалі ў Гродне лекара, што заўсёды пераходзіць на мову пацыента

“Так адбылося і з вашым знаёмым, – узгадвае ён пра Сяргея Верамеенку. – А яшчэ на маім участку зараз жыве студэнт з Камеруна, які пакуль кепска размаўляе па руску. З ім пераходжу на англійскую мову. Думаю, калі б прышлося лячыць польскамоўнага пацыента, таксама змог бы з ім паразумецца”.

Меркаваннем Віталя, галоўнае для лекара – зразумець, што расказвае хворы і данесці патрэбную для яго інфармацыю на зразумелай мове. “Без гэтага – ніяк. Каб не разумеў, то як бы лячыў?”

Ад бабулі, дзядулі і ўніверсітэта

Што да беларускай, то з ёй праблем у лекара ўвогуле няма. Хоць сам Віталь нарадзіўся і вырас у Гродне, школьнікам усе вакацыі праводзіў у вёсцы, у бабулі з дзядулем. “Штогод на тры месяцы ездзіў і размаўляў там па-беларуску. Можа, не на чыста літаратурнай мове, з трасянкай, але там усё прагаворвалася па-беларуску, на ўсё словаў хапала. Да гэтага часу з бабуляй і дзядулем так размаўляю”.

З універсітэцкіх часоў Віталь прыгадвае заняткі па мове з выкладчыкам Віктарам Варанцом. “Цікавыя былі заняткі. З заданнямі расказаць пра любімую перадачу, кнігу ці вакацыі па-беларуску. І спецлексіка таксама”. Па словах Віталя, большасць студэнтаў ставілася да моўных заняткаў сур’ёзна, як да “нармальнага прадмета, без паблажак”. Да таго ж выкладчык нагадваў: “Калі-небудзь да кожнага з вас прыйдзе беларускамоўны пацыент”. Для многіх будучых выпускнікоў медуніверсітэта гэта непазбежнасць. Бо вялікая іх частка атрымлівае размеркаванне ў вёску.

“Дапамагаеш людзям і яны чакаюць дапамогі”

Віталь пасля ўніверсітэту таксама працаваў у вёсцы. На шэсць гадоў месцам працы для яго стала амбулаторыя ў аграгарабку Скрыбаўцы на Шчучыншчыне. “Адносіны да лекара ў вёсцы больш паважлівыя. Там адчуваеш, што насамрэч дапамагаеш людзям і яны чакаюць тваей дапамогі”. Мова таксама аказалася важнай. Беларускамоўныя пацыенты ішлі суцэльным патокам.

“Бывала, хто са старэйшых людзей, калі баліць нага, кажа “баліць у клубе”. Каб не разумеў па-беларуску, то што б думаў? У дыска-клубе баліць, ці ў клубе ананімных алкаголікаў?”

Танометр, сцетаскоп і мазгі

Праца лекара ў сельскай мясцовасці мае свае асаблівасці. На аднаго спецыяліста, як і ў горадзе, каля тысячы з паловай жыхароў. Толькі ў горадзе гэта – некалькі вуліц, а ў сельскай мясцовасці – з дзясятак вёсак. “Вёскі раскіданыя, трэба паездзіць. Але там і персанальная машына ёсць”, – узгадвае Віталь.

Часам бацькі студэнтаў-медыкаў перад размеркаваннем баяцца, што маладыя лекары на вёсцы не знойдуць прымянення ведам, бо там няма сучаснага абсталявання. “Гэта больш стэрэатыпы страх і перад невядомым, перад выхадам з зоны камфорту. Можа для хірургаў ці іншых вузкіх спецыялістаў гэта было б актуальна. Але, калі ты тэрапеўт, табе патрэбны танометр, сцепаскоп і мазгі. Лекар, што едзе ў вёску, мае разумець – прыдзецца думаць, саабражаць. Па мне, гэта такі нармальны выклік. Інакш не навучышся галаву ўключаць”.

Пасля абавязковай адпрацоўкі Віталь застаўся ў амбулаторыі яшчэ 4 гады. “Паглядзеў, што людзі задаволены і мне падабалася. Я быў на сваім месцы”.

Асабісты прыклад лекара як сродак прафілактыкі

Сёлета ад жніўня Віталь працуе ўчастковым лекарам у адной з гарадскіх паліклінік. Наконт найбольш частых прычын звярнуцца да лекара, горад ад вёскі мала чым адрозніваецца. Маладзейшыя часцей звяртаюцца з захворваннямі дыхальных шляхоў і праблемамі са спіной, сталыя скардзяцца на праблемы з сэрцам ці суставамі.

Прычына ў многім у адсутнасці фізічнай нагрузкі і нездаровым ладзе жыцця, мяркуе Віталь. Кажа, што на вёсцы з прафілактыкай было лягчэй, бо там усе на віду і спрацоўвае асабісты прыклад. “Цюкаць чалавека ўвесь час – не дапаможа. Толькі асабісты прыклад. Я не палю, і гэта мой, як лекара, прыклад. Штотыдзень наведваў секцыю па валейболу. Людзі бачаць: “Ага, доктар пайшоў гуляць, то і мы пойзем”. У горадзе так немагчыма. Тут мы больш на дыстанцыі”.

Нават у горадзе, калі лекар працуе на ўчастку доўга, то вылучыць сваіх пацыентаў нават у натоўпе, мяркуе Віталь. “На весцы, то дакладна ўсіх сваіх ведаў. А тут пакуль не, патрэбен час”. Напэўна, добры лекар атаясамляе сябе з участкам. Пры нагодзе распытае і пра сям’ю хворага, бо разумее – каб справа ішла лепш, такі сямейны падыход мае сэнс”.