27 апреля 2024, суббота, 0:29
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

«Адзін працуе як цэлы літаратурны інстытут»

2
«Адзін працуе як цэлы літаратурны інстытут»
Сяргей Шапран

Сяргею Шапрану – 50!

Калі я думаю пра тое, колькі ўжо паспеў зрабіць Сяргей Шапран, то адчуванне, што сёння яму спаўняецца не 50, а як мінімум 100 гадоў. А калі размаўляю з ім, то ўражанне, што перада мною – раўналетак. Калі думаю пра тое, колькі яшчэ ён можа зрабіць, дык хочацца, каб Бог адмерыў яму яшчэ як мінімум двойчы па столькі.

Адзін працуе як цэлы літаратурны інстытут. Ніхто не зрабіў больш за яго для ўшанавання памяці Васіля Быкава, Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна. Ён быў добрым сябрам для нашых класікаў пры жыцці, ён застаецца ўдзячным унукам пасля іх сыходу. Разумны, адукаваны, інтэлігентны, уедлівы – і ўсе гэтыя рысы Сяргею ўдаецца скіраваць у стваральнае рэчышча беларускай культуры. Яшчэ адна рыса -- фенаменальная сціпласць.

Калі гугліш “Сяргей Шапран”, то найперш бачыш дзясяткі матэрыялаў не пра яго, а ягоны шчыры даробак на ніве Беларушчыны, ягонае ўслаўленне волатаў нашай культуры! Не ведаю, хто б яшчэ здолеў столькі год праседзець над архівамі нашых творцаў, каб увасобіць гэта ў добры тузін кніг, большасць з якіх ужо размялі ў кнігарнях і крамах. Колькі людзей сталі беларусамі дзякуючы гэтым кнігам? Назаву зараз толькі адно імя – Павел Бераговіч. Нарадзіўся у Расеі, хоць з паходжання беларус. І дзякуючы перапісцы Быкава з Барадуліным, якую падрыхтаваў Шапран, вярнуўся да каранёў, усвядоміў сябе беларусам. І сёння Павел – галоўны мецэнат беларускай культуры!

Сяргей нарадзіўся ў Рызе, сам паходзіць з-пад Себежа. Сёння гэта тэрыторыя суседняй дзяржавы, але перада мной ляжыць мапа Беларускай Народнай Рэспублікі, дзе гэтая мясціна якраз трапляе на тэрыторыю БНР! Зважаючы на месца нараджэння, Рыгор Барадулін некалі падпісаў Сяргею кнігу “Самаму беларускаму небеларусу…” Дазволю сёння паправіць класіка і пажадаць самаму беларускаму беларусу здароўя, плёну, радасці і натхнення!

Глеб Лабадзенка, Фэйсбук

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях