24 августа 2019, суббота, 0:02
Мы в одной лодке
Рубрики

На Лідчыне адкрылася экспазіцыя, прысвечаная паўстанню 1863 года

1
На Лідчыне адкрылася экспазіцыя, прысвечаная паўстанню 1863 года

Экспазіцыя павінна стаць пачаткам Народнага музею паўстання 1863 года.

У вёсцы Дворышча Лідскага раёна распачала працу мастацкая экспазіцыя “Паўстанне 1863 года на Лідчыне”. Размяшчаецца яна ў старажытным вадзяням млыне, аднаўленнем якога займаецца турыстычная фірма “Адрас лета”. Яна ўяўляе сабою збор матэрыялаў, дакументаў і фотаздымкаў, прысвечаных паўстанню і яго ўвекавечанню, паведамляе “Радыё Рацыя”.

Па словах стваральніка экспазіцыі, лідскага краязнаўцы – Станіслава Судніка, гэтая экспазіцыя павінна стаць пачаткам Народнага музею паўстання 1863 года:

– Гэтая выстава – трэйлер будучага музею. Сёння ёсць рэальнасць у беларускага грамадства сваімі сіламі стварыць Народны музей паўстання, аказаць дапамогу творамі мастацтва, экспанатамі, грашыма (калі яны ёсць). Гэта павінна быць агульнанацыянальная экспазіцыя. Я звяртаюся да ўсіх, каму неабыякавае нашае мінулае, наша сучаснасць і нашая будучыня, – трэба гэтую ідэю падтрымаць. Гэты музей рэальна можа быць.

Першапачаткова планавалася, што гэтая экспазіцыя будзе размяшчацца ў адной са школаў Лідскага раёна, але ў апошні момант гэта зрабіць забаранілі мясцовыя ідэолагі. Цяпер жа яна будзе мець сталае размяшчэнне ў прыватным турыстычным комплексе “Вольны мельнік”, размешчаным на беразе ракі Жыжма у в. Дворышча.