25 ноября 2020, среда, 3:09
Сим сим, Хартия 97!
Рубрики

Ксёндз Вячаслаў Барок зьвярнуўся да Папы Францішка

2
Ксёндз Вячаслаў Барок зьвярнуўся да Папы Францішка

Без праўды і справядлівасці, супакою і міру ніякага быць не можа.

- Сябры, дазвольце мне сёння звярнуцца не да Вас, але да Папы Францішка, піша ксёндз Вячаслаў Барок на krynica.info.

Ведаеце, жыццё вельмі кароткае і трэба спяшацца зрабіць тое, чаго прагне сэрца. Так вось пакуль я на свабодзе ды жывы, і следчы камітэт разбіраецца з ўсім тым, што я прапаведую, я, карыстаючыся шанцам, Вам сябры, выказваю ўдзячнасць за падтрымку і звяртаюся да Папы.

Разумею, што я ўсяго толькі адзін з 1 330 мільёнаў католікаў у свеце і адзін з больш за 400 тысяч святароў. І ведаю, што Беларусь, з шэрагу аб’ектыўных прычын, не ёсць у цэнтры ўвагі Ватыкану. Гэта ўсё гаворыць пра мізэрную імавернасць, што мой голас даляціць да Святога Пасаду ды не згубіцца сярод тысячы больш важных справаў. Аднак, лепш паспрабаваць, чым пасля шкадаваць, што не зрабіў таго, што мог.

Папа Францішак, я прашу пачуць не мяне, але Беларускі Народ. Так сталася, што ў нас улада краіны распачала вайну са сваім народам.

Так, менавіта вайну. Крах спакою адбыўся тады, калі сфальсіфікавалі выбары, высмеялі праўду ды растапталі справядлівасць, бо на ўзроўні дзяржаўнага правасуддзя пачалі судзіць і караць не злачынцаў, але пацярпелых. У турмы садзяць не тых, хто б’е але тых, каго б’юць. Вядома, без праўды і справядлівасці, супакою і міру ніякага быць не можа. Чаму так сталася?

Усё вельмі проста. У нас скралі галасы. Забралі права рабіць вольны выбар – нават Бог не забірае свабоду выбара, а ў нас забралі. Цяпер нас, нязгодных, садзяць у турмы, звальняюць з працы і навучальных устаноў, б’юць, катуюць, з нас здзекаваюцца і забіваюць.

Ты, папа Францішак, як ніхто іншы ведаеш, як усё перакручваецца з ног на галаву, калі ўладу ў краіне захоплівае ваенная хунта. Досвед тваёй Радзімы Аргентыны з “бруднай вайной” 1976-1983 і яе ахвярамі, калі за 7 гадоў пацярпела каля 100 тыс чалавек, напэўна добра табе дазваляе зразумець нашую сітуацыю.

У нас ужо 26 тысяч затрыманых, больш за сотню палітвязняў, тысячы скалечаных і шасцёра забітых. Так, гэта пакуль менш, чым у Аргентыне. Аднак, і ў нас сілавікі яшчэ не спыніліся на шляху беззаконня, а гэта ж яшчэ толькі 100 дзён мірных пратэстаў.

12 лістапада 2020 памёр Раман Бандарэнка. Уласціва, гэта было забойства. Яго выкралі бандыты з Плошчы Пераменаў у Мінску. Звычайна так і здзейсняюць свае злачынствы беларускія сілавікі: без формы, але са зброяй у руках і з балаклавамі на тварах. Рамана забілі за праяўленне людзкой годнасці, за салідарнасць, за беларускі сцяг, за сімвал Хрыста, за веру ў перамогу дабра над злом.

Трагічная смерць трыццаціаднагогадовага мастака ўскалыхнула ўсю Беларусь – абыякавым пазастаўся толькі той, хто дашчэнту згубіў апошняе падабенства да чалавека. Сёння кожны беларус цудоўна разумее, калі народ, які змагаецца за вяршэнства закону не пераможа беззаконне, то гуманітарнай катастрофы ў краіне не пазбегнуць. Вайна знішчыць народ, краіну і чалавека.

Мэта майго звароту знайсці адказ на пытанне: што нам рабіць, каб у Беларусі запанаваў спакой і мір? Як спыніць вайну?

Я не раз перачытваў Энцыкліку Fratelli Tutti. Тлумачыў іншым, што як жа актуальнае навучанне Твайго паслання для Беларусі. Але сам не магу знайсці адказу на пытанне, як можна весці дыялог з тымі, хто не хоча дыялогу. І як без дыялогу магчымая “архітэктура міру”.

Наш Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які толькі загаварыў пра дыялог, наўпрост быў выкінуты з краіны.

Я губляю веру, што тыя хто пасмакаваў людзкой крыві, могуць апамятацца і распачнуць дыялог. З іншага боку, той, хто сцвердзіў, што “сёння не да законаў”, ахвотна сустрэўся з Тваім пасланнікам у Беларусі арцыбіскупам Антэ Ёзічам. Прапаганда рэжыму стварыла карцінку: разам п’юць шампанскае нунцый і той, хто публічна прызнаваўся ў аддаванні загадаў на забойствы беларусаў.

Такой карцінкі безумоўна не мог спакойна ўспрыняць беларускі народ. Я у сваіх відэа стараўся тлумачыць гэту падзею і не абвінавачваў абранай лініі палітыкі Ватыкану. Дзякую і цяпер за клопат і думкі пра нас. Але ўсім сёння вядома, што Лукашэнка, назваўшы цябе “лепшым папам”, імкнецца толькі да аднаго: схавацца за аўтырэтэтам намесніка св. Пятра. Нават не за кардыналам Хорхе Берголіо, але за Апосталам Хрыстовым. Маўляў, цяпер на далейшыя злачынствы сам пантыфік дае яму згоду.

Я ж ведаю, што гэта абсалютна не так. Вось і яшчэ, Папа, пытанне, як спыніць зло на нашай зямлі?

Сёння, я як той хто выступае супраць хлусні і насілля і, адпаведна, супраць фашызму, камунізму ды ідэалогій, якія будуюць на гэтых вучэннях, мушу тлумачыць праваахоўчым органам, чаму я супраць гэтага зла.

Скачивайте и устанавливайте мессенджер Telegram на свой смартфон или компьютер, подписывайтесь (кнопка «Присоединиться») на канал «Хартия-97».