18 мая 2024, суббота, 9:54
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Калі абрынецца турма…

1
Калі абрынецца турма…

Дзіўныя падзеі здараюцца на Беларусі. Асабліва вясной. У шэрыя, непрыкметныя дні. Калі пануе неаглядная непагадзь. Вось нечакана галоўны начальнік павіншаваў тэлеграмай папу. Рымскага. Бенедыкта ХVI. З пачаткам трэцяй гадавіны пантыфікату.

Не выключана, што ў ягонай канцэлярыі хтосьці нават здзівіўся: чаго раптам? Ды і тут, у Мінску, сёй-той задумаецца насцярожана – з якой нагоды такая далікатнасць? Няўжо сапраўды рэжым бязмежна ўсхваляваны пачаткам трэцяй гадавіны?

Але хутчэй за ўсё няма тут аніякіх таямніц. Проста Еўропу даўно ўжо расчаравала бязмежная адданасць гэтай улады прынцыпам “суверэннай дэмакратыі”. А дакладней – убогаму таталітарызму. І Брусэль ўзгадвае мясцовае кіраўніцтва хіба што падчас абмеркавання дакладу Хрыстаса Пургурыдзеса. Крыўдна, калі вось гэтак непрыхавана і дэманстратыўна цябе ў еўрапейскім доме адсоўваюць ў нейкі цёмны кут. Піярам заклапочаны не толькі палітыкі. Яшчэ гогалеўскі Бобчынскі настойліва пераконваў усемагутнага Хлестакова: “как поедете в Петербург, скажите всем там вельможам разным: сенаторам и адмиралам, что вот, ваше сиятельство или превосходительство, живет в таком-то городе Петр Иванович Бобчинский”.

Аднак асаблівыя намаганні на гэтым напрамку наўрад ці патрэбныя. Еўропа пра унікальны рэжым добра ведае. Памятае і пантыфік. Прамаўляючы з трыбуны штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, ён яшчэ раз акрэсліў выразна галоўнае патрабаванне цывілізаванага свету да гэткіх уладаў: “Першапачатковы абавязак кожнай дзяржавы – забяспечыць абарону сваіх грамадзян ад няспынных і істотных парушэнняў правоў чалавека”.

Сапраўды, хто ж забудзе пра гэтую краіну, калі яна кожны дзень нагадвае пра сябе якім-небудзь новым дзікунствам. Яшчэ ў студзені пачаліся нічым не абгрунтаваныя арышты, затрыманні, цынічныя судовыя працэсы над моладзевымі актывістамі, палітыкамі і лідэрамі прадпрымальнікаў. І сёння не відаць канца хвалі гвалту. Знікаюць апошнія прыкметы законнасці. Краіна прыстасоўваецца паціху да недарэчнага ладу жыцця. І шмат хто ўжо ўспрымае дзікунства як норму. А што зробіш, гэткія пануюць тут звычаі!

Напэўна, у гісторыю ўвойдзе славуты працэс чатырнаццаці. І не ў тым сутнасць, што рассыпаюцца старанна сабраныя доказы віны падсудных. Іншага і не варта было чакаць. А сапраўдная бяда ў тым, што за абарону правоў, гарантаваных канстытуцыяй, у адно імгненне можна трапіць за краты. Еўрапейская краіна, затаіўшы дыханне, чакае абвяшчэння прысуду. На лаве падсудных – людзі, якімі ганарыцца трэба. А тут – знайшлі крымінальнікаў!

Але найбольш відавочна ўся абсурднасць тутэйшай рэчаіснасці выяўляецца не столькі на гучных працэсах, колькі ў паўсядзённай судовай практыцы. Вось працэс зусім нядаўні.

Судзяць журналіста, які, выконваючы свае абавязкі, 25 сакавіка быў побач з тымі, хто выйшаў святкаваць Дзень Волі. Ён толькі назіраў за падзеямі. І ўсе гэта ведаюць. Як і тое, што журналіст атрымае пятнаццаць сутак. Бо так трэба. І пераконвае адвакат, каб не давалі яму тыя суткі, а хаця б абмежаваліся штрафам. Законы адвакат ведае. Але змагаецца толькі за нейкую палёгку для падабароннага. А судзяць жа невінаватага! Аднак ён павінен сядзець. Таму што не падабаецца ўладзе. І ніякі закон яго ўжо не абароніць. Ну чым не трыццаць сёмы? Толькі ў Курапаты хіба што пакуль не адвозяць. Але ж на ўрадлівай ніве беззаконня варта пачаць з малога. А там!..

У цэнтры горада сярод белага дня хапае міліцыя Вячаслава Сіўчыка. Паважанага чалавека, вядомага грамадскага дзеяча. Без ніякай падставы. Нейкі маёр паведаміў, што хочуць з ім вартавыя парадку паразмаўляць. Прывезлі ў пастарунак. Пратрымалі да позняга вечара. Ніхто з ім размаўляць не збіраўся. Вызвалілі, калі ўжо сцямнела. Што гэта ўвогуле?

А нічога. Наша паўсядзённае жыццё. У роднай вёсцы Аляксандра Мілінкевіча ў ягоным аўтамабілі пракалолі шыны. У Слоніме машыну аблілі фарбай. Па дарозе ў Гародню, дзе яго ўжо чакалі людзі, міліцыянты машыну спынілі. Усіх адвезлі ў пастарунак. І там вядомаму ўсёй Еўропе палітыку даводзіць, што нельга было яго не затрымаць, бо тут у некага ў вёсцы прапалі залатыя рэчы і паляўнічая стрэльба.

Гэта ўсё выглядала б напэўна правінцыйным тэатрам абсурду. Каб не адна акалічнасць. У мітуслівых і недарэчных дзеяннях службоўцаў розных рангаў прасочваецца выразна агульная мэта. Дагадзіць. Тым, хто наверсе. І ўжо добра вядома кожнаму з іх, чым зараз можна дагадзіць. Подласцю. Бязмежнай. На яе сёння неверагодны попыт. А таму і надалей непажаданым будуць праколваць шыны, абліваць фарбай машыны, затрымліваць, арыштоўваць, пераследваць. Усімі сродкамі псаваць жыццё прыстойным людзям. Іншага пры гэтай уладзе быць не можа. Таму што гэта ўлада іншай быць не можа.

А скончыўся тыдзень і ўвогуле сымбалічна. Абрынуўся раптам Пішчалаўскі замак. Славутая турма ў цэнтры Мінска. Хто тут толькі не сядзеў! І паўстанцы Каліноўскага. І Якуб Колас. Такой непахіснай і вечнай здавалася апірышча усіх былых уладароў. І раптам…

Магчыма, грымне калісьці і ператворыцца ў пыл і гэты экзатычны рэжым. Але ці не кінуцца адразу ўсе тыя, хто сёння блізка да лагернай хлебарэзкі, адбудоўваць нанова наш усеагульны Пішчалаўскі замак? Ён жа такі прыгожы! Збудаваны па адмысловым расійскім праекце. Помнік імперскай архітэктуры. Надмагільны камень Беларусі.

Але ж не!.. Хтосьці зноў збіраецца на плошчу.

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях