26 апреля 2024, пятница, 15:33
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Пачакай, Каліноўскі…

3
Пачакай, Каліноўскі…

Са сваёй «Мужыцкай праўдай» Кастусь Каліноўскі сённяшняй уладзе непатрэбен.

На гару Гедыміна ў Вільні літоўцы звычайна ўзнімаюцца па канатнай дарозе. Сеў у зручны вагончык – і праз дзве хвіліны ты на вяршыні, збярогшы сілы для агледзінаў шматузроўневага музея ў вежы, над якой лунае дзяржаўны сцяг Літвы.

Абазнанаму ў гісторыі беларусу (а другія на тую гару і не пнуцца) і ў галаву не прыйдзе ўзнімацца ў вагончыку. Як гэта – на фунікулёры да магілы Кастуся Каліноўскага? Такія месцы наведваюцца, як правіла, пешкі. Скажам, не правялі ж фунікулярную дарогу ўкраінцы на куды больш высокую гару ў Каневе, дзе пахаваны Тарас Шаўчэнка.

Гара Гедыміна здаўна ўспрымалася намі як месца пахавання Каліноўскага. Менавіта ўся гара, паколькі канкрэтнае месца старанна зачышчалася. Змянялася ўлада (а Вільню хто толькі ні займаў) – і над агульнай магілай паўстанцаў 1863 года то расійскія салдаты ў крэкет гулялі, то нямецкія памятны крыж знішчалі, то цывільныя літоўцы – мемарыяльны знак.

Таму на цэлую гару яшчэ з цягніка мы глядзелі як на сімвалічную магілу Каліноўскага. Гэткі сабе загадкавы кенатаф (а загадкавасць, як вядома, яшчэ больш прыцягальная). Хоць гісторыкі, у тым ліку і аўтарытэтны Генадзь Кісялёў, пра месца апошняга спачыну кіраўніка паўстання выказваліся асцярожна. Затое не асцярожнічаў Уладзімір Караткевіч, які сваім раманам “Каласы пад сярпом тваім” увядоміў імя і справу Каліноўскага як ніхто іншы. У яго эсэ “Вільнюс – часцінка майго сэрца” чытаем: “10 сакавіка 1964 года я яшчэ ў прыцемках прайшоў увесь яго шлях: ад Дамініканскіх муроў (там ён быў зняволены) да Лукішак, дзе стаяла шыбеніца. А пасля таксама пехатою пайшоў на месца, дзе хавалі павешаных, падняўся на гару Гедыміна. Я не ведаў, дзе там ляжаць яго косці…”

Так напісаў Караткевіч амаль паўвека таму. Так тады ж было надрукавана ў літоўскім часопісе “Наўёс кнігос”. І дарэмна літоўскія гісторыкі аж да нядаўняга часу паціскалі плячыма – маўляў, мы нічога не ведаем пра магілу на Гедымінавай гары. Дарэмна, бо гэта той выпадак, калі прагучаў “голас праўды нябеснай супраць праўды зямной”. Прынамсі для тых беларусаў, якіх геній Караткевіча ўратаваў ад нацыянальнага
 бяспамяцтва.

Зразумець літоўцаў можна. Памятная шыльда на Лукішках хай сабе будзе. Вуліца імя Костаса Калінаўскаса – таксама дапушчальна. Але магіла нацыянальнага героя Беларусі на святая святых – гары Гедыміна, у сэрцы Вільні?! Тут вы ўжо нас, дарагія суседзі, прабачце.

І мы прабачалі. Доўга прабачалі. Пакуль не ўмяшалася стыхія. У выніку гара “папаўзла”, на ёй пачаліся вымушаныя раскопкі, якія і выявілі схаваную магілу паўстанцаў. А ў ёй – парэшткі кіраўнікоў паўстання Зыгмунта Серакоўскага (апазнаны па шлюбным пярсцёнку) і Кастуся Каліноўскага (пакуль канчаткова не ідэнтыфікаваны).

З любой іншай краіны для гэтай самай ідэнтыфікацыі ў Вільню прыляцеў бы спецборт з неабходным абсталяваннем і спецыялістамі. Яны выканалі б усе неабходныя працэдуры і, накрыўшы сцягам труну з
парэшткамі, суправадзілі б дамоў. На жаль, з Беларусі такі борт не прыляціць. Бо для сучаснай беларускай улады Каліноўскі – ніякі не герой. Не нацыянальны – дык дакладна.

Памятаеце, у пачатку 90-х існавала Дзяржаўная прэмія імя Каліноўскага? Яе паспелі атрымаць усяго трое – у тым ліку гісторык Мікола Ермаловіч і пісьменнік Леанід Дайнека. Дзе тая прэмія цяпер? Скасавана.

Памятаеце, тады ж з’явіўся дзяржаўны Ордэн Каліноўскага? Ім увогуле нікога не паспелі ўзнагародзіць – быў адменены.

Памятаеце, за савецкім часам у Мінску і Гродне ўзніклі (хай сабе не цэнтральныя) вуліцы імя Каліноўскага? Ці з’явілася хоць адна такая вуліца пасля 1994 года? Не. Яна і не магла з’явіцца, як не з’явіўся і помнік Каліноўскаму на адной з цэнтральных сталічных плошчаў, “свабоднай” пасля дэмантаванага ў 1961-м манумента Сталіну.

Уявім сабе неверагоднае – ён там нейкім дзівосным чынам паўстаў. І едуць міма высокі начальнік з Масквы з гэткім жа мясцовым начальнікам. “А хто гэта ў цябе там стаіць?” – “Ды Каліноўскі, змагар з царызмам”. – “З царызмам, гаворыш? А ты яго газетку пачытай, гісторык…”

Назаўтра на стол мясцовага начальніка кладуцца ўсе сем нумароў “Мужыцкай праўды”, і ён чытае як мыла з’еўшы: “Ад маскаля няма чаго дабра спадзявацца… Маскаль хітры, урад маскоўскі нас дурманіць… Бяспечнасці пад маскалём ніякай няма… Маскаль – як саранча, што худобу гаспадарскую глуміць… Храмы нашы маскаль перарабіў на стайні… Як дзень з ноччу не сходзяцца, так не ідзе разам навука праўдзівая з няволяй
маскоўскай”.

З такім нацыянальным героем саюзную дзяржаву не збудуеш – вырашае мясцовы начальнік і… Тут кожны можа па-свойму дадумаць прапанаваны сюжэт, але факт застаецца фактам – у Беларусі апошнія гадоў дзесяць ідзе дэгераізацыя Каліноўскага. Зазірніце ў падручнік па гісторыі для 10 класа, адным з аўтараў якога значыцца небезвядомы Якаў Трашчанок. Там нават спецыяльны параграф ёсць – “Гістарыяграфічны міф пра Вікенція Канстанціна Каліноўскага”, дзе гаворыцца: “Ніякіх аб’ектыўных падстаў для ператварэння Каліноўскага ў нацыянальнага героя беларускага народа не 
існуе”.

Са сваёй “Мужыцкай праўдай”, са сваімі “Лістамі з-пад шыбеніцы” (выкінутыя сёлета са школьнай праграмы) Каліноўскі сённяшняй уладзе непатрэбен. І калі ён у падручніку – не герой, то мусяць знікнуць і вуліцы яго імя, і той адзіны помнік у Свіслачы на Гродзеншчыне, усталяваны яшчэ ў 50-я гады. У той самай Свіслачы, дзе ўжо ва ўсёй красе стаіць парадны помнік Сталіну. Гэткі сабе ідэалагічны двубой – хто пераможа: Сталін ці Каліноўскі.

А раз дзяржава адварочваецца ад Каліноўскага, то куды прыняць яго прах, адкапаны на Гедымінавай гары? Дапусцім, ідэнтыфікуюць яго самі літоўцы, і што далей? Усе могілкі ў Беларусі (не толькі ганаровыя Кальварыйскія ці Усходнія) – дзяржаўныя, і не выпадае думаць, што дзяржава выдзеліць месца, якое з часам магло б ператварыцца ў Нацыянальны пантэон. Накшталт таго, які мне давялося наведаць у Празе. Запомніўся надпіс на ўваходнай браме: “Ač zemreli, ještě mluvi” (“Хоць памерлі – гутараць яшчэ”).

Няма ў нас сапраўды нацыянальнага некропаля. Таму пачакай, Кастусь Каліноўскі ў Вільні. Пачакайце і вы, Максім Багдановіч у Ялце, Алесь Гарун у Кракаве, Уладзімір Жылка ва Уржуме, Змітрок Бядуля ва Уральску… Беларуская дзяржава пакуль не заслужыла права прыняць вас на вечны 
супачын.

Міхась Скобла, «Народная воля»

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях