23 апреля 2019, вторник, 23:52
За нашу и вашу свободу!
Рубрики

«Лаву Клінтана» адвезьлі з Курапатаў на рэстаўрацыю

1
Фота: rfe/rl

Актывісты КХП-БНФ вывезьлі абломкі «лавы Клінтана» з тэрыторыі народнага мэмарыяла.

9 лютага актывісты КХП-БНФ, якія шмат гадоў апякуюцца Курапатамі, вывезьлі абломкі «лавы Клінтана» з тэрыторыі народнага мэмарыяла.

«Вывезьлі для далейшай рэстаўрацыі — гэта магчыма. Пасьля аднаўленьня лава будзе ўсталяваная на былым месцы, для яе захоўваньня будуць прынятыя захады бясьпекі. А вандалаў мы папярэджваем, што нашае цярпеньне скончылася», — паведаміў «Радыё Свабода» кіраўнік дырэкцыі народнага мэмарыяла Курапаты Алесь Чахольскі.

Фота: svaboda.org

Абаронцы ведаюць дадзеныя падазронага наведніка

Паводле Алеся Чахольскага, вечарам 8 лютага і наступнай ноччу абаронцамі Курапат было арганізавана дзяжурства ў Курапатах. У выніку быў заўважаны чалавек, які, як мяркуюць актывісты, можа быць датычным да разбурэньня «лавы Клінтана». Прыкметы гэтага чалавека, а таксама нумар аўтамабіля, на якім ён прыехаў у Курапаты, актывісты перададуць сьледчым, якія расьсьледуюць справу аб разбурэньні лавы Клінтана.

Алесь Чахольскі

Рэкорднае пікетаваньне

Абаронцы Курапат Алесь Чахольскі, Дзяніс Урбановіч і Ганна Шапуцька 9 лютага склікалі журналістаў на прэсавую канфэрэнцыю ў Курапаты. Яшчэ адна, акрамя падзей вакол «лавы Клінтана», нагода для размовы з прэсай — пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедім» усталявала своесаблівы рэкорд працягласьці акцый па абароне Курапат.

Ганна Шапуцька

Ганна Шапуцька параўнала два пікетаваньні — цяперашняе пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим», якое пачалося 1 чэрвеня мінулага году, і пікетаваньне ў 2002-2003 гадах.

«Сёньня 255-ы дзень пікетаваньня. Гэта ўжо на 5 дзён больш, чым тады, калі Курапатам пагражала будаўніцтва кальцавой аўтадарогі. Магчыма, тады ўмовы былі больш жорсткія, пікетоўцы мусілі начаваць у Курапатах у намёце, ім пагражаў АМАП, але і цяпер нам ня менш складана. Узяць хаця б тое, што даводзілася пікетаваць у маразы пад мінус 15 градусаў, што за гэтыя дні на нас склалі ўжо пад сотню пратаколаў, а сумы штрафаў на кожнага з нас перавалілі за тысячу рублёў, але акцыя працягваецца».

9 лютага рэстарацыю «Поедем поедим» пікетавалі больш за 10 актывістаў розных апазыцыйных партый і арганізацый. Пікетоўцы дамагаюцца закрыцьця рэстарацыі, якая, на іх думку, пабудавана з парушэньнем закону. Таксама актывісты лічаць, што дзейнасьць побач з Курапатамі забаўляльнай установы супярэчыць прынятым у беларускім грамадзтве нормам маралі.

Фота: svaboda.org