26 мая 2019, воскресенье, 5:31
За нашу и вашу свободу!
Рубрики

160 год таму нарадзіўся міністр БНР Кіпрыян Кандратовіч

Кіпрыян Кандратовіч

Ён прапанаваў праект арганізацыі 200-тысячнага беларускага войска.

Беларускі вайсковец, генерал, міністар Беларускай Народнай Рэспублікі Кіпрыян Кандратовіч нарадзіўся 28 красавіка 1859 года ў вёсцы Зіневічы каля Вавёркі (Лідскі раён), піша harodniaspring.org.

Фактычны сын графа Юрыя Трубяцкога, павятовага суддзі. Маці – Зінаіда Залеская – дачка памешчыка, меўшага маёнтак Місевічы каля Зіневіч (зараз Лідскі раён), выйшла замуж на шляхціца Кандратовіча, чыё прозвішча і імя па бацьку Кіпрыян і атрымаў. Трубяцкія дапамагалі выхоўваць малога Кіпрыяна, далі магчымасць атрымаць адукацыю і пачаць ваенную кар'еру. Вучыўся ў Лідскай павятовай дваранскай школе. Ваенную службу пачаў у 1875 годзе ў Вільні.

Удзельнічаў у расейска-турэцкай вайне 1877-78 гадоў у шэрагах грэнадзёрскага корпуса. Праз некалькі год пасля вайны, у час навучання ў акадэміі, напісаў кнігу “Плеўна і грэнадзёры 28 лістапада 1877 г.”. Удзельнічаў у так званай кітайскай кампаніі 1900 года – падаўленні “паўстання баксёраў”. Служыў на Далёкім усходзе. Каля 1910 года пабраўся шлюбам з Адай фон Рыхтар, дачкой расейскага генерала фон Рыхтара.

У пачатку Першай сусветнай вайны быў у складзе расейскага войска ў Саколцы, потым у Беластоку. Войска ў выніку разладу ў камандаванні дзеіла хаатычна. Корпус Кандратовіча перамяшчаўся ў балтыйскім кірунку. Урэшце летам 1915 года разам з многімі іншымі вайсковымі кіраўнікамі быў адхілены з генеральскай пасады. Выйшаў у адстаўку і стаў шукаць свой далейшы шлях.

На момант адстаўкі, неаднаразова паранены ў баях беларускі генерал меў 61 год. Больш за тры гады, ад самага пачатку ў 1917 годзе і практычна да канца, Кандратовіч працаваў над стварэннем беларускага войска – стрыжнем будучай дзяржавы. У 1917 годзе на з'ездзе воінаў-беларусаў Заходняга фронту быў абраны ў Цэнтральную Беларускую Вайсковую Раду. Узяў на сябе працу па фармаванні беларускіх палкоў на Заходнім фронце і па перамовах са Стаўкай расейскага войска. Распрацаваў адпаведны план і атрымаў дазвол на стварэнне беларускага палка ў Менску, а ў наступным і беларускага корпуса на Заходнім фронце. Але рэвалюцыя 7 лістапада перакрэсліла магчымасць легальнага стварэння беларускага войска.

На пачатку траўня 1918 года на месцы Народнага сакратарыяту БНР была створана Рада міністраў пад кіраўніцтвам Рамана Скірмунта. Міністрам ваенных спраў быў прызначаны Кандратовіч. Ён прапанаваў праект арганізацыі 200-тысячнага беларускага войска і паведаміў, што віленскія банкіры ў падтрымку гэтай ідэі гатовы выдаткаваць значныя фінансавыя сродкі. Адзінай перашкодай, паводле Кандратовіча, была неабходнасць згоды немцаў і пастаўка праз іх зброі. У канцы 1918 года ў Гародні сфармаваў штаб – Беларускую камендатуру і 1-ы беларускі полк, які да канца красавіка 1919-га размяшчаўся ў Александраўскіх казармах і складаўся з пяці ротаў і аднаго эскадрона. У складзе дэлегацыі БНР вёў перамовы ў Парыжы.

Перад Другой сусветнай вайной, пасля пераводу ў Варшаўскую акругу, сям'я генерала купіла маёнтак Гародна ў Лідскім павеце: 500 га зямлі і лесу, дзе генерал пасяліўся разам з дачкой Верай і жонкай Адай. Апошнія гады Кандратовіч правёў у інвалідным крэсле, хварэючы стратай каардынацыі руху. Ён не мог хадзіць, і жонка наняла сталую прыслугу. Быў пахаваны ў тым самым мундзіры, у якім быў паранены ў 1905 годзе. Пахаванне адбылося на Лідскіх праваслаўных могілках. 17 верасня 1939 года Ада Кандратовіч вымушана была з’ехаць да дачкі ў Англію.

Памёр Кіпрыян Кандратовіч 31 кастрычніка 1932 года ў маёнтку Пагародна Лідскага павету (цяпер Воранаўскі раён).

У жніўні 1998 года ўнук прыязджаў на Беларусь і перапахаваў труну генерала на новых могілках у Воранаве. А ўрну з часткай праху сваёй маці, якая пражыла лепшыя гады маладосці ў маёнтку Гародна, пахаваў у прыгожым кутку парку, каля былой альтанкі. У траўні 2000 года труна з рэшткамі генерала была перапахавана каля царквы ў Воранаве. Быў пахаваны ў Пагародне (Воранаўскі р-н), пазней перапахаваны ў Воранаве каля праваслаўнай царквы. Больш памяць не ўшанаваная ніяк.