26 апреля 2024, пятница, 16:57
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Алена Талстая: У беларусаў выйсце толькі адно – перамога

2
Алена Талстая: У беларусаў выйсце толькі адно – перамога
Фото: «Наша Ніва»

Трэба проста рабіць сваю працу.

Больш за сто дзён у Беларусі ідуць акцыі пратэсту: на працягу тыдня ў ланцугі салідарнасці, на маршы і мітынгі выходзяць пенсіянеры, жанчыны, медыкі, студэнты, а ў нядзелю — ўсе яны разам. Нягледзячы на жорсткія разгоны і гвалт з боку сілавікоў, беларусы працягваюць настойваць на мірным характары сваіх пратэстаў.

«Радыё Рацыя» пагутарыла пра гэта з сустаршынёй Руху салідарнасці «Разам» Аленай Талстой.

- На гэтым тыдні было 100 дзён беларускаму пратэсту. Для Вас гэтыя 100 дзён чым сталі?

- Як і для кожнага беларуса гэта, канешне, выпрабаванне. Таму што, дзе б мы не знаходзіліся, мы не можам быць па-за гэтымі працэсамі.

Гэта і бяссонныя ночы, гэта з першых дзён пасля выбараў сувязь з блізкімі і сябрамі ў Беларусі, гэта калі ты ўвесь час на сувязі з Менскам, калі ты маніторыш каго затрымалі, хто на волі, каму нейкая дапамога патрэбна. Гэта сябры нашага Руху салідарнасці «Разам».

- А для краіны чым сталі гэтыя 100 дзён?

Для Беларусі – гэта і фармаванне нацыі, і салідарнасць тая, якой не было ніколі раней. І гэта ўсведамленне сябе беларусамі, і ўсведамленне сябе нацыяй.

Бо мы бачым, што адбыліся працэсы, на якія ніхто не разлічваў. Мы бачым, што гэты выбарчы фарс, які планаваўся Лукашэнкам, які меўся быць проста разборкай паміж прамаскоўскімі групоўкамі і Лукашэнкам, – раптам у гэтых разборках узнікае трэцяя сіла.

І беларускі народ робіцца не аб’ектам, над якім ажыццяўляецца нейкі гвалт, а робіцца суб’ектам палітыкі. Да гэтага ў Беларусі не было такога суб’екту як беларуская нацыя. І менавіта сваё права беларуская нацыя пачала ажыццяўляць праз наўпроставае народаўладдзе.

- Для Вас гэта стала нечаканасцю?

- Тое, што працэсы па абуджэнні беларускага грамадства пачаліся, мы бачылі з пачаткам пандэміі ў Беларусі. Калі ўзнікла салідарнасць, валанцёрскі рух, калі людзі зразумелі, што яны кінутыя фактычна сам-насам з гэтай бядой, калі Лукашэнка фактычна пачаў гэты здзек над тымі беларусамі, якія гінулі ад эпідэміі.

І гвалт пачаўся ўжо за месяц да выбараў. Лукашэнка адступіў ад сваёй схемы, калі ён пачынаў рэпрэсіі пасля выбараў. Ён ужо да выбараў пачаў ізаляваць, затрымліваць, збіваць блогераў, актывістаў, палітыкаў.

Ізаляванне іх адбылося за месяц да выбараў. І было зразумела, што нейкія працэсы адбудуцца. Але тое, што беларусы выйшлі на вуліцы беларускіх гарадоў менавіта пад бел-чырвона-белымі сімваламі, гэта, канешне, было нечаканасцю для ўсіх. І гэта было вялікім узрушэннем. І нейкім спадзяваннем, што Беларусь усё ж такі вырвецца.

- 100 дзён ужо жыве Беларусь на такіх эмацыйных арэлях ад – «мы пераможам», да – «ўсё прапала». Вы, па сваіх адчуваннях, на якой стадыі знаходзіцеся?

- У Беларусі ідзе вайна. Пра гэта трэба казаць. Ідзе вайна супраць беларускага народа. Ідзе генацыд беларускай нацыі. Ідзе знішчэнне і беларускай нацыі, і беларускай дзяржавы. І тут, я думаю, не месца гэтым эмацыйным арэлям.

Трэба проста рабіць сваю працу. Бо калі мы не абаронім сваю нацыю і сваю дзяржаву, спадзявацца няма на што. Ужо не будзе таго плато, якое наступала пасля мінулых выбараў.

Проста Беларусь перастане існаваць як дзяржава і як нацыя. У беларусаў няма выйсця. Выйсце толькі адно – гэта перамога.

Не можа жыць згвалтаваны чалавек без таго, каб не была справядлівасць. Не можа жыць цэлы народ, цэлая нацыя ў гвалце.

І, я думаю, што гэта найвялікшая мужнасць сёння тое, што беларусы выходзяць на вуліцы беларускіх гарадоў. І гэта вялікая мужнасць – несці бел-чырвона-белы сцяг, несці беларускую мову і працягваць гэты супраціў.

І выйсце, я думаю, зараз у самаарганізацыі на ўсіх роўнях: у самаарганізацыі ў дварах, на прадпрыемствах, сярод індывідуальных прадпрымальнікаў, працоўных, каб былі стачкамы, каб былі незалежныя прафсаюзы. Бо без такой самаарганізацыі цяжка будзе перамагчы. Мы бачым, якія рэпрэсіі супраць усіх актыўных людзей.

Справа ўратавання беларусаў толькі ў руках саміх беларусаў. У самаарганізацыі беларусаў.

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях