3 апреля 2020, пятница, 14:41
Народный карантин
Рубрики

Палітвязень Міхаіл Жамчужны дабіўся пераводу ў Віцебскі СІЗА

2
Палітвязень Міхаіл Жамчужны дабіўся  пераводу ў Віцебскі СІЗА

Па выніках шматлікіх заяў пачалося папярэдняе раследванне па яго справах.

Спачатку Міхаіла Жамчужнага перавялі з Горацкай калоніі ў Магілёўскую турму, а затым адправілі ў Віцебскі следчы ізалятар. Пра гэта сайту palitviazni.info паведаміў віцебскі праваабаронца Леанід Свецік.

«Па выніках неаднаразовых заяў і скаргаў пачалося папярэдняе раследванне па маіх справах, – напісаў Міхаіл Жамчужны. – Размова, магчыма, ідзе нават пра маё поўнае апраўданне…”

З 23 снежня Міхаіл Жамчужны знаходзіўся ў штрафным ізалятары Горацкай калоніі №9, але апошнія лісты палітвязень напісаў Леаніду Свеціку ўжо з Магілёва і Віцебска.

«Зараз я знаходжуся ў Магілёўскай турме на этапе ў Віцебскі СІЗА №2, – паведаміў Міхаіл у сваім першым лісце. – Па выніках маіх заяў і скаргаў у розныя інстанцыі, пачынаючы са Следчага камітэта і заканчваючы Адміністрацыяй прэзідэнта, нарэшце пачалося папярэдняе раследванне па маіх справах.

Мяне выклікаў следчы на допыт, размова, магчыма, ідзе пра маё поўнае апраўданне па ўсіх трох прысудах. І я гэтую сітуацыю паспрабую выкарыстаць па максімуму, хаця, відаць, не паспею ўсё зрабіць за той тэрмін, што мне застаўся адсядзець. А гэта – каля года».

Са слоў Леаніда Свеціка, займацца папярэднім раследваннем будзе упраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці. Відаць, Жамчужны даказаў, што ранейшае следства вялося з парушэннем працэсульных законаў,

«Другі ліст Жамчужны даслаў ужо з Віцебска, – адзначае праваабаронца. – Піша, што ў параўнанні з Горацкай калоніяй і ў Магілёўскай турме, і ў Віцебскім СІЗА умовы ўтрымання значна лепшыя. У камеры па яго просьбе знаходзіцца адзін.

Міхаіл не паведамляе, колькі будзе ў СІЗА, але сітуацыя змянілася, і гэта яго крыху ўзбадзёрыла. У Горацкай калоніі ён нават людзей не бачыў, бо пастаянна знаходзіўся ці ў ПКТ, ці ў ШІЗА. Такая ізаляцыя вельмі складана пераносіцца, калі не можаш ні з кім перакінуцца словам».

Міхаіл Жамчужны напісаў таксама, што ў апошні час адміністрацыя Горацкай калоніі вынесла яму больш за 70 парушэнняў рэжыма за адмову накіроўвацца ў атрад, дзе адбывалі пакаранне асуджаныя з так званым нізкім статусам.

***

Заснавальнік «Платформ Інавэйшн» Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.