23 июня 2024, воскресенье, 5:26
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

«Вы выратавалі Эўропу»

5
«Вы выратавалі Эўропу»

У Нармандыі Зяленскі пакланіўся вэтэрану-амэрыканцу, сыну выхадцаў зь Беларусі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў часе свайго ўдзелу ў цырымоніі з нагоды 80-й гадавіны высадкі войскаў саюзьнікаў у Нармандыі падзякаваў амэрыканскаму вэтэрану Другой усясьветнай вайны Мэлвіну Гурвіцу за выратаваньне Эўропы ад фашызму, паведамляе «Радыё Свабода».

Як паведаміла выданьне nytimes.com, эмацыйная размова амэрыканскага вэтэрана і ўкраінскага прэзыдэнта трансьлявалася на вялікіх экранах пад воплескі тысяч людзей, якія сабраліся на пляцы Амаха ў Нармандыі (Францыя) 6 чэрвеня, каб адзначыць 80-ю гадавіну падзеі ў часе Другой усясьветнай вайны.

Калі кіраўнікі замежных дэлегацый віталі вэтэранаў Другой усясьветнай вайны, Мэлвіну Гурвіцу спачатку паціснуў руку прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо. Ён жа прадставіў амэрыканскаму вэтэрану прэзыдэнта Ўкраіны.

Уладзімір Зяленскі і Мэлвін Гурвіц, Нармандыя (Францыя), 6 чэрвеня 2024

Калі Зяленскі працягнуў руку для вітаньня, Мэлвін Гурвіц паспрабаваў яе пацалаваць. Прэзыдэнт Украіны не дазволіў гэта зрабіць і эмацыйна выгукнуў: «Не-не-не!», прысеў на калені перад вэтэранам і абняў яго.

«Вы выратавалі народ», — сказаў 99-гадовы Мэлвін Гурвіц Зяленскаму, а той яму адказаў: «Не-не-не, гэта вы выратавалі Эўропу. Вы наш герой».

Мэлвін Гурвіц – амэрыканскі вэтэран Другой усясьветнай вайны, сын выхадцаў зь Беларусі. 6 чэрвеня 2024, Нармандыя, Францыя

Асобу Мэлвіна Гурвіца пацьвердзіла ягоная стрыечная пляменьніца Сара Гурвіц Робі. Яна паведаміла, што яе дзядзька прысутнічаў на цырымоніі ад імя Best Defence Foundation — некамэрцыйнай арганізацыі, якая арганізоўвае сустрэчы для вэтэранаў Другой усясьветнай вайны. Паводле арганізацыі, Мэлвін Гурвіц быў прызваны ў 8-ю ваенна-паветраную армію ЗША і служыў у якасьці радыста на В-17, масіўным бамбавіку, вядомым як Лятучая крэпасьць.

Пазьней Шымон Брыман — ізраільскі журналіст, які паходзіць з Харкава (Украіна), на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў, што Мэлвін Гурвіц зьяўляецца сынам габрэяў Барыса (Біньяміна) Гурвіца і Раі (Рахель) Пушкінай, якія пасьля рэвалюцыі 1917 году ўцяклі зь Віцебску ў ЗША.

«У Балтыморы ў 1920–1926 гадах у іх нарадзіліся чатыры сыны. Адзін зь іх — Мэлвін Гурвіц, 1925 году нараджэньня, вырас і паступіў у каледж, але ў 1943-м яго прызвалі ў армію, прайшоў падрыхтоўку ў навучальных цэнтрах армейскай авіяцыі і з 1944 году ваяваў стралком-радыстам на B-17 „Лятучая крэпасьць“», — напісаў ён.

Паводле Шымона Брымана, бамбавік Мэлвіна Гурвіца B-17 меў жартоўную мянушку «Дэзарганізаваная блытаніна» і ажыцьцявіў чатыры баявыя вылеты. Зімой і вясной 1945 году самалёт Гурвіца дастаўляў харч жыхарам Галяндыі, якія галадалі, і вяртаў з Аўстрыі францускіх палонных.

«Па вяртаньні ў ЗША экіпаж пачаў трэніроўкі на B-29 для падрыхтоўкі да вайны ў Японіі, але ў чаканьні адпраўкі на Ціхі акіян вайна закончылася. Мэлвін Гурвіц шчасьліва стварыў сям’ю, якая і цяпер атачае яго любоўю. У сакавіку 2024 году ён адзначыў 99-ы дзень нараджэньня палётам на баявым самалёце часоў свайго юнацтва», — расказаў Шымон Брыман.

Написать комментарий 5

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях