18 мая 2024, суббота, 9:56
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Мост перад калючым дротам

1
Мост перад калючым дротам

Гэтага варта было чакаць. Яшчэ толькі абвешчана грамадская ініцыятыва “Еўрапейская Беларусь”, а наш спрадвечны скепсіс ужо набірае моц. І сапраўды, навошта нам чарговая палітычная кампанія? Колькі іх было! І подпісы збіралі. І ў грамадзянства БНР запісвалі. І чым усё тое скончылася?

Так, нічым. Сышло ў пясок. А гэтым разам усё будзе інакш? Ёсць гарантыі?

На вялікі жаль, няма. У краіне нашай ужо два стагоддзі ніхто нічога гарантаваць не можа. Бо тут не Еўропа. Ад яе мы адасоблены надзейна калючым дротам і кантрольна-следавай паласой мяжы. Па гэты бок – зусім іншае жыццё. І замест гарантый тут уладай прапануецца стабільнасць. Амаль тая, што на могілках. Або ў турме.

Кожны дзень – адно і тое ж. І ньюсмейкер тут – адзін і назаўсёды. Ён ведае, што трэба нам усім разам і паасобку кожнаму. Найперш, не збірацца больш за трох і на вуліцу без дазволу не выходзіць. Не лезці ў бескантрольны інтэрнэт. Не слухаць чужое радыё. Не купляць замежнага. Насіць усё толькі тутэйшае. І глядзець яму ў рот, чакаючы далейшых указанняў.

Калісьці партыя абяцала да 1980 года пабудаваць народу камунізм. Шчасце, інакш кажучы. Дурная была партыя. Ёй не ставала крэатыву. Абяцаць жа трэба было стабільнасць. Яна – адзіная рэальнасць. І галоўная каштоўнасць. Яна навідавоку. Паўсюдна. З намі побач. І гэта – назаўсёды. Да скону дзён. А надакучыць, можна прыдумаць нешта яшчэ. Напрыклад, стабільнасць з плюсам. Або ў квадраце. Каб было куды расці, чаго чакаць, на што спадзявацца.

Мяжа, акрэсленая калючым дротам, - гэта не падзел паміж дзяржавамі. Гэта рубеж цывілізацый – заходняй і ўсходняй. Той, што ўпэўнена будуе сваю будучыню. І той, што даганяе заможнага суседа. І не дагоніць ніколі, бо не дазволіць калючы дрот. Ён пазначае межы зоны. А з зоны самастойна выйсці немагчыма.

Яно так. І ўсё ж – трывожна. А ці знойдзе Беларусь у тым Еўразвязе сваё месца? Ці не стане бедным родзічам, зацюканым бюракратычнасцю раўнадушнага Брусэлю? Але ж гэта ўжо залежыць ад таго, як там сябе паставіць Беларусь.

Суседняя Польшча не надта пакутвала на комплекс позняга хаўрусніка. Рашуча выказалася супраць тых брусэльскіх ініцыятыў, якія ёй не падабаліся. І не патрапіла ў кут, а набыла аўтарытэт. Але з ментальнасцю саўковай і ўсвядоміць цяжка, што сапраўды могуць зусім побач існаваць супольнасці дзяржаў, у якіх няма падзелу на роўных і раўнейшых.

Ужо колькі гадоў прайшло з таго часу, як балтыйскія нашы суседзі пайшлі ў Еўропу, а мы, памяркоўныя і абачлівыя, затрымаліся, пачакалі. І хто выйграў? Няўжо мы?..

Нешта не чуваць горкага плачу новых еўрапейцаў па бесклапотным жыцці пад кіраўніцтвам незабыўнага старэйшага брата. І нават пакрыўджаныя вайсковыя пенсіянеры чамусьці не пабеглі апантана пад абарону двухгаловага арла.

А мы ўсё яшчэ баімся. Прыдумляем глупствы, палохаючы або суцяшаючы імі адзін аднаго. А вось не пойдзем за суседзямі ўслед, а будзем мостам паміж Азіяй і Еўропай. Якая перспектыва! Во нашчадкі ўсцешацца, атрымаўшы ў спадчыну не сапраўдную дзяржаву, а нейкі недарэчны мост. Хто-небудзь бачыў ідыёта, які будуе сабе жытло на мосце?

Грамадская кампанія “Еўрапейская Беларусь” прапануе збор подпісаў за ўваходжанне краіны ў еўрапейскую супольнасць. І выйсці 25 сакавіка, у Дзень Волі, пад бел-чырвона-белымі сцягамі і сцягамі Еўразвязу. Заявіць пра сябе, як пра народ Еўропы. Пацвердзіць той цывілізацыйны выбар, які быў зроблены ў 1918-м, калі першы, сапраўды народам створаны ўрад, абвесціў усяму свету пра аднаўленне нашай тысячагадовай дзяржаўнасці.

Ужо дзевяноста гадоў маглі б жыць беларусы ў вольнай уласнай дзяржаве. Але і ў той час, як і сёння, героі пайшлі змагацца за Бацькаўшчыну, а памяркоўная, абачлівая большасць па даўняй завядзёнцы засталася чакаць, куды пагоняць. А гоняць заўсёды ў адным накірунку – за калючы дрот.

Дык можа, пакінем неўтаймаваны наш скепсіс на печы, дзе мы так доўга сядзелі, і прыслухаемся да голасу тых, хто ў гэтай глухой, маўклівай краіне наважыўся некага некуды клікаць? Тут недалёка – у Еўропу. У тую супольнасць цывілізаваных дзяржаў, якая адна толькі можа гарантаваць і нашу незалежнасць, і свабоду, і нашы правы, пра якія паціху мы пачынаем ўжо забываць.

Якія тутэйшыя заваёвы баімся мы страціць? Дабрабыт жабракоў? Стабільнасць турэмнай зоны? Кантрактную сістэму, якая надзейна забяспечвае вылет з воўчым білетам? Або тую адмысловую незалежнасць, што залежыць наўпрост ад таго, з якой нагі ўстане заўтра найвышэйшае кіраўніцтва? Чаго мы баімся?

Еўропа даўно ўсвядоміла, што чакае народ, за якога думае фюрэр. І зрабіла ўсё магчымае, каб за народ думаў толькі народ. А нам чамусьці ўсё яшчэ не стае рашучасці зразумець, што становішча наша зусім незайздроснае. Рана ці позна зразумець давядзецца, што жыццё ў азіяцкім бяспраўным улусе – сорам і ганьба. І марныя спадзяванні, што плошча нас абміне. І нехта прыйдзе на дапамогу. І неяк яно ўсё будзе.

Не будзе!..

Без нас нічога не будзе.

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях