18 мая 2024, суббота, 9:31
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Бюракратычныя фокусы

Дзве значныя падзеі адбыліся ў Беларусі. Іх маглі і не заўважыць у святочнай мітусні. Што было б несправядлівасцю неверагоднай. Бо тыя падзеі толькі на першы погляд паныла бюракратычныя. А па сутнасці – вартыя самых узнёслых слоў і ўвагі ўсенароднай. Няма ў краіне нашай чалавека, якога б яны так або інакш не закраналі.

Амаль дзевяноста гадоў шостая частка свету марыла аб гэтым. Бачыла ў самых светлых снах. А на яве, сутыкаючыся з жорсткай рэчаіснасцю, стварала злыя анекдоты пра тое, як усё будзе насамрэч. Недасягальная мэта. Нерэальная фантазія. Не дажывем. Не ўбачым. І ўнукі-праўнукі – наўрад…

І раптам – падарунак! Вялікі. Нечаканы. Народу – ад улады. Ад таго самага рэжыму, пра які было сказана столькі несправядлівых слоў. А ён, рэжым, узяў ды адмяніў ненавісны ўсім інстытут прапіскі. Перажытак савецкага часу. А заадно – і ганебны штампік у пашпарце пра дазвол на выезд за мяжу. Дзе хочаш, там жыві. Куды хочаш, туды едзь. Калі гэта не дэмакратыя, тады – што?..

Як высвятляецца, усяго толькі подпіс пад адпаведным дакументам аддзяляў нас ад сапраўднага шчасця. І ўжо не зразумець, навошта было марудзіць столькі дзесяцігоддзяў? Навошта было здзекавацца над калгаснікамі, пазбаўляючы іх пашпартоў, ператвараючы іх у прыгонных? Дзеля чаго столькі людзей у савецкія часы кінулі за краты па артыкуле аб парушэнні пашпартнага рэжыму? А дакладней, усё той жа прапіскі. Дзеля якога ражна так прыніжалі патэнцыйных кандыдатаў на паездку за мяжу, прапускаючы іх праз камісіі старых маразматыкаў, якія настойліва дапытваліся ў тых бедалаг, а хто ж кіруе кампартыяй у Конга і якая назва газеты камуністаў Гандураса?

А тут падпісалі нейкую паперку і ў народа – свабодны выезд за мяжу. І свабодны выбар месца жыхарства ў сваёй краіне. І нічога надзвычайнага не здарылася. Не абрынулася неба на зямлю. Не рушылі натоўпы ў бок мяжы.

Карэспандэнт радыё “Свабода” паспяшаўся на вуліцу, у масы, але чаканага энтузіязму не сустрэў. Хутчэй наадварот. Людзі дэманстравалі неверагодны скептыцызм. Адменена прапіска? Дык замест яе – рэгістрацыя. А колькі яна патрабуе розных папер! Ды яшчэ замест ранейшых дванаццаці метраў для прапіскі гэта рэгістрацыя патрабуе ажно дваццаць. Дык што гэта па сутнасці? Адмена ці падмена?

І з дазволам на выезд, нібыта скасаваным, не ўсё так проста. Сапраўды, штампіку ў пашпарце памежнік патрабаваць не будзе. Але ў нейкіх спісах пашукае прозвішча. Хто і за якія грахі патрапіў у іх – паспрабуй даведацца!

А можа, спісы тыя не вартыя ўвагі? І улада сапраўды да нечага імкнецца? Таксама хоча ў краіне тое-сёе да лепшага змяніць. Без рэвалюцый, забурэнняў паціху рухацца ў бок цывілізацыі. Не ўсё ж адразу. Нейкі закон прынялі. Нейкую пастанову адмянілі. Паперку падпісалі. Назапашваем патроху. Рыхтуем славуты пераход колькасці ў якасць. Хіба не на гэта нас падштурхоўваў і Захад? Крок за крокам – да дэмакратыі. Шляхам згоды. Як там ні круці, а факт застаецца фактам. Прапіску адмянілі. І штампік у пашпарце аб дазволе на выезд таксама страціў сілу. Дык што ж перашкаджае нам узрадвацца шчыра і павіншаваць адзін аднаго з неверагоднай перамогай? Дробязі. Бюракратычны фокус з рэгістрацыяй. І спіс на памежным пераходзе. Банк дадзеных, кажучы высокай мовай дакумента. Ёсць шмат падстаў патрапіць у той банк. Нават грамадзянскі іск, справа па якому не завершана, дае магчымасць спыніць чалавека на мяжы. А судовая практыка у краіне нашай, як шмат каму вядома, адметная і непрадказальная. Каго заўгодна можна трымаць гадамі на кручку. Знойдзены выдатны сродак барацьбы з усімі тымі, каму не падабаецца існуючы рэжым. А знешне ўсё прыстойна – адзнакі ў пашпарце няма! Як некалі казаў незабыўны правадыр, па форме правільна, а па сутнасці – здзек. Шыкоўны падарунак улады тоіць у сабе маленькі сакрэт. І ён ператварае ў нішто на першы погляд сапраўды істотную падзею.

Адмена і падмена - не адно і тое ж.

Нічога новага ў юрыдычнай практыцы вынаходнікі рэжыму не адкрылі. Была ўжо незабыўная сталінская канстытуцыя. Колькі слёз замілавання выклікаў яе дэмакратызм у замежных прыхільнікаў савецкай улады. Пра слёзы знішчаных і растаптаных той уладай шмат хто не ведаў і ведаць не хацеў.

Няўжо і гэтыя некага падмануць?

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях