3 мая 2024, пятница, 20:07
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Грымяць усё тыя ж барабаны

10
Грымяць усё тыя ж барабаны

Дзевяноста адзін год прайшоў з таго шалёнага кастрычніка. Здаецца, апошні дурань зразумеў, куды вядзе тая крывавая дарога. Але Беларусь дзяржава незвычайная. Чорны дзень календара тут – вялікае свята.

На Беларусі – усё тое ж. Чарговыя арышты. Спецназаўцы схапілі ў Мінску трох дзяўчат і двух хлопцаў. Наста Палажанка, Таццяна Шапуцька, Наста Лойка, Антон Русін і Аляксей Янушэўскі былі кінутыя ў спецразмеркавальнік на Акрэсціна на трое сутак. Гэтыя пяцёра маладых актывістаў здзейснілі, на погляд улады, жахлівы ўчынак. Перад сталічнай гэбухай, каля помніка жалезнаму Феліксу, 7 лістапада разгарнулі расцяжку. А на расцяжцы – жудасныя словы: “Камунізм пад трыбунал!”

У іх падтрымку маладзёны ў Полацку і ўвогуле ўчынілі штосьці неверагоднае. Узнялі сцяг. Бел-чырвона-белы. Той самы, які не так і даўно быў дзяржаўным. Пад якім нават войска краіны прымала прысягу. Нечуваная крамола! І час выбралі для дзёрзкай акцыі не абы які – 91-я ўгодкі Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. А яна ж, рэвалюцыя тая, і ў Мінску адбылася ў той жа дзень, што і ў Петраградзе. Гэты факт засведчаны мемарыяльнай дошкай на старым доме насупраць Міхайлаўскага сквера. Праўда, у парыве саматужнага натхнення забыліся пазначыць, што нават вестка пра петраградскія падзеі дайшла ў Мінск толькі позна ўвечары наступнага дня. Але ж гэта ўсё – такая дробязь. У параўнанні з тым, што мы – першыя. Дробязь, вядома, і тое, што бальшавісцкі вэрхал тут узнялі тады таварышы Мяснікян, Ландэр, Кнорыньш, Алібегаў. Мабілізаваныя на фронт з розных куткоў Расіі, яны ўладкаваліся няблага ў тылавым Мінску. Ніякія беларусы побач з імі і блізка не стаялі.

Болей таго, калі абраныя народам дэлегаты з’ехаліся на Першы Усебеларускі кангрэс, іх штыхамі і прыкладамі разагналі пасланыя Мяснікянам салдаты. А шмат каго тады кінулі ў турму. Найноўшая ўлада Беларусі старанна захоўвае тыя бальшавіцкія традыцыі. Моладзь, якая толькі разгарнула расцяжку, імгненна пайшла за краты. А дзяды з былых наменклатуршчыкаў і расійскія асаднікі, якія пасля выхаду Савецкай Арміі з краін Усходняй Еўропы ў вялікай колькасці засталіся ў Беларусі, бесклапотна крочылі па галоўнай плошчы сталіцы. Яны ішлі да свайго Леніна. Неслі стары бэсэсээраўскі сцяг. Чамусьці дагары нагамі. І партрэт Сталіна. У Беларусі, дзе цяжка знайсці сям’ю, якую б не закранула хваля сталінскіх рэпрэсій, партрэт ката на плошчы Незалежнасці – неверагодная абраза. Але пачуцці нашчадкаў сталінскіх вертухаяў для сённяшняй улады даражэй. Яны ж таксама – з таго шыняля. А таму, на здзіўленне суседзяў, мы застаемся і надалей апошняй краінай Еўропы, дзе гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі – чырвоны дзень у календары. Шмат хто і не ўяўляе нават, што святкуе.

У першыя гады пасля развалу чырвонай імперыі, калі спалоханыя гэбісты крыху прыадчынілі дзверы сваіх архіваў, беларускім кінадакументалістам удалося здабыць цікавы дакумент. Пратакол канфіскацыі маёмасці звычайнай сялянскай сям’і. Вясковец з Лепельшчыны быў абвешчаны кулаком. І падлягаў высылцы ў Сібір. Нейкі пісарчук па загаду чэкістаў старанна пералічыў маёмасць багацея. “Хамутоў -2, кажухоў – 1, пасцілак – 2, рушнікоў – 4, жаночых чобатаў з падкоўкамі -1 пара, лапцей – 3 пары”. Які цудоўны спосаб знайшлі камуністычныя правадыры, каб пабудаваць для народа справядлівае грамадства. Трэба ўсяго толькі абрабаваць і знішчыць адных на карысць астатніх. Цікава толькі, ці прынёс каму шчасце кажух таго раскулачанага селяніна? Хто данасіў чобаты жаночыя з падкоўкамі? І як пралетарская ўлада падзяліла лапці?

Дзевяноста адзін год прайшоў з таго шалёнага кастрычніка. Здаецца, апошні дурань зразумеў, куды вядзе тая крывавая дарога. Толькі тут грымяць усё тыя ж барабаны. І прывід даўняй рэвалюцыі блукае ў хісткім натоўпе дзядоў і бабулек, якія цягнуць па плошчы Незалежнасці найдаражэйшы свой абраз – выяву д’ябла. І дзеля іх спакою і задавальнення за краты кідаюць хлопцаў і дзяўчат – надзею нацыі. Дваццаць першае стагоддзе на двары. А тут – нейкае бальшавіцкае сярэднявечча. Старэчае здранцвенне. Бясконцы недарэчны сон.

Нават начальнік краіны не ўтрымаўся. Напярэдадні выказаўся наконт надыходзячага свята. Беларуская дзяржава, бачыце, ўзнікла дзякуючы той незабыўнай рэвалюцыі. Хто б спрачаўся! Ёсць жа нават красамоўныя дакументы. Яны выразна сведчыць пра тое, якога кшталту шчасце прынесла рэвалюцыя простаму беларусу. Вось адно з тых сведчанняў.

“Ссыльных кулакоў усё падвозілі, набівалі ў прамёрзлыя вагоны-цялятнікі, па сорак чалавек, замыкалі дзверы. Хаця нас у вагоне было шмат, мы не здолелі ў лютаўскі мароз сагрэць сабою памяшканне. Абутак прымярзаў да лёду, які ляжаў тоўстым слоем на падлозе. На столі хутка з’явіўся іней. У нашым вагоне было двое немаўлят і пяць дзяцей ва ўзросце ад двух да васьмі год. Нашу трохмесячную дачку жонка сагравала сваім целам. А каб высушыць і нагрэць пялюшкі, проста абварочвала іх вакол свайго цела. Бутэлька з малаком для дачкі лопнула. Малако стала кавалкам лёду. За восем дзён дарогі памерлі два немаўляткі. Але не вытрымлівалі не толькі дзеці”.

Не, гэта – не пекла. І не дарога ў Асвенцым. Гэта родная савецкая ўлада спрабуе зрабіць шчаслівымі беларусаў. А дзеля такой высакароднай ідэі трэба знішчыць вялікую частку тых, хто светлым ідэалам камуністычнай будучыні не адпавядае. Іншага шляху ў будучыню тая рэвалюцыя не ведае.

Горацкі селянін, які напісаў вышэйзгаданыя радкі, добра разумеў, што з Турынскай тайгі нікому з іх жывым не выйсці. Ён узяў дзіця на рукі і разам з жонкай падаўся ва ўцёкі. Праз снягі і балоты. Праз гулагаўскія пасты і аблавы. І не спыніўся, пакуль не пакінуў гэтую дзікую краіну. Яго даўно няма на свеце. Застаўся толькі гэты дакумент, які чакае разгляду ў трыбунале. І трыбунал павінен быць. Бо лёс горацкага селяніна – адзін з соцень тысячаў. Калі не мільёнаў беларусаў, знішчаных савецкай уладай у імя няведама чаго.

Наста Палажанка, Таццяна Шапуцька, Наста Лойка, Антон Русін, Аляксей Янушэўскі і іх полацкія аднадумцы, маладзюткія хлопчыкі і дзяўчаткі, добра разумеюць, што вінаватыя ў цяжкіх злачынствах супраць беларускага народу павінны панесці пакаранне. Хоць і запозненае безнадзейна. І ўсяго толькі маральнае. І яны патрабуюць трыбуналу. А высокае чынавенства, старое і замшэлае, гэтага не разумее. Або не хоча разумець. І з бальшавіцкай упартасцю непакорлівых кідае за краты.

Заступіцца за іх некаму. Паводле спісаў Еўразвязу тут палітзняволеных няма. І паціху, спакваля ўлада можа зноў кідаць няўгодных у турму. Выключаць студэнтаў з універсітэтаў. Ламаць маладым жыццё. Пазбаўляць магчымасці жыць і працаваць у сваёй краіне.

Беларусь дзяржава незвычайная. Чорны дзень календара тут – вялікае свята. Для ўлады і пэўнай часткі грамадства гэта бясспрэчны факт. Каб пераканаць у тым астатніх, патрабуецца спецназ.

Написать комментарий 10

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях