19 мая 2024, воскресенье, 2:31
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

АЭС: шаг для создания ядерной бомбы

9

Наши «атомщики», многие их которых, к сожалению, не имеют ни образования в ядерной области, ни желания анализировать опыт мира, все же бубнят: нам нужно иметь свою АЭС. Нужно ли соглашаться на это?

Вучоныя Новасібірскага аддзялення Расійскай Акадэміі навук, шукаючы перспектывы развіцця атамнай энергетыкі на сто год наперад, прааналізавалі сусветны вопыт у гэтай галіне, а разам і альтэрнатывы порсткаму "мірнаму атаму".

Адразу зазначу: пасля чарнобыльскай катастрофы будаўніцтва АЭС у свеце крута пайшло на спад. У тым ліку і расійскія вучоныя прыйшлі да высновы: у атама няма перспектыў! І гэта важна ўцяміць кожнаму! Пра гэта ж наглядна сведчыць і дыяграма, складзеная прафесарам А.Нячаевым. А вось лічбы. Толькі за 1971—1998 гады, па дадзеных МАГАТЭ, прыпынена будаўніцтва 21 рэактара і пастаўлены крыж на будаўніцтве 67 запланаваных.

Прыкладна 30 гадоў таму МАГАТЭ разлічвала будаваць штогод больш за 170 атамных блокаў, а цяпер ужо мусіць радавацца, калі выпадае 3—4 блокі ў год.

Апошнім часам атамныя электрастанцыі будуюць у асноўным дзяржавы не дужа развітыя, і то пераважна з канфліктных рэгіёнаў. Дзякуючы гэтакай нячыстай сіле яны хацелі б выправіць альбо павысіць сваё становішча ў свеце, задаволіць амбіцыі.

Адсюль і мэта: напрацаваць на рэактарах свой плутоній і потым стварыць або, стварыўшы, нарошчваць на ім ядзерную зброю. Гэта — Кітай, Іран, Турцыя, Індыя, Пакістан, Паўночная Карэя, Аргенціна, Бразілія… Магчыма, не з'яўляецца выключэннем з гэтага шэрагу і Беларусь. Можа, дзеля гэтага і робяцца высілкі?

Між тым, адмаўляюцца ад будаўніцтва новых АЭС такія краіны, як ЗША, якія даўно маюць атамную зброю, альбо такія, якія не збіраюцца яе набываць, — Германія, Францыя, Японія… У Іспаніі, Швецыі, да прыкладу, сёння — тэндэнцыя на ліквідаванне АЭС наогул. У Італіі атамныя станцыі спынены.

У заканадаўстве шэрагу краін уведзена забарона на развіццё і выкарыстанне атамнай энергетыкі ў будучым — тая ж Германія, Бельгія, Аўстрыя, Данія. На долю АЭС цяпер прыпадае ўсяго 3—4 працэнты электраэнергіі ад той, якая выпрацоўваецца ў свеце.

Нядаўна ў Менску адбылася нарада ініцыятыўнай групы дасведчаных у энергетычнай галіне асоб і грамадскіх дзеячаў, якія абмеркавалі прынятае Саветам бяспекі Рэспублікі Беларусь рашэнне ад 15 студзеня 2008 года аб будаўніцтве ў краіне атамнай электрастанцыі.

З аналізам перадумоў для такога стратэгічнага кроку ў эканамічным і гаспадарчым жыцці краіны выступілі вучоныя Віктар Пяшко, Георгій Лепін, Ягор Фядзюшын, Мікалай Лаўрэнцьеў, Валянцін Ламан, Мікалай Панцішын, а таксама эколаг-публіцыст Валеры Дранчук і аўтар гэтых нататак.

Дыскусія выявіла шмат прыкрых момантаў.

Па-першае, рашэнне Савета бяспекі грубейшым чынам парушае патрабаванне Орхускай канвенцыі, падпісанай урадам нашай краіны. Гэтай канвенцыяй прадугледжваецца ўзгадненне падобнага кроку з грамадскасцю, абмеркаванне праекта яшчэ на этапе тэхніка-эканамічнага абгрунтавання (ТЭА) у друку і правядзенне нацыянальнага рэферэндуму. А ў нас што? Дзяржаўныя СМІ друкуюць толькі артыкулы тых, хто выступае за будаўніцтва АЭС, і не даюць слова апанентам. Пра рэферэндум і размовы няма. Што гэта?.. Наважваюцца завезці ў наш агульны дом бомбу і не пытаюцца дазволу ў людзей.

Па-другое, Савет міністраў Рэспублікі Беларусь з дзесятак гадоў таму, па рэкамендацыі “палаты прадстаўнікоў”, у якой тады абмяркоўвалася пытанне аб будаўніцтве АЭС, утварыў Урадавую камісію па ацэнцы мэтазгоднасці развіцця ў Беларусі атамнай энергетыкі (распараджэнне №88р за 1.03.1998 г.). У яе ўвайшлі як прыхільнікі ядзернай канцэпцыі, гэтак і апаненты, усяго 34 асобы.

І пасля працяглага даследавання праблемы Урадавая камісія прыйшла да высновы, што дзяржаве належыць "максімальна выкарыстоўваць наяўныя рэсурсы для рэалізацыі энергазберагальных тэхналогій, выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі, рэканструкцыі і будаўніцтва парагазавых установак".

І далей:

"У бліжэйшыя 10 год немэтазгодна пачынаць будаўніцтва атамнай электрастанцыі, але неабходна працягваць працу па развіцці атамнай энергетыкі ў будучыні".

Пры падпісанні дакумента, праўда, выявіўся разнабой у думках: частка сябраў камісіі была незадаволена апошняй фразай, і таму ў іх з'явілася абачлівая прапанова: у пункце 2, дзе "неабходна працягваць", — запісаць "магчыма падоўжыць навуковыя работы", і подпісы: Ермашкевіч, Ігнацішчаў, Лепін, Несцярэнка, Савановіч, Смоляр, Цяўлоўскі.

У заключным дакуменце быў і яшчэ адзін пункт. Урадавая камісія рэкамендавала Савету міністраў і НАН Беларусі распрацаваць і ва ўстаноўленым парадку ўнесці ў “палату прадстаўнікоў” на разгляд праект закона "Аб выкарыстанні атамнай энергіі".

Прайшоў час, і цікава, што ж мы маем на сённяшні дзень?

Маратор на будаўніцтва АЭС заканчваецца 28 красавіка 2009 года, пазіцыя аб распрацоўцы альтэрнатыўных відаў энергетыкі не выканана, і гэта падобна ўжо на выклік грамадству.

Сапраўды, тагачасныя кіраўнікі ўрада, дзеячы з профільных устаноў і НАН Беларусі, якім урад даў канкрэтнае даручэнне займацца альтэрнатыўным энергазабеспячэннем, пальцам не паварушылі, каб зрабіць хоць што-небудзь. Ці ж не яны, гэтыя дзеячы, разам з апантаным "аэсаўцам" Міхалевічам масцілі і мосцяць шлях да "атамнай бомбы, якая дае электрычнасць" (словы акадэміка Капіцы). У іх, далібог, усе спадзяванні на "бомбу", якая, выбачайце, стане звышнебяспечнай мінай для краіны і затармозіць, калі не паралізуе, развіццё эканомікі на доўгі час.

Меркаванне: урад краіны павінен у аператыўным парадку ўзнавіць працу Камісіі па ацэнцы мэтазгоднасці развіцця ў краіне атамнай энергетыкі.

У дырэктыўным парадку будаўніцтва АЭС у Беларусі можа быць распачата, але ці будзе яно завершана? Ці вытрымае шалёныя затраты эканоміка? Выдаткі ж нікім усур'ёз не падлічаны, не распрацаваны бізнес-праект. Наколькі мне вядома, Інстытут эканомікі НАН Беларусі застаўся ўбаку ад такой важнай справы. А за сем апошніх гадоў кошт ядзернага паліва ўзрос у 21 раз, у той час як прыроднага газу — у тры разы, і не выключана, што кошт уранавых зборак на момант умоўнага адкрыцця атамнай электрастанцыі удзесяцярыцца. Наогул, на той час, калі плануецца адкрыццё "нашай" АЭС, запасы ўрану, магчыма, буць амаль вычарпаныя.

Як паказвае сусветны вопыт, закрыццё і ліквідацыя АЭС каштуюць столькі ж, колькі і яе будаўніцтва, што варта таксама мець на ўвазе.

А падрыхтоўка плоймы спецыялістаў з нуля?..

Жахліва падумаць, куды цягнуць нас людзі, агаломшаныя ідэяй "уласнай" АЭС на беларускай зямлі. Выбух на Чарнобыльскай АЭС даў не дзесяткі-сотні, а многія тысячы ахвяраў! Зрэшты, гэта ж і падказала свету зрабіць ход назад. Толькі ў нас ніхто нічому не вучыцца.

Возьмем, нарэшце, бяспеку і энергетычную незалежнасць краіны. І тут ні пра што добрае, слушнае, існае гаварыць не даводзіцца. Наадварот.

Амерыканскі вучоны Сімур Мелман называе атамную энергетыку, калі не дзеля грымучай справы яна развіваецца, "вытворчасцю без прыбытку", і кніга ў яго носіць гэткую ж назву.

Меркаванне: яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз "Чарнобыль" прапанаваў ААН рэфармаваць структуру МАГАТЭ ў міжнародную службу, якая б займалася прапагандай і развіццём альтэрнатыўных відаў энергетыкі. Наспеў час нашай грамадскасці абмеркаваць і, магчыма, зрабіць падобную прапанову паўторна.

Жарэс Алфёраў, расійскі акадэмік, які закончыў школу ў Менску, выдаў у свой час для чалавечай супольнасці свае яскравыя падлікі: "Калі б на развіццё альтэрнатыўных крыніц энергіі было выдаткавана толькі 15 адсоткаў тых сродкаў, якія выкідваліся на развіццё атамнай энергетыкі ў СССР, то АЭС для вытворчасці электраэнергіі наогул не спатрэбіліся б".

За апошнія гады ў свеце актыўна пачала развівацца альтэрнатыўная энергетыка — сонечная, асабліва ветравая. Экалагічна вытворчасць электрычнасці і цяпла тут зусім чыстая, не трэба мудрыць з бомбай. Усё гранічна проста… Беларусь — пагоркавая краіна, і ў беларускіх цеплаэнергетыкаў ужо ёсць распрацоўкі і слушныя меркаванні па развіцці ветравой рухаючай сілы, нават пры ціхай плыні паветра. Балазе Нямеччына прапаноўвае тут свае паслугі.

А вось энергазберагальныя тэхналогіі, пры ўмове, што імі ў нас, нарэшце, зоймуцца, дадуць нам 30—40, а ў некаторых выпадках і болей адсоткаў эканоміі электраэнергіі. На Захадзе лічыцца, што інвестыцыі ў энергазберажэнне прыкладна ў 4 разы больш эфектыўныя, чым стварэнне новых генерыруючых электрычнасць магутнасцяў. Але спецыялісты на гэтую справу ў нас пакуль не наваліліся. У іх не хапае сродкаў на абнаўленне тэхналогій. Затое ў кіраўнікоў галіны "ёсць грошы" на будаўніцтва суперзатратнай і кабальнай для краіны атамнай станцыі.

Гарачыя прыхільнікі і ініцыятары будаўніцтва АЭС у нашай краіне, пачынаючы з Аляксандра Міхалевіча, чалавека, імпэт якога ў расквечванні аргументаў на карысць АЭС проста такі здзіўляе, і заканчваючы спікерам “палаты прадстаўнікоў”, цяпер наогул адмаўляюцца адказваць на пытанні і аргументы сваіх апанентаў. І тут ствараецца небяспечная сітуацыя эканамічнай і экалагічнай асуджанасці народа.

Усё паказвае на тое, што Савет бяспекі Рэспублікі Беларусь сваім беспрэцэдэнтным рашэннем аб будаўніцтве АЭС у Беларусі стварае не бяспеку для свайго народа, а рыхтуе ядзерную прорву і яшчэ большую, чым цяпер, нястачу, рыхтуе пастку, у якой неўзабаве апынуцца нашы дзеці і ўнукі, вымушаныя расплачвацца за пазыкі.

У мэтах процістаяння невуцтву, беспадстаўным міфам аб таннасці ядзернай энергетыкі, дзеля процістаяння атамнай алігархіі ды растранжырванню народных сіл і сродкаў запачаткаваны грамадскі рух "За бяз'ядзерную энергетыку Беларусі".

Арганізатары дыскусіі разлічваюць на падтрымку гэтага руху шырокім колам вучоных, грамадскіх дзеячаў і грамадзян краіны.

Написать комментарий 9

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях